Афіцыйны сайт
16 ліпеня 2021

Карэліччане пабывалі на рэспубліканскім свяце "Купалле ""Александрыя збірае сяброў" і дзеляцца ўражаннямі

 Свята Купалле «Александрыя збірае сяброў» стала сапраўдным брэндам Беларусі, і трапіць туды могуць толькі лепшыя творцы. Сярод яго ўдзельнікаў былі і карэліччане. Сваімі ўражаннямі падзялілася майстар народна-мастацкіх рамёстваў аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў», малады спецыяліст Паліна Мельнік:

Паліна Мельнік (другая злева) на свяце

— Я ўпершыню была на такім вялікім свяце і мяне перапаўняюць эмоцыі. У Александрыі было шмат артыстаў, музыкантаў, рамеснікаў. Прадстаўлена вялікая канцэртная праграма. Асабліва ў сэрца запала выступленне, у якім я прымала ўдзел. На афіцыйнай цырымоніі адкрыцця  свята разам з прадстаўнікамі іншых абласцей выступала са сваім ручніком. Дарэчы, сімвалам свята стаў ручнік. І як ён нараджаецца, таксама можна было ўбачыць на ўрачыстасці.

У самой назве свята «Александрыя збірае сяброў» закладзены вялікі сэнс. Гэта блізкае і роднае сэрцу. Наведаўшы цудоўны край і акунуўшыся ў яго атмасферу, міжволі пачынаеш думаць аб такіх простых і важных ісцінах жыцця, як сям’я, любоў, павага.

Добрыя ўражанні засталіся пры наведванні аграгарадка Александрыя. Хочацца адзначыць, што працавітасць жыхароў Шклоўшчыны заўважылі адразу: дагледжаныя палі і добрыя дарогі, а ў самім населеным пункце ўтульна і чыста. Шклоўцы любяць працаваць, ладзіць святы, сустракаць гасцей.

Нас, шчасліўчыкаў, з Карэліччыны было трое. Акрамя мяне, Вольга Крышэнь з Карэліцкага Дома рамёстваў і Аляксандр Заблоцкі з Карэліцкага  раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Як людзі творчыя, мы сустрэлі для сябе шмат карыснага, бо наша беларуская зямля багатая на таленты. Як і на сяброўства, якое нягледзячы на вялікія адлегласці і жыццёвыя перашкоды, мацнее з кожным годам. І гэтаму пацвярджэнне — свята Купалле «Александрыя збірае сяброў».