Афіцыйны сайт
28 ліпеня 2021

У СВК "Жухавічы" атрымліваюць 70,8 цэнтнера збожжавых з гектара. Даведаліся, у чым сакрэт поспеху аграрыяў

 70,8 цэнтнера збожжавых з гектара атрымліваюць у гэтым годзе ў СВК «Жухавічы». Сельгаскааператыў зноў пацвердзіў рэпутацыю галоўнай жытніцы Карэліцкага раёна. У чым жа сакрэт поспеху жухавіцкіх хлебаробаў?

— Збожжавы клін у гаспадарцы займае 2 070 гектараў, — уводзіць у курс справы галоўны аграном СВК «Жухавічы» Андрэй Бараноўскі. — На сёння ўбрана 33%. Атрымана амаль 5 тысяч тон збожжа. Сакрэтаў у нас ніякіх няма. Галоўнае — гэта захаванне тэхналогіі апрацоўкі глебы, сяўбы і догляду за пасевамі. Акрамя таго, нашы фінансавыя магчымасці дазваляюць купляць у неабходнай колькасці мінеральныя ўгнаенні, каб унесці пад патрэбнасць кожнай культуры. Ужываем сродкі абароны ад шкоднікаў, хвароб, праводзім хімпраполку. Важную ролю адыгрывае і насенны матэрыял. СВК «Жухавічы» — гэта элітная гаспадарка, дзе выкарыстоўваецца элітнае і суперэлітнае насенне беларускай селекцыі. Акрамя таго, апошнія два гады пашыраем плошчы пад пшаніцу нямецкай селекцыі, якая мае высокі патэнцыял.

Сёння ў сельгаспрадпрыемстве на ўборцы збожжавых і рапсу працуюць 11 камбайнаў, 6 аўтамабіляў на адвозцы (яшчэ 4 ў рэзерве) і 4 зернесушыльныя комплексы. Неўзабаве машынна-трактарны парк папоўніцца новым камбайнам «Палессе».

На зернесушыльным комплексе ў Малых Жухавічах горача і пахне хлебам. Побач з золатам палёў чарнее рапс. Збожжасушылка працуе без стомы. На працягу ўсёй уборачнай кампаніі яе абслугоўваюць Аляксандр Рамановіч і Дзмітрый Дабрыян. Плячом да пляча хлопцы працуюць ужо чацвёрты сезон. Распавядаюць, што па шасціметровай лесвіцы зернесушылкі за дзень уверх і ўніз намотваюць кіламетраў па 10.

— Затое мы ў добрай форме, — усміхаецца Аляксандр, дарэчы, адзін з лепшых лёгкаатлетаў раёна, — у нас яшчэ рацыі ёсць для перамоваў. Бо пры такім шуме адзін да аднаго не дакрычышся ды і не набегаешся па спякоце.

Тут жа, на зернесушылцы, працуе моладзь са студатрада: падсыпаюць зерне, падмятаюць смецце, якое ўтвараецца прама на вачах.

— Я жыву ў Мінску, у Жухавічы прыехала да бабулі, даведалася пра будатрад і вырашыла паглядзець, што гэта такое, — расказвае навучэнка каледжа Дзіяна Міхайлік. — Вядома, працаваць няпроста, але ў нас выдатная каманда, усе адзін аднаму дапамагаюць.

Дзмітрый Ваўчок, які жыве ў Жухавічах, а вучыцца ў аграрным каледжы ў Ляхавічах, працуе нароўні з дарослымі, па 12 гадзін.

— Мне ўжо 18, так што ўсё па сілах, — кажа будучы аграном. — Абяцаюць заплаціць тысячу рублёў, можна і папацець.

Як раз на КЗС прывозяць абед. Порцыі салідныя: вялікая талерка халадніку, рысавая каша, важкі шніцаль, кампот і кавалак батона.

Усе: ад малога да вялікага — садзяцца за стол і з апетытам пачынаюць абедаць. Мы ж адпраўляемся на хлебную ніву. Адразу тры збожжаўборачныя камбайны плывуць па залатым полі. Адзін з перадавых камбайнераў — Сяргей Зарубайка. На сваім КЗС-1218 ён ужо намалаціў 735 кілаграмаў хлеба. Кажа, што на ўборачнай дзясяты сезон, агульны стаж у сельгаскааператыве — амаль 30 гадоў.

— Як і ўсе вясковыя, да працы прывык з дзяцінства, — кажа Сяргей. — Яшчэ хлапчуком ездзіў з бацькам у кабіне сельгастэхнікі. Цяпер вось пляменніка вучу, узяў да сябе памочнікам.

Побач сціпла ўсміхаецца навучэнец Навагрудскага аграрнага каледжа Яўген Штэйн:

— Прыйшоў сюды, каб падзарабіць. Так, няпроста гэта, пачынаем рана, заканчваем позна. Але ёсць мэта — дапамагчы бацькам з рэканструкцыяй дома. Ды і праз год прыйду сюды аграномам, трэба ўцягвацца патроху.

Побач з  працуючымі камбайнамі ў чаканні намалоту стаіць МАЗ, за рулём якога вадзіцель Сяргей Богуш. На яго рахунку ўжо тысяча тон перавезенага хлеба. Як і многія тут, ён мясцовы, прыйшоў у калгас адразу пасля арміі і застаўся. Круціць баранку 20 гадоў.

— Кожны год і я, і нашы хлопцы з нецярпеннем чакаем, калі пачнецца жніво, — кажа кіроўца. — Сэрца ціхенька спявае, калі чую, як у прычэп сыплецца хлеб. Ды і зарабіць можна. У мяне сям’я, дом, сын у гэтым годзе школу закончыў, паступае.

Пераязджаем на поле, дзе ўбіраюць рапс. Андрэй Бараноўскі расказвае, што рапс у гэтым годзе падкачаў, не даў добрай аддачы.

— 25 цэнтнераў з гектара атрымліваем, у мінулым годзе было 50. Недахоп вільгаці пры наліве культуры адыграў сваю адмоўную ролю. Насенне, можна сказаць, як мак. Глядзіш на гэта і сэрца сціскаецца, бо працавалі з поўнай аддачай, тэхналогію выканалі. Вядома, ураджайнасць у выніку будзе вышэй, бо мы ў пачатку ўборкі. І, безумоўна, рапс усё роўна будзе рэнтабельным. Нешта пойдзе на продаж, нешта перапрацуем на ўласнай лініі па вытворчасці рапсавага алею. Такім чынам забяспечым пагалоўе каштоўным пажыўным кормам — рапсавым жмыхом, алей пойдзе на продаж.

Камбайнер Ігар Анупрыёнак і яго памочнік Мікіта Марэеў згаджаюцца спусціцца з кабіны свайго стэпавага карабля на хвілінку: часу на размовы няма, трэба малаціць.

Ігар трэці год працуе ў «Жухавічах», хоць за плячыма 20-гадовы механізатарскі стаж. Ездзіць сюды на працу з Мядзвядкі. Мікіта ў гэтым годзе скончыў Карэліцкі ліцэй з дыпломам зваршчыка, законны адпачынак вырашыў патраціць на работу ў полі:

— Праца вельмі адказная, разумею, што трэба дапамагчы. Хутка прыступлю да абавязкаў зваршчыка, не выключана, што калі-небудзь сяду за штурвал стэпавага карабля.