26.09.2024
Все на яблоки! Как кореличчане помогают СПК «Жуховичи» убирать фруктовый урожай
“Усё на яблыкі!”— гэты заклік у раёне пачулі практычна ўсе арганізацыі і прадпрыемствы. І штодня ў сярэднім 30 чалавек дапамагаюць садаводам СВК “Жухавічы” збіраць ураджай яблыкаў.
— Вялікі дзякуй раёну за дапамогу — без яе нам не справіцца. Мы ўдзячны карэліцкім арганізацыям за такую істотную падтрымку, – дзякуе аграном-садавод СВК “Жухавічы” Ірына Саўко. — Ды і нашы людзі малайцы. Менавіта ў такіх справах, калі мы дапамагаем адзін аднаму, і выяўляецца наша адзінства.
Сельгастэхніка, ЖКГ, ЦСАН, рэдакцыя, адукацыя, упраўленне сельскай гаспадаркі, Карэліцкая ЦРБ і многія-многія іншыя арганізацыі — усіх не пералічыш — усе дапамагаюць. Упэўнена: калі так будзем працаваць, то ўраджай збяром у тэрмін.
Жухавіцкі сад размешчаны на плошчы ў 48 гектараў. У асноўным тут растуць яблыні беларускай селекцыі: гатункі “Алеся”, “Імант”, “Беларускае салодкае” першыя работы па закладцы саду прайшлі ў 2000 годзе, работнікі СВК імкнуцца кожны год абнаўляць дрэвы.
І на гэтую тэрыторыю — усяго 13 работнікаў, якія на працягу года ўсё робяць для таго, каб атрымаць добры ўраджай. Сабраць жа яго такім невялікім калектывам немагчыма нават да зімы. Для гэтага і патрэбныя памочнікі.
Старшыня раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Наталля Галушка да працы на свежым паветры прывыкла з дзяцінства:
— Заўсёды дапамагаю сваім бацькам на прысядзібным участку. Ды і ў школе ніколі не адлыньвала ад грамадска-карыснай працы. Падабралася добрая кампанія — усе стараюцца. Пашанцавала і з надвор’ем — таму ўсё добра і настрой выдатны.
Дарэчы, сёлета ўраджай яблыкаў спецыялістаў СВК радуе.
— Калі ў 2023-м мы сабралі 588 тон з усёй плошчы, то ўжо нарыхтавалі 247 тон, хоць і ўбралі яшчэ толькі 63%. Радуюць і таварныя яблыкі — нарыхтавана і прададзена 50 тон. Астатнюю прадукцыю гаспадарка адпраўляе на прамперапрацоўку.
Ураджай у садзе яшчэ ёсць, і цяпер галоўная задача — сабраць яго. Таму, каб зімой быць з вітамінамі, не дрэнна хаця б дзень правесці на іх уборцы.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара