18.09.2024
В Кореличах состоялось торжественное мероприятие, посвященное Дню народного единства
Выставы і стэнды
17 верасня а 15 гадзіне ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці ўрачыста і шматлюдна. На першым паверсе ўдзельнікаў урачыстасці сустракалі выставы грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый раёна.
Спыняюся каля першай — Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі. Сакратар Марыя Уладзіміраўна Беленава адзначае:
— 17 верасня — дзень нараджэння нашай беларускай дзяржаўнасці. Я адчуваю гонар за сваю краіну, якая дасягнула высот у эканоміцы, культуры і іншых сферах. Хочацца выказаць задавальненне тым, што жыву ў мірнай краіне. Ганаруся тым, што няма міжнацыянальных і міжканфесіянальных разладаў, захоўваюцца традыцыйныя каштоўнасці. Моцна ганаруся сваімі землякамі, якія ўносяць вялікі ўклад у развіццё краіны, вобласці, раёна. Наша галоўная падзяка — годна жыць і сумленна працаваць на карысць Радзімы.
Спіс удзельнікаў выстаў прадаўжаюць грамадскія аб’яднанні Карэліччыны: «Белая Русь», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Беларускі саюз жанчын», Карэліцкая раённая прафсаюзная арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама «Карэліччына турыстычная», «Дапамога побач» Карэліцкага РАНС. Увагу прыцягнулі стэнды «Выдатнікі БССР і Рэспублікі Беларусь», «Гэта наша з табою гісторыя», «Дэлегаты настаўніцкіх з’ездаў» і іншыя.
Ветэран працы Лідзія Іосіфаўна Нагорная прызнаецца, што яна ўжо ў захапленні:
— Цудоўна арганізаваны выставы арганізацый і прадпрыемстваў. Шмат нагляднай перыёдыкі, вырабы майстроў Карэліцкагаю краю — ад пернікаў да хлебнага кваса. Беларусы заўсёды вызначаліся талентамі і гасціннасцю. Урачыстасць узнімае настрой, і на душы светла і лёгка.
Сіла ў адзінстве
У вялікай зале Цэнтра культуры і народнай творчасці свята прадаўжаецца. Яго пачынаюць вядучыя ўрачыстасці:
— 17 верасня наша краіна адзначае адно з самых важных дзяржаўных свят — Дзень народнага адзінства. Гэтае свята сімвалізуе ідэю нацыянальнай згоды і згуртаванасці грамадства, у якім усе мы, грамадзяне Беларусі розных нацыянальнасцей і перакананняў, з’яўляемся адным народам, з агульным мінулым і агульным будучым. Наша краіна прайшла праз мноства выпрабаванняў, якія пераадолела дзякуючы народнаму адзінству, галоўнай апоры нашай дзяржавы, заснаванай на любові да роднай зямлі.
Слова для віншавання прадастаўляецца старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэю Гардзею:
— Паважаныя землякі!
Прыміце самыя шчырыя віншаванні з Днём народнага адзінства!
З 2021 года ў календары Рэспублікі Беларусь з’явілася новае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Дата святкавання – 17 верасня — выбрана не выпадкова: уз’яднанне беларускага народа Заходняй і Усходняй Беларусі 17 верасня 1939 года стала важнейшай падзеяй у яго лёсе, так званым актам гістарычнай справядлівасці.
Сёння мы адзначаем свята, якое сімвалізуе аб’яднанне народа і яго барацьбу за свабоду і незалежнасць. Гэты дзень нагадвае нам аб тым, што толькі разам мы можам дасягнуць вялікіх вынікаў і пераадолець любыя цяжкасці.
Пабудаваная на падмурку Перамогі дзядоў і прадзедаў у Вялікай Айчыннай вайне, дзяржава выступае асновай народнага адзінства для цяпер жывучых і развіцця будучых пакаленняў беларусаў. Працуючы сёння на карысць Рэспублікі Беларусь і Карэліцкага раёна, кожны з нас імкнецца быць годным нашчадкам нашых дзядоў і бацькоў, якія прайшлі праз цяжкія выпрабаванні вайны і даказалі самаахвярную любоў і адданасць Айчыне.
Як сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, выступаючы 17 верасня 2021 года на патрыятычным форуме, прысвечаным Дню народнага адзінства: «Уся наша гісторыя часам цяжкага і драматычнага шляху да здабыцця і захавання сваёй дзяржаўнасці не раз пацвярджала старажытную мудрасць: сіла ў адзінстве».
У нацыянальна-вызваленчым руху Заходняй Беларусі ўдзельнічалі і многія жыхары Карэліцкага раёна. Сярод іх самымі вядомымі былі Мікалай Арцюх, Уладзімір Царук, Павел Жалезняковіч.
Карэліччане ўшаноўваюць памяць аб слаўных земляках, якія верна служылі Айчыне, не баяліся аддаць жыццё ў імя адзінства беларускага народа. Іх імёны назаўсёды ўвекавечаны ў назвах вуліц, сельскагаспадарчых арганізацый.
У аснове народнага адзінства беларусаў — гістарычная памяць, прыхільнасць традыцыям і шанаванне дзяржаўных сімвалаў. Гэта ключавыя напрамкі патрыятычнага выхавання.
Патрыятызм — гэта пачуццё любові і павагі да сваёй краіны, якое праяўляецца не ў словах і лозунгах, а ў жыццёвай пазіцыі чалавека, яго ўчынках дзеля дабрабыту сваёй Радзімы.
Патрыятызм — гэта вечная каштоўнасць, якая злучае мінулае, сучаснасць і будучыню народа і з’яўляецца непарушным пастулатам нашай дзяржаўнасці.
Мы ганарымся адзінствам, згуртаванасцю і штодзённай стваральнай працай нашых працаўнікоў, якія з’яўляюцца рухаючай сілай нашага росту і развіцця на карысць моцнай і квітнеючай Рэспублікі Беларусь.
Мы не страцілі, а прымножылі ўсё лепшае, што дасталося ў спадчыну ад продкаў, здолелі пабудаваць самастойную дзяржаву і самі вызначаем свой лёс.
Мы жывём у краіне з сучаснымі тэхналогіямі, даступнай медыцынай і якаснай адукацыяй. Мы забяспечваем сябе харчаваннем і прамысловымі таварамі, будуем жыллё і аб’екты інфраструктуры, працуем і гадуем дзяцей.
Увядзенне названай даты ў памятны каляндар Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прызнаннем значнасці тых падзей. Гэта важны крок для захавання і ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа, а таксама даніна павагі яго гістарычнай спадчыне. Атрыманы досвед гаворыць нам пра тое, што жыць трэба так, каб ніколі не паўтараць памылак мінулага і заставацца моцнымі перад тварам новых пагроз і выклікаў часу, каб захаваць Беларусь такой, якой мы яе любім.
Няхай Дзень народнага адзінства нагадвае нам пра тое, што толькі аб’яднаўшыся і працуючы разам, мы зможам дасягнуць вялікіх вышынь і стварыць лепшую будучыню для нашых дзяцей і ўнукаў.
Мы ганарымся сваёй гісторыяй і культурай і імкнёмся да яе захавання і развіцця. Заставацца гаспадарамі на ўласнай зямлі і забяспечваць годнае жыццё грамадства – у гэтым сутнасць Дня народнага адзінства.
Шчыра жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, міру і згоды. Няхай у вашых сем’ях заўсёды пануюць дабро, міласэрнасць і ўзаемаразуменне!
Гэта наш гонар
На ўрачыстасці прысутнічалі нашы землякі, хто пакінуў найкаштоўнейшы след у сацыяльна-эканамічным развіцці нашага раёна ў розныя гістарычныя перыяды, чые імёны занесены ў Кнігі Славы вобласці і Карэліцкага раёна. Пад гучныя апладысменты ў гэты ўрачысты святочны дзень на сцэну раённай ўстановы культуры ўзняліся Мікалай Аляксандравіч Гавіна, Іван Пятровіч Гавака, Іван Уладзіміравіч Дзёмушкін, Ганна Аляксандраўна Жарская, Лідзія Іосіфаўна Нагорная, Таццяна Рыгораўна Арда, Дзмітрый Дзмітрыевіч Янкоўскі. Сапраўды, гэта наш гонар.
Мне давялося пагутарыць з двума славутымі землякамі, якія папоўнілі гэты залаты спіс нядаўна. Дарэчы, іх партрэты напярэдадні 17 верасня размешчаны на Алеі Славы Карэліцкага раёна. «Што для Вас азначае Дзень народнага адзінства?» — пацікавілася ў герояў сённяшняга дня Карэліччыны.
Іван Уладзіміравіч ДЗЁМУШКІН адзначыў:
— Гэта мір, а мір — гэта ўсё: дабрабыт, сяброўства… А што больш? Заробак, і мы спім спакойна. Кожны чалавек павінен быць на сваім месцы і сваёй працай услаўляць тое месца, дзе жыве. Карэліччына — багаты край на высокія дасягненні і працавітых людзей. А сённяшняя ўрачыстасць — гэта даніна павагі людзям, якія сумленна працуюць і мацуюць дабрабыт роднай краіны.
Іван Пятровіч ГАВАКА падзяліўся ўражаннямі:
— Гэта вялікае свята для беларускага народа і мяне асабіста. Сорак восьмы год як працую ў СВК «Маяк-Заполле». Разам з працаўнікамі сельскай гаспадаркі вырошчваем сельскагаспадарчыя культуры. Зямля аддзячнае за руплівасць і стараннасць: атрымліваем багатыя ўраджаі.
Умеюць працаваць і адпачываць, яны — міралюбівыя і гасцінныя. Мая праца заўважана і высока ацэнена дзяржавай: медалём «За працоўную адзнаку», сярэбраным медалём ВДНГ СССР, ордэнам Пашаны, які ўручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці, а яшчэ Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і шматлікімі ўзнагародамі.
Добрым падарункам да свята стала выступленне духавога аркестра Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ і Сяргея СТОЛЯРА
Відэа Сяргея СТОЛЯРА