Галоўная / Навiны / Навiны раёна
20.03.2023

У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва Генадзь Шатуеў сустрэўся з калектывам КСУП «Чарняхоўскі-Агра»

 Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы №1 у рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва сустрэліся з калектывам ДП “Чарняхоўскі-Агра”.

Сустрэча была прысвечана васьмідзесяцігоддзю трагедыі ў Хатыні і вынікам расследавання генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Выступаючы перад працаўнікамі прадпрыемства, старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў адзначыў:

— Хатынь — гэта сімвал тысяч вёсак, якія былі спалены разам з жыхарамі. Некаторыя з іх ніколі не былі адноўлены. У тых, хто знішчаў паселішчы, забіваў ні ў чым не вінаватых людзей, не засталося нічога чалавечага.

Кіраўнік раёна адзначыў, што абавязак кожнага грамадзяніна — памятаць аб тым, што адбывалася ў час той жудасны час, бо ў нашай краіне няма такой сям’і, якую не кранула б вайна.

Расказваючы аб расследаванні генацыду беларускага народа, якое правяла Генеральная пракуратура, Генадзій Мікалаевіч сказаў, што дзякуючы працы спецыялістаў, мы даведваемся шмат новых фактаў, пра якія не ведалі раней.

Наступным перад прысутнымі выступіў начальнік аддзела ўнутраных спраў Карэліцкага райвыканкама Аляксей Гаўрош, які папярэдзіў аб тэлефонных і інтэрнэт-махлярах.

— Прадстаўнікі банкаў не будуць праводзіць аперацыі па тэлефоне. Яны заўжды запрашаюць сваіх кліентаў у банк. Не давярайце махлярам, — папярэдзіў Аляксей Іванавіч.

Яшчэ адным пытаннем, якое закрануў Аляксей Гаўрош, сталі фішынгавыя сайты, якія знешне падобныя на знакамітыя гандлёвыя пляцоўкі, але крадуць дадзеныя, якія ўводзіць няўважлівы карыстальнік.

Начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік заўважыў, што хутка пачнецца сезон уборкі навакольных тэрыторый, і папрасіў не губляць пільнасць пры спальванні смецця.

— Не пакідайце кастры без нагляду, асабліва, калі надвор’е ветранае, — параіў выратавальнік.

Таксама працаўнікам прадпрыемства нагадалі, што спальваць сухую расліннасць забаронена, а парушальнікаў чакае штраф ад 10 да 40 базавых велічынь.

Звярнуўся Дзяніс Аляксандравіч і да пытання дзіцячай бяспекі, адзначыўшы, што большасць здарэнняў, у якіх пакутуюць дзеці, звязана з тым, што бацькі, занятыя сваімі справамі, пакідаюць дзяцей без нагляду.

Выратавальнік адзначыў, што ў школах і дзіцячых садках праводзяцца заняткі, на якіх дзяцей вучаць правілам бяспечных паводзін, але бацькі таксама павінны прымаць удзел у выхаванні дзяцей.

— Размаўляйце са сваімі дзеткамі пра бяспеку, — папрасіў Дзяніс Аляксандравіч. — Паказвайце ім, як правільна трэба паступаць. Памяняйцеся з імі ролямі — няхай яны растлумачаць вам, як патрэбна сябе паводзіць.