У гэтай гаспадарцы механізатарам усё жыццё працаваў і яго бацька, Уладзімір Сямёнавіч. Будучы хлапчуком, Ігар Уладзіміравіч дапамагаў яму рамантаваць трактар, спрабаваў садзіцца за штурвал жалезнага каня. Так паступова і прыкіпеў да тэхнікі, але адразу пасля школы падаўся ў сталярскую справу. Пайшоў вучыцца на сталяра ў Мірскае вучылішча.
Працоўны стаж Ігара Уладзіміравіча складае амаль трыццаць гадоў. Яшчэ зусім юнаком працаваў на калгаснай пілараме па спецыяльнасці. Адслужыўшы ў арміі, вярнуўся ў родную гаспадарку, іншых месц і не шукаў, вырашыў пайсці па пракладзенай дарозе. У 2004 годзе мужчыну перавялі ў механізатары.
— З ранняй вясны і да “белых мух” напружаны перыяд у аграрыяў, — дзеліцца суразмоўца. — Трактарысту даводзіцца працаваць нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, але калі чалавек па-сапраўднаму любіць сваю справу, то і ад такой нялёгкай працы атрымлівае асалоду і задавальненне.
Восенню ён заняты на ворыве, вясной — адказны за падкормку пасеваў, а летам – гэта ў асноўным нарыхтоўка кармоў. Неаднойчы даводзілася працаваць за штурвалам камбайна. Працоўны дзень у гарачую пару доўжыцца з раніцы і да позняга вечара, пакуль не выпадзе раса. Механізатар заўсёды стараецца выканаць усе неабходныя нормы. За добрасумленную працу падчас жніва летась быў запрошаны на абласное свята “Дажынкі-2023” у г. Зэльва, дзе атрымаў сертыфікат на пуцёўку ў санаторый.
Калі «баявая машына» выходзіць са строю, вопытны механізатар самастойна выпраўляе непаладкі, праводзіць адпаведны рамонт. Каб днём тэхніка не падводзіла, раніцай заўсёды праводзіць агляд. Калі паломка ўсё ж здарылася раптоўна ў полі, на дапамогу прыходзіць інжынер-механік з патрэбнымі запчасткамі.
Старой загартоўкі механізатар ахвотна дзеліцца з маладымі сваім вопытам, дае парады, падказвае ў складаных сітуацыях.
Намеснік старшыні гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Алена Макар гаворыць, што Ігар Уладзіміравіч дасканала валодае трактарам, выконвае аграмерапрыемствы з улікам асаблівасцяў сельскагаспадарчай тэхнікі, стану раллі і віду культур. Умее адказна і з душой выконваць даручаную яму працу.
З жонкай Ганнай разам васямнаццаць гадоў, выхоўваюць дачку Анастасію і сына Максіма. Як адзначае жанчына, бацька для дзяцей — гэта прыклад добрасумленнага стаўлення да працы і павагі да людзей, а для яе асабіста — падтрымка і дапамога ва ўсім.
— Я вельмі ўдзячны сваёй сям’і за разуменне і цярпенне, – кажа аграрый. — Бо калі пачынаецца на вёсцы гарачая пара, жонка і дзеці мала бачаць мяне дома.
Сёлета Ігар Уладзіміравіч за высокія прафесійныя дасягненні, шматгадовую добрасумленную працу занесены на раённую Дошку гонару.
– Але я працую не для ўзнагарод, а на карысць гаспадаркі, раёна, краіны, – запэўнівае суразмоўца. – Механізатары — гэта людзі, хто беражліва апрацоўвае зямлю, да апошняй крупінкі збірае з яе ўраджай. Працаўнікі палёў — карміцелі, і стаўленне ў грамадстве да іх павінна быць адпаведным.