Галоўная / Навiны / Навiны раёна
01.05.2024

Карэліччане пабывалі на абласной урачыстасці ў гонар Свята працы

 Святкаванне Дня працы, Першамай — добрая традыцыя, якую беларусы захавалі з савецкіх часоў. Сёння на гэтым свяце аддаюць даніну павагі ўсім, хто плённа і рупліва працуе на карысць свайго прадпрыемства, раёна, вобласці і Радзімы, тым, хто не шкадуючы ўласнага часу і сіл, шчыруе на палетках і ў цахах, за станком ці настаўніцкім сталом. Напярэдадні Свята працы ў Гродзенскай абласной філармоніі адбыўся святочны канцэрт, на якім пабывалі і карэліччане.

У фае філармоніі была арганізавана захапляльная выстава прафесій, у якой прынялі ўдзел усе абласныя арганізацыі галіновых прафсаюзаў. Тут можна было даведацца аб рабоце банкаўскіх устаноў і арганізацый сферы культуры, прадпрыемстваў і заводаў, пакаштаваць садавіну і гародніну, вырашчаную рукамі работнікаў сельгаспрадпрыемстваў.
У глядзельнай зале філармоніі адбыўся канцэрт, на якім віншавалі пераможцаў абласных спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці, прысвойвалі ганаровае званне “Чалавек года Гродзеншчыны”. На свяце ўшанавалі 11 працоўных дынастый. Адкрыў мерапрыемства губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік, які адзначыў, што павага і ўшанаванне чалавека працы — гэта адна з асноў нашай дзяржавы:
— На гэтай зямлі заўсёды жылі людзі, якія імкнуліся ўсяго дасягаць сваім розумам і працай. І нездарма Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на сёмым Усебеларускім народным сходзе сказаў, што толькі мы ведаем, якой павінна быць будучыня нашай Беларусі, якой павінна быць краіна і як зрабіць яе мацнейшай. Толькі мы, і ніхто іншы. Яскравым пацвярджэннем гэтага тэзіса з’яўляецца тое, што ва ўмовах геапалітычнай нестабільнасці, беспрэцэдэнтнага санкцыйнага ціску наша краіна не толькі захавала стабільнасць, яна забяспечыла развіццё, рост ВРП, рост дабрабыту людзей. Гэта датычыцца і краіны ў цэлым, і Прынёманскага краю. І заслуга ў гэтым працаўнікоў розных сфер дзейнасці.

— З вялікай цікавасцю і ўвагай слухала словы губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка. Вельмі трапна было сказана, што Беларусь рухаецца наперад дзякуючы дасягненням папярэдніх пакаленняў. Вельмі хочацца, каб гэты рух не спыняўся, а толькі набіраў абароты, — кажа навуковы супрацоўнік ДУК “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей” Марыя Белянова. — Гэта выдатны наказ маладому пакаленню: заўжды рухацца наперад, імкнуцца дасягнуць сваёй мэты мірным шляхам. Цытуючы Уладзіміра Сцяпанавіча: “Заўжды беларусы марылі жыць у міры на нашай зямлі. Нашым пакаленням выпаў такі шанс”. Няхай жа так і будзе заўсёды.
— Вельмі прыемна бачыць, што на Гродзеншчыне жыве і працуе столькі працавітых людзей, якія дзякуючы сваёй штодзённай працы дасягнулі такіх вышынь, — прызнаецца метадыст ДУ “Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет” Надзея Вянскевіч. — Упэўнена, што сёння тут сабралася толькі невялікая частка тых, хто варты быць у гэтай зале і атрымліваць высокія ўзнагароды. Гэта стымулюе прыкладаць усе намаганні на працы, імкнуцца да развіцця і ўдасканалення сваіх кампетэнцый.