Галоўная / Навiны / Навiны раёна
16.10.2023

Аповед пра прыёмную сям’ю Ірыны Адзярэйка з аграгарадка Райца

 У дзіцяці пытаюцца:

–  Колькі ў цябе ручак?

–  Дзве.

–  А чаму?

–  Каб адной рукой трымацца за маму, а другой – за тату…

Добра, калі ў кожнага дзіцяці заняты абедзве рукі, таму што дзіця мае права жыць і выхоўвацца ў сям’і! Што азначае для яго сям’я? Сям’я – астравок дзіцячай непасрэднасці, любові, цеплыні. Як прыгожа бачыць усмешлівых і радасных дзяцей разам са сваімі бацькамі – знак таго, што сям’я з’яўляецца месцам радасці, шчасця і надзеі.

Шчаслівае тое дзіця, якое нарадзілася ў добрай і разумнай сям’і. Але як быць дзецям, не па сваёй волі пазбаўленым сямейнага ачага, любові маці і клопату бацькі? Для іх самымі блізкімі людзьмі становяцца прыёмныя бацькі – «другія» мамы, тыя, хто бярэ на сябе поўную адказнасць за далейшае выхаванне дзіцяці, дае магчымасць жыць у сям’і, дорыць ім сваю бязмежную любоў і ласку.

Хто яны, гэтыя жанчыны? Чараўніцы? Не. Проста ў іх  вялікае сэрца, якое здольна загаіць душэўныя раны дзіцяці, зрабіць яго больш шчаслівым.

Які ён, жаночы лёс? Зусім лёгкім яго не назавеш. Жанчына павінна быць і добрай гаспадыняй, і ветлівай ды адказнай калегай, і цудоўнай жонкай, і самай лепшай на свеце матуляй. І ўсё гэта  трэба спалучаць у паўсядзённым жыцці.

Ірына Уладзіміраўна замуж выйшла юнай, па вялікім каханні, за хлопца з суседняй вёскі. Рамантычныя адносіны паміж маладымі людзьмі доўжыліся некалькі год. Ірына чакала юнака са службы ў арміі, а ён не сумняваўся – дачакаецца! Бо яе прыродныя жаночыя якасці – вернасць, пяшчоту, душэўную цеплыню – запрыкмеціў даўно. Таму пасля вяртання з арміі цягнуць не стаў – прапанаваў руку і сэрца. Быў упэўнены – менавіта з ёй удасца стварыць утульны сямейны ачаг, дзе іх шчырае каханне будзе разгарацца з новай сілай. А маладая жанчына бачыла ў Сярожы надзейнага спадарожніка жыцця, мужнага і смелага абаронцу, руплівага гаспадара.

Усё сваё свядомае жыццё Ірына Уладзіміраўна адпрацавала ў дзіцячым садку памочнікам выхавальніка. І любілі, і пабойваліся яе дзеці, бо ведалі, што ва ўсім  яна любіць парадак і дысцыпліну. Не шкадавала асабістага часу, каб навучыць кожнага выхаванца апранацца і прыбіраць за сабой, многіх карміла з лыжачкі. Любоў да дзяцей уклала ў сэнс свайго асабістага жыцця.  Таму і стала мнагадзетнай маці траіх дачок.   Падраслі – разляцеліся дзеці  хто куды. Але жывуць усе блізка, у кожнага свае сем’і. Сёння ўжо ў Ірыны Уладзіміраўны і  ўнукі ёсць (а іх у жанчыны шасцёра), і праўнук падрастае. Усіх дзетак любіць вялікае сэрца маці, пра кожнага памятае, за кожнага перажывае.

Самотна і пуста стала ў хаце і на душы, калі раптоўна не стала гаспадара, а ў хуткім часе памерла старэнькая матуля і родны брат, якіх яна даглядала да апошніх дзён. І ніякая работа і слёзы не маглі запоўніць гэтую пустэчу. Не хацелася заходзіць у дом, дзе не чакаў ніхто. Ад маўклівай цішыні ў доме не ратавалі ні частыя прыезды дзяцей і ўнукаў, ні клопаты па гаспадарцы. Тэлевізар працаваў суткамі, каб чуць хоць якія галасы ў хаце. Думка, што дзяцей без бацькоў быць не павінна, заклалася ў яе падсвядомасці ўжо даўно. Калі ўзяць любоў і вернасць, дадаць да іх пяшчоту і ўзаемапавагу, памножыць усё гэта на гады, то атрымаецца сям’я – моцная, дружная, у якой кожны адчувае сябе шчаслівым і патрэбным.

Тады па тэлебачанні пастаянна круцілі сацыяльны ролік пра тое, што ў кожнага дзіцяці павінна быць сям’я. І падказка прыйшла неяк сама сабой: узяць прыёмных дзяцей. Ды і прыклад быў наглядны: малодшая з дачок ужо выхоўвала на той час чацвёра прыёмных дзетак і не раз расказвала пра тое, як пакутуюць дзеці, што засталіся  без бацькоўскай ласкі.

У верасні 2012 года Маша стала першай прыёмнай дачкой. У дзяўчынкі ёсць родная маці, але ў свой час свае жыццёвыя праблемы жанчына тапіла ў віне, дзяўчынкай цікавілася мала… Маша як толькі прыехала, адразу пабегла глядзець гаспадарку, а там і куры, і парасяты, і агарод. Ад прыёмнай мамы Іры – ні на крок, усюды разам: і ў агарод, і ў хлеў, і ежу прыгатаваць. Кожнаму парасяці мянушку прыдумала, корміць іх і размаўляе, расказвае пра свае прыгоды. Кантакт  наладзіўся, можна і пра сястрычку падумаць, каб весялей ім было.

Праз 5 месяцаў з’явілася новая дачка. Лёс Дзіяны нібы спісаны з жыццёвай гісторыі Машы. Толькі вось сваёй роднай маці яна не памятае, паколькі з 3-гадовага ўзросту пражывала ў сацыяльным прытулку за межамі раёна. Дзяўчынка здольная, але да стараннасці і адказнасці за вучобу не прывучана. Прыйшлося садзіцца разам за падручнікі. Тут і Маша прыйшла на дапамогу, бо старэйшая за Дзіяну на пару год і больш адказная. Здавалася, што не варта расшыраць болей сямейнае кола, аднак, як  кажуць, чалавек мяркуе, а Бог…

Насця і Дзяніс – родныя брат і сястра, круглыя сіроты. Яны папоўнілі прыёмную сям’ю ў 2013 годзе. Родная  мама загінула ў аўтамабільнай катастрофе, пазней ад цяжкай хваробы памёр бацька. Харошая была ў іх сям’я, але лёс склаўся не на карысць дзетак… Заныла сэрца ў жанчыны, бо ведала іх сям’ю добра. Вось і падумала: “Дзе дваім дзецям ёсць месца, там і чацвёра памесцяцца”. І сапраўды, усе  памясціліся і здружыліся.

Вядома, без падводных камянёў не абыходзіцца ні ў адной сям’і. Але цярпенне, мудрасць, зацікаўленасць і любоў пераадольваюць усе праблемы. Часта было вельмі цяжка, аднак разумела, што нясе адказнасць за дзіцячыя лёсы, не кожны здольны на такі крок. Аднак хата поўніцца дзіцячымі галасамі, сама гаспадыня ў пастаянных клопатах, каб накарміць, апрануць ды і за вучобай паназіраць. Да працы прывучала так, як і сваіх родных, каб у свет пайшлі падрыхтаванымі, каб маглі за сябе пастаяць і за сваю будучую сям’ю.

Першымі пайшлі ў дарослае жыццё Насця і Дзяніс (2013 год).  Насця атрымала вышэйшую адукацыю і стала настаўнікам фізічнага выхавання, Дзяніс асвоіў будаўнічую прафесію, Дзіяна стала цырульнікам (2018 год).

У хуткім часе  сям’я ізноў папоўнілася: брат і сястра Міша і Даша з’явіліся ў 2013 годзе.

Сямейная трагедыя, якая адбылася на вачах у гэтых дзяцей, не толькі ў адно імгненне асіраціла іх, але напоўніла душы страхам і бояззю. Патрэбна было вельмі далікатна ўводзіць знявечаныя душы ў свет дабрыні, пяшчоты і клопату. Але ўжо быў некаторы навык, таму паступова дзеці пачалі адтайваць. Чуўся смех, жарты і такое пяшчотнае слова “мама”. Пасля заканчэння 11 класа Даша паступіла ў Навагрудскі сельгастэхнікум на бухгалтара, зараз працуе. А Міша ў 2022 г. скончыў школу і па накіраванні мясцовай гаспадаркі паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Амаль кожныя выхадныя імкнецца прыехаць дамоў і дапамагчы маме, бо ў яе на руках засталіся новыя прыёмныя дзеці.

Аліна і Рустам сталі сацыяльнымі сіротамі  з прычыны пазбаўлення бацькоў іх бацькоўскіх правоў і жывуць у сям’і з 2018 года.   Наведваюць нядзельную школу пры храме святой вялікапакутніцы Варвары, таксама шмат дапамагаюць па хатняй гаспадарцы.

З 1 лістапада 2022 г. у сям’і выхоўваецца   яшчэ адзін хлопчык, Саша, які вось ужо каторы год, маючы жывую маці, вымушаны жыць у прыёмнай сям’і, бо маці прамяняла сыноўнюю любоў на вінныя прыгоды.

– Не разумеюць мяне людзі: маю трох дарослых дачок, зяцёў, шасцёра ўнукаў і праўнука. Усе цвёрда стаяць на сваіх нагах, грэх скардзіцца. Многія абвінавачваюць у меркантыльнасці. Не зразумець ім, што, ствараючы востраў надзеі для асірацелых і пакрыўджаных лёсам дзяцей, я і сама акрыяла на гэтым сямейным востраве.

Ну, а Маша… Маша выйшла замуж, працуе ветэрынарным фельчарам у СВК, завочна вучыцца ў Гродзенскім сельгасуніверсітэце. У красавіку 2023 г. стала мамай і  гадуе дачку Сафію, якой зараз 6 месяцаў. Гаспадарка выдзеліла маладажонам пакой у інтэрнаце. І жывуць яны непадалёк ад мамы, таму бываюць у яе амаль штодня. На правах старэйшай дачкі Маша можа прыйсці пакамандаваць малодшымі і нават урокі праверыць.

Вось што кажуць дзеці пра жыццё ў прыёмнай сям’і: «У нас вельмі добрая, ласкавая, прыгожая і клапатлівая мама. Мы яе вельмі любім. Мама заўсёды ўсё ведае, заўсёды дапаможа: вылечыць, калі захварэеш, пахваліць, калі заслужыў. Мама рыхтуе смачныя абеды, прыбірае, мые нашу вопратку, правярае хатнія заданні, вучыць нас здзяйсняць толькі добрыя ўчынкі. Усе мы стараемся ёй ва ўсім дапамагаць, у кожнага з нас ёсць свае абавязкі. А як весела мы праводзім святы!  Напярэдадні  ўрачыстых падзей мы ўсе разам рыхтуем святочны стол. Мама ведае густы кожнага з нас, таму заўсёды рыхтуе тое, што мы любім. На нашы дні нараджэння, Новы год  мы атрымліваем падарункі. Мы адчуваем сябе шчаслівымі, любімымі і патрэбнымі ў гэтай сям’і і верым у сваю шчаслівую будучыню.

Хочацца сказаць гэтай прыёмнай маці: “Свяці ж, агеньчык мацярынскай любові, доўга-доўга, каб дзеткі маглі яшчэ многа год збірацца дружнымі сем’ямі ў тваёй хаце! Бо няма нічога страшней адзіноты, калі цябе ніхто не любіць і ты нікога не любіш, калі пра цябе няма каму клапаціцца, а табе клапаціцца таксама няма пра каго. Няма з кім падзяліцца горам, няма ў каго папрасіць дапамогі.

Давайце не расчаруем іх дзіцячых надзей, а дапаможам ім быць шчаслівымі і любімымі!

Няхай твая малітва, выказаная душою, даляціць да нябёсаў!”