Галоўная / Навiны / Навiны раёна
27.10.2023

Перспектыўны кадравы рэзерв Карэлікіны наведаў пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

 Перспектыўны кадравы рэзерв Карэліччыны, актыўная моладзь раёна пабывалі на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Карэліччан сустрэў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Сонгін, які правёў невялікую экскурсію па Авальнай зале, расказаў, як праходзяць пасяджэнні.

Перад членамі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі з дакладам “Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці работы будаўнічага і транспартнага комплексаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі” выступіў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Сівак, які адзначыў, што меры, прынятыя Кіраўніком краіны і Урадам у мэтах актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці, дазволілі выйсці на станоўчыя паказчыкі работы галіны. Так, напрыклад, аб’ёмы падрадных работ за дзевяць месяцаў 2023 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выраслі на 12,3%, валавая дабаўленая вартасць у будаўніцтве павялічылася на 9,7%.Завяршыўшы даклад, прэм’ер-міністр адказаў на пытанні парламентарыяў. Таксама далі адказы на пытанні дэпутатаў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч і міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла.

Пасля пасяджэння з карэліччанамі сустрэўся намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, які расказаў моладзі пра дзейнасць партыі, планы на жыццё, пра людзей, на якіх раўняецца:

— Заўжды, калі сустракаюся з моладдзю, даю ім тры парады. Па-першае, трэба марыць. Заўжды, калі я ехаў міма гэтага будынка, марыў, што буду тут працаваць. Па-другое, цаніце тое, што вы атрымалі. Я марыў трапіць сюды, а за чатыры гады працы тут пачалася руціна. Я кажу сам сабе: “Чаму ты забыўся, аб чым марыў? Павінен успомніць, што ты хацеў гэтага”. Па-трэцяе, павінны з’яўляцца новыя мары. Неабходна заўсёды ставіць перад сабою новыя задачы, новыя мэты. У канцы жыцця вы будзеце шкадаваць аб тым, што калісьці нечага не паспрабавалі з таго, што хацелі і што маглі зрабіць. Таму, калі хочаш некуды паехаць — едзь, хочаш нешта зрабіць — рабі, закахаўся — прызнайся. Не бойцеся змяняць сваё жыццё, не працуйце на нелюбімым месцы, бо чалавек, які займаецца нелюбімай працай, — нешчаслівы. Яго шкада. Нельга ісці на работу толькі таму, што там вышэй зарплата. Немагчыма працаваць, калі не любіш сваю работу.