Галоўная / Навiны / Навiны раёна
08.07.2024

У Карэлічах працягваецца патрыятычная акцыя "Па слядах вызвалення"

 5 ліпеня ў рамках акцыі “Па слядах вызвалення” адбыўся аўтапрабег. Яго ўдзельнікамі сталі старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі арганізацый,  прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі  Турэцкага, Ярэміцкага і Жухавіцкага сельвыканкамаў.

Стартаваў аўтапрабег у аграгарадку Турэц. Тут, каля брацкай магілы,  адбыўся мітынг,  прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  Перадача  агню  памяці —  своеасаблівая даніна памяці аб тых, хто дазволіў будаваць нашу будучыню, гадаваць дзяцей і развіваць нашу краіну. Мы з’яўляемся прадаўжальнікамі бацькоў, дзядоў і прадзедаў.  Кожны з нас павінен памятаць і рабіць усё магчымае для таго, каб ніколі на нашай зямлі не паўтарылася страшная вайна.   Старшыня Мірскага сельвыканкама Аляксандр Маркевіч перадаў агонь памяці старшыні Турэцкага  сельвыканкама Мікалаю Шуляку як сімвал вызвалення вёсак сельскага Савета.

Калона аўтамабіляў з дзяржаўнай сімволікай  накіравалася ў аграгарадок Ярэмічы да бюста героя Савецкага Саюза У.З. Царука.

— У нас ёсць галоўнае — мірная, прыгожая, незалежная краіна. Ёсць традыцыі, багатая культурная і духоўная спадчына.  Ёсць гераічная гісторыя, якой мы ганарымся. Памяць пра той час павінна жыць у нашым пакаленні і працягвацца ў нашай моладзі, дзецях і ўнуках.  Акцыя, прымеркаваная да 80-й гадавіны вызвалення вёсак Карэліччыны  “Па слядах вызвалення”,  далучае кожнага з нас да гэтай памяці, — сказаў падчас перадачы агню  старшыня Ярэміцкага сельвыканкама  Сяргей Барычэўскі.

     

Наступнымі прынялі ўдзел у акцыі  жыхары аграгарадка Жухавічы. Тут, каля  Брацкай магілы,  работнікамі Жухавіцкага Дома культуры быў праведзены гістарычны экскурс “Шлях да шчасця”. Вядучыя адзначылі, што 5 чэрвеня 1944 года 9-я гвардзейская кавалерыйская дывізія сумесна са 151-м танкавым палком вызвалілі Жухавічы, а 6 чэрвеня была вызвалена амаль уся тэрыторыя Жухавіцкага сельскага Савета.

  Старшыня сельвыканкама Тамара Гасціла павіншавала прысутных з днём вызвалення і параўнала запалены каля брацкай магілы агонь  з барацьбой за ісціну:

— Асноўная  задача  жывых нашчадкаў — зрабіць усё магчымае, каб мужнасць, доблесць і самаадданае служэнне Радзіме салдат перамогі заўсёды заставаліся ў нашай памяці, каб сучасная моладзь была вартая сваіх продкаў. Гэта яшчэ адна магчымасць аддаць даніну памяці і ўспомніць нашых абаронцаў. Расказаць іх гісторыі, думкамі звярнуцца да кожнага з іх і падзякаваць за ўсё тое, што мы з вамі сёння маем.

Настаяцель храма Раства Іаана Прадцечы в.  Малыя Жухавічы  іерэй Ігар Пятроўскі адслужыў памінальны малебен, асвяціў брацкую магілу.

Вучань Жухавіцкай сярэдняй школы Арсеній Знайдзён  да слёз крануў  удзельнікаў урачыстасці  песняй  “Адмяніце вайну”.

Удзельнікі  аўтапрабегу  выказалі хвілінай маўчання  пашану загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны,  усклалі кветкі да падножжаў  і ад помніка да помніка перадавалі агонь,  як сімвал  вызвалення.