Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.08.2024

У сярэдняй школе №2 г.п. Карэлічы ліквідавалі другую змену. Што пра гэта думаюць бацькі і настаўнікі

 З першага верасня  ў  сярэдняй школе  № 2 г.п. Карэлічы  будзе ліквідавана другая змена.


На працягу  многіх гадоў з-за вялікай колькасці навучэнцаў у СШ № 2 райцэнтра не было магчымасці праводзіць урокі ў адну змену.  Таму вучні пачатковых класаў, а дакладней трэціх і чацвёртых, вучыліся ў другую змену. Са з’яўленнем магчымасці перанесці школьную бібліятэку, экспанаты школьнага краязнаўчага музея, кабінеты  педагога-псіхолага, абслугоўваючай і тэхнічнай працы  ў будынак былога Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пытанне ўдалося вырашыць на карысць вучняў, бацькоў і педагогаў.

За больш падрабязнымі каментарыямі звярнуліся да дырэктара навучальнай установы Вікенція Браніцкага:

— Будынак,  у якім раней размяшчаўся Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі,  быў  перададзены нашай установе адукацыі 1 верасня 2023 года. У сувязі з гэтым з’явілася магчымасць арганізаваць рэжым працы школы ў адну змену. Улічваючы больш чым стогадовы ўзрост будынка, падрыхтаваць памяшканні для прыёму навучэнцаў было няпроста. Тым не менш,  дзякуючы падтрымцы Карэліцкага райвыканкама, актыўнай уцягнутасці работнікаў установы выкананы значны аб’ём работ: да будынка праведзены вадаправод,  зроблена каналізацыя, падвясныя столі, выкананы рамонт сцен, асвятлення, падключана  абсталяванне.

Тут  з’явіліся два   кабінеты для правядзення заняткаў па абслугоўваючай працы: прадугледжана арганізацыя зон кулінарыі і шыцця. У гэтым жа будынку выдзелена памяшканне для  кабінета тэхнічнай працы.

Кабінеты абслугоўваючай працы

Настаўнік Дзмітрый Нарбутовіч у кабінеце тэхнічнай працы

Тут зроблены рамонт падлогі, падключаны станкі.  Новае абсталяванне кабінетаў тэхнічнай і абслугоўваючай працы ва ўстанову адукацыі паступае ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы і фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту.

Кабінеты педагога-псіхолага, дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, бібліятэка, школьны краязнаўчы музей таксама атрымалі новую прапіску.

Бібліятэка

У распараджэнне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу паступіла і адрамантаваная актавая зала.

Абноўленая актавая зала

Праведзены рамонт фае будынка.

У вызваленых памяшканнях  асноўнага будынка школы абсталяваны кабінеты пачатковых класаў, геаграфіі і англійскай мовы.

Кабінеты пачатковых класаў

Дзякуючы агульным намаганням  з першага верасня бягучага года ўстанова адукацыі пачне працаваць у адну, першую,  змену. Пачатак заняткаў для ўсіх вучняў школы — 9.00. Ужо зусім хутка празвініць першы званок і школа напоўніцца дзіцячымі галасамі.

Настаўнік пачатковых класаў Ларыса Шугля лічыць:

— І для дзяцей, і для бацькоў ліквідацыя другой змены — гэта ў першую чаргу камфорт і звыклы лад жыцця, які  ўжо выпрацаваўся за  два гады навучання ў школе.  Як педагог са шматгадовай практыкай работы лічу, што працаздольнасць вучняў у першай палове дня больш высокая, накіраваная на адукацыйны працэс. Спадзяюся, што навучанне ў першую змену будзе спрыяць больш высокаму засваенню  ведаў па вучэбных прадметах.

Мама вучаніцы трэцяга класа Сняжанна Каляда дзеліцца:

— Усё, што адбываецца ў нашай школе нас, бацькоў, радуе. Дзеці захопленыя, ім падабаецца  як навучальны працэс, так і  пазакласная работа. Адзіны момант, які заўсёды хваляваў усіх бацькоў рабят,   — гэта навучанне трэцякласнікаў  у другую змену.  Калі даведаліся, што з гэтага навучальнага года ўсё зменіцца, то ўзрадаваліся і дзеці, і бацькі. Хочацца выказаць словы падзякі адміністрацыі школы, кіраўніцтву раёна за тое, што пачулі пажаданні бацькоў,  і нашы дзеці будуць вучыцца,  не змяняючы звыклага для іх рэжыму,  у першую змену.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара і з архіва газеты «Полымя»