25.03.2025
В Кореличах торжественно открыли Неделю детской книги
24 сакавіка ў актавай зале Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў прайшло адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі. Традыцыйна па ўсёй краіне ў канцы сакавіка праходзяць святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да свята ўсіх тых, хто чытае, хто піша і стварае выдатныя творы, выдаўцоў і бібліятэкараў. Упершыню “Кніжкіны імяніны” былі праведзены па ініцыятыве Льва Кассіля. Ён і даў тыдню дзіцячай і юнацкай кнігі такую назву.
На працягу святочнай праграмы “Бібліятэка, кніга, я – неразлучныя сябры” рабяты актыўна прымалі ўдзел у гульнях і конкурсах: адказвалі на пытанні казачнай віктарыны, з азартам адгадвалі загадкі і ўспаміналі любімых персанажаў з прачытаных казак. Кожны момант мерапрыемства быў напоўнены радасцю і смехам, а юныя чытачы з захапленнем пагружаліся ў свет літаратуры. Старая Шапакляк са сваёй Ларыскай-крыскай, Нязнайка, Баба Яга і Паштальён Печкін не далі сумаваць ні хвіліны.
Зрабіць свята адкрыцця Тыдня дзіцячай кнігі запамінальным дапамаглі навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў, якія здзівілі прысутных сваімі яркімі выступленнямі.
Доўгачаканым і хвалюючым момантам свята стала ўзнагароджанне лепшых чытачоў раённай бібліятэкі. Уручыць падарункі і адзначыць дапытлівых рабят прыйшла дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх. Яна павіншавала дзяцей са святам і запрасіла часцей прыходзіць у бібліятэку для папаўнення багажу ведаў.
Па выніках мінулага года лепшымі чытачамі ў намінацыі “Сябар кнігі і бібліятэкі” сталі Ксенія Пунько і Ілья Жук, а ў намінацыі “Лідар чытання” – Аляксандра Баранчык. Граматы за шматгадовае супрацоўніцтва па прасоўванні кнігі і чытанне сярод дзяцей, за актыўны ўдзел у правядзенні сумесных мерапрыемстваў атрымалі ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна” і ДУА “Дзіцячы сад № 1 г.п. Карэлічы”. Вясновыя канікулы для юных чытачоў пачаліся з яркіх эмоцый і выдатнага настрою. Тыдзень дзіцячай кнігі працягнецца не менш цікавымі мерапрыемствамі, якія пройдуць у раённай бібліятэцы з 24 па 29 сакавіка. А кнігі чакаюць сваіх маленькіх чытачоў там круглы год.
Уражаннем ад мерапрыемства падзялілася вучаніца чацвёртага класа сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Ясенія Мокат: – Мне было вельмі цікава пабываць на свяце, прысвечаным кнізе. Больш за ўсё ўразіла і спадабалася выступленне навучэнцаў музычнай школы. Асабіста для мяне кніга – гэта крыніца ведаў. Таму што дзякуючы ўсяго адной кнізе, чалавек здольны пагрузіцца ў свет герояў любімага твора, пражыць з імі іх жыццё і адчуць усе тыя эмоцыі, якіх яму не спазнаць у рэальным жыцці. Кніга – гэта нейкае чараўніцтва і новыя нязведаныя эмоцыі. Чытаючы літаратуру, людзі становяцца больш адукаванымі, іх гаворка становіцца прыгожай і выразнай. Мы ўмеем чытаць, разумець і выказваць свае думкі дзякуючы кнігам. Я спадзяюся, што кнігі заўсёды будуць актуальнымі і іх роля ў сучасным грамадстве застанецца ранейшай.
Кацярына КУКАНАВА Фота аўтара