У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, начальнікі (намеснікі начальнікаў) упраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый і служб раёна, дэпутаты сельскіх Саветаў дэпутатаў, старасты сельскіх населеных пунктаў, старшыні вулічных камітэтаў, святары Карэліцкага благачыння.
На абмеркаванне ўдзельнікаў семінара была прапанавана тэма: «Аб узаемадзеянні органаў улады з насельніцтвам у вырашэнні пытанняў бяспечнага пражывання грамадзян, ліквідацыі наступстваў небяспечных метэаралагічных з’яў».
Пад пастаянным кантролем
Слова трымаў старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош:
— Семінар з удзелам органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання стаў у раёне традыцыйным. Звычайна такія сустрэчы праходзяць у вясенні перыяд. Чаму наспела неабходнасць правесці яго зараз? Вырашэнне пытанняў жыццядзейнасці, забеспячэнне пражывання грамадзян у раёне знаходзяцца пад пастаянным кантролем як органаў выканаўчай улады, пэўных служб і арганізацый, так і прадстаўнічай, у першую чаргу, пярвічнага і базавага ўзроўняў — сельскіх Саветаў дэпутатаў і раённага Савета дэпутатаў.
Аб сваёй бяспецы павінны непакоіцца і самі людзі. Але ў выпадку стыхійных бедстваў, пэўных прыродных катаклізмаў мы, часам, аказваемся бездапаможнымі. У эпіцэнтры ўрагану 13 ліпеня аказаліся і жыхары шэрагу сельсаветаў, асабліва пацярпелі Лукскі, Ярэміцкі, Жухавіцкі, Турэцкі і Мірскі.
Стыхія закранула не толькі шэраг раёнаў нашай вобласці. Яна стала яшчэ больш сур’ёзным выпрабаваннем для Гомельскай вобласці. Гэтая тэма стала аб’ектам увагі не толькі грамадскасці, але і Кіраўніка дзяржавы. 23 ліпеня было прынята распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 134 «Аб ліквідацыі наступстваў небяспечных метэаралагічных з’яў», дзе даручана канкрэтным міністэрствам, аблвыканкамам правесці адпаведныя работы па ліквідацыі наступстваў стыхіі, у тым ліку па жылфонду, на аб’ектах сацыяльнай сферы, сельскагаспадарчага назначэння.
Для кожнай вобласці, улічваючы ступень урону, устаноўлены канкрэтныя тэрміны аднаўлення. На тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў жыллёвым фондзе і на аб’ектах сацыяльнай сферы — да 23 жніўня 2024 года; на аб’ектах сельскагаспадарчага назначэння — да 1 верасня 2024 года Вось чаму было прынята рашэнне правесці такі расшыраны семінар.
Быць пільнымі і прадбачлівымі
Нагадаўшы пра дні напружанай і сумеснай працы па ліквідацыі наступстваў стыхіі, начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік засяродзіў увагу прысутных на тых уроках, якія давялолся вынесці пасля ўрагану. Акцэнтаваў асаблівую ўвагу на вялікіх дрэвах, якія растуць побач з дамамі. «У першую чаргу, адказнасць кладзецца на гаспадара, калі дрэва расце на прысядзібным участку», — адзначыў ён і заклікаў грамадзян праяўляць пільнасць і актыўнасць, каб засцерагчы сябе ад нечаканай бяды. Як паказалі работы па ліквідацыі наступстваў стыхіі, дапамагалі ў бядзе работнікі пэўных службаў і мясцовай гаспадаркі.
Прамоўца парэкамендаваў не быць абыякавымі да SМS-паведамленняў аб умовах надвор’я і прымаць гэтыя звесткі да ведама. У такія моманты неабходна абмежаваць далёкія паездкі і знаходзіцца дома ў перыяд моцнага шквалістага ветру і выбраць для знаходжання падвальнае памяшканне.
Стыхія дабавіла клопатаў і мясцовым электраманцёрам — пасля навальнічнай стыхіі паступілі 54 заяўкі на ліквідацыю пашкоджанняў ліній электраперадач. На нарадзе галоўны інжынер Карэліцкага раёна электрасетак Ігар Самалюк парэкамендаваў:
«Набліжацца да правадоў бліжэй, чым на восем метраў, забараняецца» і выказаў прапанову: «Мы можам аказаць дапамогу ў спілоўванні вялікіх дрэў, а вось прыбраць галлё — гэта ўжо клопат сельсавета і жыхароў населеных пунктаў».
Дрэвы і іх ліквідацыя
Пра дрэвы і іх ліквідацыю, асабліва вялікіх, на нарадзе было сказана шмат. Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Сянкевіч растлумачыў правілы ліквідацыі аб’ектаў расліннага свету.
Калі дрэва расце на ўласным участку чалавека, то яго спілоўваннем павінен займацца сам гаспадар. Для гэтага неабходна прыцягваць спецыялізаваную арганізацыю. Калі ж дрэва знаходзіцца на землях сельскага Савета, то вясковец павінен звяртацца ў сельскі Савет, каб гэтае дрэва было прызнана пагражаючым. Затым сельсавет звяртаецца за дазволам спілаваць насаджэнне ў райвыканкам або лясніцтва. Пасля атрымання дазволу выдаленне дрэва праводзіцца сіламі сельсавета. Аналагічная сітуацыя, калі дрэва ўпала.
Нераўнадушных шмат
Навальнічная стыхія і моцны вецер абрушыліся на лукскую зямлю нечакана. Яны прынеслі вялікую бяду: былі сарваны дахі дамоў, пашкоджана інфраструктура, сельскагаспадарчыя пабудовы, павалены велізарныя дрэвы, якія загарадзілі дарогі. На сустрэчы старшыня Лукскага сельскага выканаўчага камітэта Генадзій Арцюх паведаміў пра тое, што ў барацьбе з наступствамі стыхіі яны аказаліся не адны, на дапамогу прыйшло шмат нераўнадушных людзей. У першую чаргу лівідавалі ўпаўшыя дрэвы, якія перашкаджалі праезду, дапамаглі занятым на жніве, інвалідам першай і другой груп, састарэлым людзям. Асабліва шмат зваротаў было па аварыйных дрэвах, па магчымасці іх стараліся выканаць. Адкрытым застаецца пытанне ўборкі галін дрэў і шыферу, але і гэтае пытанне будуць вырашаць.
Прагучала прапанова аб правядзенні суботніка на мясцовых могілках: на святым месцы трэба навесці належны парадак.
Прапанова ад банка
Дырэктар ЦБП № 411 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г.п. Карэлічы Вольга Марцута прапанавала скарыстацца крэдытнай падтрымкай ад Беларусбанка. У якасці прыкладу яна назвала крэдыт «На родныя тавары» — крэдыт прадастаўляецца толькі на тавары айчыннай вытворчасці. З дапамогай крэдыта «Партнёр Аптымальны» таксама можна набыць тавары беларускіх вытворцаў.
Вольга Іосіфаўна нагадала аб супрацоўніцтве Беларусбанка з ААТ «Славная кровля». Для набыцця вырабаў дадзенай кампаніі можна выкарыстаць магчымасць і ўзяць крэдыт «Партнер Online».
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА