22.08.2024
В средней школе №2 г.п. Кореличи ликвидировали вторую смену. Что об этом думают родители и учителя
З першага верасня ў сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы будзе ліквідавана другая змена.
На працягу многіх гадоў з-за вялікай колькасці навучэнцаў у СШ № 2 райцэнтра не было магчымасці праводзіць урокі ў адну змену. Таму вучні пачатковых класаў, а дакладней трэціх і чацвёртых, вучыліся ў другую змену. Са з’яўленнем магчымасці перанесці школьную бібліятэку, экспанаты школьнага краязнаўчага музея, кабінеты педагога-псіхолага, абслугоўваючай і тэхнічнай працы ў будынак былога Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пытанне ўдалося вырашыць на карысць вучняў, бацькоў і педагогаў.
За больш падрабязнымі каментарыямі звярнуліся да дырэктара навучальнай установы Вікенція Браніцкага:
— Будынак, у якім раней размяшчаўся Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, быў перададзены нашай установе адукацыі 1 верасня 2023 года. У сувязі з гэтым з’явілася магчымасць арганізаваць рэжым працы школы ў адну змену. Улічваючы больш чым стогадовы ўзрост будынка, падрыхтаваць памяшканні для прыёму навучэнцаў было няпроста. Тым не менш, дзякуючы падтрымцы Карэліцкага райвыканкама, актыўнай уцягнутасці работнікаў установы выкананы значны аб’ём работ: да будынка праведзены вадаправод, зроблена каналізацыя, падвясныя столі, выкананы рамонт сцен, асвятлення, падключана абсталяванне.
Тут з’явіліся два кабінеты для правядзення заняткаў па абслугоўваючай працы: прадугледжана арганізацыя зон кулінарыі і шыцця. У гэтым жа будынку выдзелена памяшканне для кабінета тэхнічнай працы.
Кабінеты абслугоўваючай працы
Настаўнік Дзмітрый Нарбутовіч у кабінеце тэхнічнай працы
Тут зроблены рамонт падлогі, падключаны станкі. Новае абсталяванне кабінетаў тэхнічнай і абслугоўваючай працы ва ўстанову адукацыі паступае ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы і фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту.
Кабінеты педагога-псіхолага, дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, бібліятэка, школьны краязнаўчы музей таксама атрымалі новую прапіску.
Бібліятэка
У распараджэнне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу паступіла і адрамантаваная актавая зала.
Абноўленая актавая зала
Праведзены рамонт фае будынка.
У вызваленых памяшканнях асноўнага будынка школы абсталяваны кабінеты пачатковых класаў, геаграфіі і англійскай мовы.
Кабінеты пачатковых класаў
Дзякуючы агульным намаганням з першага верасня бягучага года ўстанова адукацыі пачне працаваць у адну, першую, змену. Пачатак заняткаў для ўсіх вучняў школы — 9.00. Ужо зусім хутка празвініць першы званок і школа напоўніцца дзіцячымі галасамі.
Настаўнік пачатковых класаў Ларыса Шугля лічыць:
— І для дзяцей, і для бацькоў ліквідацыя другой змены — гэта ў першую чаргу камфорт і звыклы лад жыцця, які ўжо выпрацаваўся за два гады навучання ў школе. Як педагог са шматгадовай практыкай работы лічу, што працаздольнасць вучняў у першай палове дня больш высокая, накіраваная на адукацыйны працэс. Спадзяюся, што навучанне ў першую змену будзе спрыяць больш высокаму засваенню ведаў па вучэбных прадметах.
Мама вучаніцы трэцяга класа Сняжанна Каляда дзеліцца:
— Усё, што адбываецца ў нашай школе нас, бацькоў, радуе. Дзеці захопленыя, ім падабаецца як навучальны працэс, так і пазакласная работа. Адзіны момант, які заўсёды хваляваў усіх бацькоў рабят, — гэта навучанне трэцякласнікаў у другую змену. Калі даведаліся, што з гэтага навучальнага года ўсё зменіцца, то ўзрадаваліся і дзеці, і бацькі. Хочацца выказаць словы падзякі адміністрацыі школы, кіраўніцтву раёна за тое, што пачулі пажаданні бацькоў, і нашы дзеці будуць вучыцца, не змяняючы звыклага для іх рэжыму, у першую змену.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва газеты «Полымя»