Галоўная / Навiны / Навiны раёна
20.06.2023

Канцэрт артыстаў беларускай эстрады "Нашы любімыя " прайшоў у Мірскім замку

 16-17 чэрвеня кожны жадаючы мог пранікнуцца рамантычнай атмасферай летніх вечароў з  любімымі музычнымі выканаўцамі падчас  наведвання канцэртаў “Музычныя вечары ў Мірскім замку”. Грандыёзныя  летнія музычныя мерапрыемствы ля сцен легендарнага Мірскага замка з поспехам праходзілі на працягу многіх гадоў і  кожны раз збіралі вялікую колькасць жадаючых атрымаць асалоду ад добрай музыкі ля сцен сярэднявечнага помніка архітэктуры.  Сёлета ў рамках фестывалю прайшлі чатыры грандыёзныя канцэрты вядучых музычных калектываў і выканаўцаў з Беларусі і Расіі. 

17 чэрвеня гледачоў парадавалі сваёй творчасцю  артысты беларускай эстрады. Хэдлайнерам другога дня  “Музычных вечароў у Мірскім замку” стаў  народны артыст Расіі Алег Газманаў.

Нават надвор’е паспрыяла гледачам у гэты вечар. За жывым гукам, летняй атмасферай і прыемнымі сустрэчамі ў гарадскі пасёлак  Мір прыехалі не толькі з беларускіх гарадоў, але і з іншых краін. Насычаная яркая праграма, мяркуючы па водгуках жыхароў і гасцей свята, прыйшлася па душы кожнаму. Сваімі эмоцыямі яны падзяліліся з карэспандэнтам газеты “Полымя”.

Генадзій Шатуеў,  старшыня Карэліцкага райвыканкама:

  • Музычны фестываль у Мірскім замку заўсёды быў і для жыхароў Карэліччыны, і для гасцей гарадскога пасёлка,  і ўсёй Беларусі адным з самых любімых і чакаемых з часу завяршэння рэстаўрацыі замка. Карэктывы ў графік унесла пандэмія.  Вельмі добра, што  сёлета тэлеканал АНТ адрадзіў папулярны фестываль. Атрымалася сапраўднае яркае,  маштабнае музычнае мерапрыемства,  дзе кожны змог атрымаць асалоду ад прыгожай музыкі ў выкананні беларускіх спевакоў і атрымаць зарад аптымізму і бадзёрасці.

Наталля Сухабаеўская, г. Мінск:

  • Я прыйшла на канцэрт зорак беларускай эстрады з мужам Сяргеем і бацькамі нашага сябра, да якіх прыехалі ў госці.  Трэба адзначыць,  што канцэрт атрымаўся незвычайна насычаным і маляўнічым. Вельмі цікава было назіраць за светлавымі эфектамі. Сцэна літаральна патанала ў прыгажосці. Атрымалі невычэрпны зарад бадзёрасці.  Лічым, што  музычны фестываль “Музычныя вечары у Мірскім замку” аб’яднаў людзей розных узростаў. Усе шчаслівыя, актыўна праводзяць свой выхадны.

Марына Паўлоўская і Жанна Марцінкевіч, г.п. Карэлічы:

  • Гэта было цудоўнае свята! Хочацца паставіць яго на паўтор. Настолькі маштабна, прыгожа, ярка, цікава ўсё арганізавана!  Мы пад вялікімі ўражаннямі, думаем, што яны яшчэ надоўга застануцца ў нашых сэрцах. Дзякуй арганізатарам, дзякуй калектывам, артыстам і ўсім, хто мае дачыненне да стварэння гэтага  музычнага форуму. Свята атрымалася!

Вольга Кандраценка, г.п. Гарадзея:

  • Я прыехала на канцэрт  Алега Газманава. Вельмі хочацца ўжывую ўбачыць,  пачуць прыгожы голас гэтага вядомага спевака Расіі. Увогуле, я  вельмі люблю жывыя канцэрты, таму з нецярпеннем чакаю, калі змагу атрымаць асалоду ад яркага выступлення артыста.

Завяршыла вечар яркае выступленне народнага артыста Расіі Алега Газманава.

Канцэрты не сталі адзінай забавай фестывалю. Тут працаваў “Горад майстроў”.  Па шэрагах рамеснікаў можна хадзіць гадзінамі. Дзіву даешся, наколькі таленавітыя людзі, якія прадстаўляюць тут сваё майстэрства: вырабы з металу, саломкі, пацерак, дрэва, гліны. Рамеснікі вельмі таварыскія, заўсёды раскажуць і пакажуць, як яны чаруюць над сваімі шэдэўрамі. І гэта незабыўна.

Не сумавалі  на фестывалі і дзеці: яны каталіся на поні і атракцыёнах,  частаваліся салодкай ватай і папкорнам.