Карэліцкі філіял прадпрыемства стаў лепшым у спаборніцтве паміж філіяламі Гродзенскай вобласці ў дасягненні высокіх паказчыкаў фінансава-эканамічнага развіцця.
Тут выконваюцца ўсе шэсць даведзеных паказчыкаў: рост выручкі, рэнтабельнасць продажаў, атрыманне прыбытку на аднаго працуючага, адсутнасць пратэрмінаванай запазычанасці перад торфабрыкетнымі заводамі, выкананне мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў і чысты прыбытак. Работнікі філіяла не проста спрацавалі ў плюс, але і змаглі абысці канкурэнтаў. Да прыкладу, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг за 2023 год склала 949 тысяч рублёў, або 102,6% да ўзроўню 2022 года.
Якія напрамкі дзейнасці прыносяць найбольшы прыбытак прадпрыемству, расказаў дырэктар Іван Будзейка:
— З кожным годам колькасць жыхароў у сельскіх населеных пунктах памяншаецца, а значыць зніжаецца попыт і на дровы, і на брыкет. Цяпер на Карэліччыне насельніцтва актыўна пераводзіць свае дамы на электраацяпленне. Аб зніжэнні цікавасці да цвёрдага паліва гавораць і лічбы. Так, нашым філіялам за 2023 год рэалізавана 2535 тон брыкету, або 92% да аналагічнага перыяду мінулага года і 2512 метраў кубічных дроў, або 81%. Каб у цяперашні эканамічна складаны час заставацца на плыву, трэба пастаянна займацца пошукам новых відаў паслуг для арганізацый і насельніцтва, знаходзіць нестандартныя шляхі рашэнняў у той ці іншай сітуацыі. І мы рукі не апускаем, а шукаем новыя накірункі ў працы.