Наталля Дубкова стала лаўрэатам абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2022» у намінацыі «Гаспадыня сяла» за ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі
Дырэктар КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Наталля Дубкова прыехала ў гаспадарку пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” у 2004 годзе. Родам з Віцебскай вобласці, але, выйшаўшы замуж за мясцовага юнака, на ўсё жыццё параднілася з Карэліччынай. Тут нарадзіліся тры дачушкі — тры аддушыны для любай матулі. Дзякуючы мэтанакіраванасці, адказнасці, упартасці, настойлівасці і вытрымцы маладая жанчына ўжо два гады стаіць на чале адной з не самых простых гаспадарак раёна.
Дзякуючы эфектыўнаму кіраванню ў 2022 годзе ў “Чарняхоўскім-Агра” падвоілі вытворчыя паказчыкі, актыўна інвестуюць у будучае. Калектыў прадпрыемства складае 250 чалавек, але кадраў не хапае. Вось і даводзіцца Наталлі быць і кіраўніком, і бухгалтарам, але, дзякуючы працы ў камандзе з работнікамі КУСП, калектыў стараецца спрацаваць на вынік. Гэтага яна вельмі не афішуе, бо, напэўна, проста ў кожнай жанчыне-кіраўніку закладзена прыродная сціпласць. Вядома, кіраваць — гэта вельмі цяжкая праца. Трэба цэлы дзень праводзіць на рабоце, забыцца пра святы, быць пастаянна навідавоку, кантраляваць усе свае дзеянні, кожнае слова.
— Часам даводзіцца быць жорсткай, а інакш нельга, патрэбнага выніку не даб’ешся. Гэта, вядома, складана, але калі планы ажыццяўляюцца, можна атрымліваць ад працы сапраўднае задавальненне, – гаворыць жанчына і дадае: — Усё створана рукамі чалавека. Які кіраўнік — такія і тыя, з кім працуеш. Трэба заўсёды быць прыстойным і трымаць сябе ў тонусе. Каб быць паспяховым у жыцці і ў працы, неабходна проста любіць гэтае жыццё, шанаваць узаемадапамогу і любоў, праяўляць спачуванне і абавязкова адчуваць кураж — тады ўсё будзе добра. А яшчэ заўсёды, у любой сітуацыі заставацца жанчынай. Не трэба спрабаваць ператварыцца ў мужчыну, не трэба калькаваць іх метады. Усмешка мацней суровага погляду.
Каб узначалены калектыў працаваў стабільна, кіраўніку нярэдка даводзіцца ахвяраваць сваім вольным часам. Наталля Іванаўна дзеліцца:
— Перамогі “на перадавой” былі б немагчымыя без моцнага тылу: любімага мужа Андрэя і траіх дачушак, якімі я заўсёды ганаруся. Падтрымка сям’і вельмі шмат значыць для мяне. Ведаю, што заўсёды абдзяляю ўвагай родных і блізкіх мне людзей, рашэнне ўсіх сямейных пытанняў пакідаю на потым. Дзесьці ў глыбіні душы яны, можа быць, і крыўдзяцца, але ніколі не даюць мне гэта зразумець, а, наадварот, падтрымліваюць і дапамагаюць. Таму калі ёсць апора і падтрымка ў сям’і, паразуменне з падначаленымі, тады справы ладзяцца прасцей і хутчэй.
— Наталля Іванаўна, а ці ёсць у Вас хобі, якое служыць аддушынай сярод працоўных будняў?
— Безумоўна, ёсць любімыя заняткі, але на іх не хапае часу. Вельмі даспадобы кветкі, але належным чынам даглядаць іх не паспяваю. Люблю гатаваць, атрымліваецца добра і смачна, але не так часта, як хацелася б. А калі выдаецца вольная хвіліна, то з сям’ёй з вялікім задавальненнем адпраўляемся падарожнічаць па Беларусіі. У нас ёсць на што падзівіцца, хочацца паказаць прыгажосць дзецям. Увогуле, сумесны адпачынак — гэта дзіўная магчымасць усім пабыць разам, лепш зразумець дзяцей, убачыць і пачуць, чым яны жывуць, зблізіцца.
— Кожны чалавек пра нешта марыць. А пра што марыць жанчына-кіраўнік?
— Жанчына-кіраўнік у першую чаргу — жанчына-маці. Дзеці растуць, час няспынна імчыць наперад. Мне хочацца, каб дзеці заўсёды былі ўпэўненымі ў сабе, не баяліся цяжкасцяў і не спыняліся на дасягнутым, каб заўсёды ўмелі знаходзіць радасць у жыцці ў любой сітуацыі, якой бы цяжкай яна ім не здавалася, каб выраслі добрымі і шчырымі людзьмі.
– Дзе знаходзіцца самы дарагі для Вас куток на зямлі?
— Самы дарагі той куток, дзе мая сям’я, дзе побач родныя і блізкія людзі, якія разумеюць, заўсёды падтрымаюць, дзе пануюць паразуменне, згода і любоў.
Вось так, у мітусні і клопатах праходзіць кожны дзень Наталлі Іванаўны. І нават не задумваецца жанчына, ці мог лёс скласціся інакш. І здаецца, адкуль столькі сіл і натхнення? Крыніца энергіі — гэта дзеці, іх перамогі і дасягненні, іх любоў і адкрытасць, гэта любімы муж, які заўсёды і ва ўсім падтрымка і апора. А што яшчэ трэба для сапраўднага жаночага шчасця?..