Галоўная / Навiны / Навiны раёна
12.01.2023

У Карэлічах трое школьнікаў выратавалі мужчыну, які тоне

 9 студзеня ў Карэлічах супрацоўнікі РАНС выратавалі жыццё мужчыне, які тануў у рацэ Рутка.

— Аб тым, што ў рацэ Рутка, якая працякае праз райцэнтр, апынуўся мужчына ва ўзросце, выратавальнікам каля 20.00 паведамілі відавочцы, — расказалі ва ўпраўленні МНС па Гродзенскай вобласці. — Калі нарад прыбыў на месца здарэння, то ўбачыў, што ў некалькіх метрах ад берага боўтаецца мужчына. Самастойна выбрацца з вадзянога палону ён быў не ў стане. Супрацоўнікі МНС выцягнулі мужчыну і перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. Пацярпелы, якім аказаўся мясцовы жыхар 1967 года нараджэння, быў неадкладна дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне Карэліцкай ЦРБ. Яму аказана ўся неабходная дапамога. Стан пацярпелага ацэньваецца як цяжкі, паколькі ён доўгі час знаходзіўся ў ледзяной вадзе.

Тымі, хто заўважыў мужчыну, выклікаў дапамогу і такім чынам выратаваў чалавечае жыццё, сталі трое падлеткаў, якія вярталіся з трэніроўкі: дзевяцікласнік Платон Комар, васьмікласнік Ілья Гомза з СШ №1 і сямікласнік з СШ №2 Вадзім Шэўка.

— Пасля трэніроўкі ў школе мы вырашылі прагуляцца праз парк, — успамінае Платон. — Ішлі па вуліцы Набярэжнай і пачулі з боку ракі нейкія незразумелыя гукі, стогн. Вадзім падумаў, што там бабры і запаліў ліхтарык. Мы прыгледзеліся і ўбачылі мужчыну.

Хлопцы расказваюць, што спачатку яны паспрабавалі дапамагчы пацярпеламу выбрацца на бераг, але не здолелі гэтага зрабіць, тады патэлефанавалі выратавальнікам.

— Мы хацелі дапамагчы яму выбрацца на бераг, — кажа Вадзім, — але ў гэтым месцы вельмі круты спуск, было слізка, мы не змаглі нічога зрабіць. Тады мы выклікалі хуткую дапамогу і выратавальнікаў.

— Дзякуючы падлеткам, якія не разгубіліся і своечасова звярнуліся ў аддзел па надзвычайных сітуацыях, было выратавана жыццё чалавека, — кажа начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік. — Мужчына прабыў у вадзе дастаткова доўга, кожная наступная хвіліна магла б прывесці да гібелі. У такой сітуацыі вельмі важна адразу ж вызываць выратавальнікаў. Ад імя раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях выказваю падзяку юным героям. 19 студзеня пры правядзенні афіцыйнага святкавання Дня выратавальніка, падлеткі будуць узнагароджаны