Галоўная / Навiны / Навiны раёна
04.12.2023

Казкі на ноч, ці чаму пакутуюць дзеці? Журналіст газеты «Полымя» пабывала ў сацыяльна небяспечных сем’ях

 Падчас правядзення комплекснай адпрацоўкі Мірскага сельсавета члены рэйдавай групы наведалі сацыяльна небяспечныя сем’і. Па этычных прычынах не называю адрасоў і прозвішчаў, а вось расказаць пра сустрэчы з імі лічу патрэбным. Магчыма, для кагосьці  гэта стане ўрокам.

АДЗІН КЛОПАТ НА ЎСІХ

«Дзеці — наша будучыня»—  не раз чую словы-заклік. Для многіх адказных асоб клопат пра дзяўчынак і хлопчыкаў стаў і справай кожнага дня. У каторы раз пераконваюся ў гэтым, калі накіроўваюся ў рэйды з намеснікам старшыні камісіі па  справах непаўналетніх, спецыялістамі аддзела адукацыі райвыканкама і супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў.

Ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты мы знаёмімся з жыллёва-бытавымі ўмовамі і гутарым з бацькамі і дзецьмі. У кожнага — свой лёс і свае адносіны да выхавання. Зразумела адно: дзеці павінны быць дагледжаны, накормлены, жыць у любові.  Малодшыя бяруць прыклад са старэйшых —  і «расслабляцца» бацькам нельга.

Нераўнадушных тут няма. У дзень адпрацоўкі ў Мірскім сельвыканкаме разглядаліся справы тых, хто стаіць на ўліку і патрабуе ўвагі. Важна не прапусціць ніводную сям’ю і таго, хто пайшоў па крывой дарожцы. Дзеці не павінны быць пакрыўджаны, а бацькам трэба ўсё зрабіць для іх шчаслівага жыцця.

У ДЗЕЦЯХ — ШЧАСЦЕ

Адзін з дамоў зачынены. Мы накіроўваемся ў мясцовую школу, каб даведацца пра дзяцей: двое наведваюць яе, адзін —  дзіцячы садок. Вучні паспяваюць у вучобе, прымаюць удзел у мерапрыемствах, сябруюць са спортам. Яны   паслухмяныя і дысцыплінаваныя. Чаго больш жадаць  матулі?

Маці дзяцей у школьныя  гады памятаюць таксама як спакойную і памяркоўную дзяўчынку. Педагогі не могуць зразумець, што паўплывала на сённяшнія  яе паводзіны: яна стала зусім іншай і нават можа ўступіць у бойку. Стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі раённага аддзела ўнутраных спраў.

Дзеці — самае дарагое ў жыцці, яны — надзея і апора. Вось бы гэта  зразумець маці, пакуль яны яшчэ малыя і аддаць ім усю любоў свайго сэрца. Трэба пастарацца не ўпусціць галоўнага, і гэта яна павінна  вызначыць сама. Галоўнае ж — не спазніцца…

І  ДЗЯРЖАВА, І  БАЦЬКІ

У нашай краіне аб шматдзетных сем’ях праяўляецца вялікі клопат,  ім прадастаўляюцца льготы. Сямейны капітал выкарыстоўваецца і  найчасцей для набыцця жылля.

Наведваем шматдзетную сям’ю, у ёй —  пяцёра дзяцей. Як ні кажыце,  і вялікае шчасце, і вялікая адказнасць. Вось бы другую акалічнасць добра ўсвядоміць гаспадару сям’і. Падчас сустрэчы ён гаварыў аб тым, што некалькі дзён працуе ў сталіцы, астатні час — з дому. Відавочна адно: яму шчыраваць ды шчыраваць, каб утрымліваць сваю сям’ю.

«Так не бывае на свеце, каб былі пакрыўджаны дзеці» —  заклік можна назваць формулай жыцця. Клопат пра сем’і праяўляецца з боку дзяржавы.  З кожным годам сямейны капітал усё больш прыжываецца, і будучыя гаспадары дамоў адносяцца да выбару жылля адказна. Нашы субяседнікі ўжо нагледзелі  добры дом у сельскай мясцовасці. Хочацца верыць, што пад яго дахам усім будзе ўтульна і цёпла, і ў ім знойдуць прапіску любоў і шчасце.

АБАРОНЦА І ДАРАДЦА

У кватэры сям’я ў поўным зборы: бацька, маці, трое дзяцей. Іх узрост — тры з паловай, два гады, сем месяцаў

Цікаўлюся ў маці:

— Як спраўляецеся з дзецьмі?

— Звычайна…

Кароткі адказ здзівіў. Праз хвіліну-другую яна дадае, што зараз дзяцей  даглядае муж (ён зламаў руку і знаходзіцца дома).  Затым паказала на тэлевізар, па якім ішлі мультфільмы. Відаць, большасць часу малыя ўзіраюцца ў экран…

Што ж прывяло ўдзельнікаў рэйду ў гэтую сям’ю? На першы погляд, тут усё добра. Калі ж зазірнуць глыбей, міжволі ўзнікае пытанне: ці шмат увагі тут надаецца дзецям? У той момант чамусьці ўспомніліся моманты, калі чытала  казкі сваім дзецям на ноч. Скажаце, не па-сучаснаму?  Сапраўды, жыццё не стаіць на месцы, і ў ім  многае мяняецца, але ніколі героі мультфільмаў не заменяць бацькоў, а тэлевізар — цёплых абдымкаў. Магчыма, трэба перагледзець маладым бацькам шляхі  выхавання дзяцей ды таксама сваё жыццё, а маці памятаць аб тым, што яна ў першую чаргу для іх —  найлепшы абаронца і дарадца.

АСНОВА АСНОЎ

Маладога мужчыну сустрэлі на парозе кватэры. Ён сабраўся наведаць Мірскі сельвыканкам. Адзін выхоўвае трохгадовага сына, яны жывуць разам з маці. Мужчына не мае асноўнага занятку, да гэтага часу працаваў па дагаворы. Удзельнікі рэйду рэкамендуюць яму ўладкавацца на працу.

Праца — асноў асноў. Так было заўжды: чалавек знаходзіў у ёй асалоду жыцця і сродкі для існавання. Калі нясеш адказнасць за другога чалавека, тым больш неабходна працаваць. Ды які прыклад бацька можа паказаць сыну? Як зможа  паглядець у вочы пажылой матулі?

Пытанні…  Іх шмат ставіць жыццё, іх задаём сабе самі. На ўсе трэба  імкнуцца знайсці адказы. Магчыма, тады не будзе столькі крывых сцяжынак у жыцці і пашанцуе ісці па прамой і гладкай дарозе…