Галоўная / Навiны / Навiны раёна
24.03.2023

У вёсцы Новае Сяло адбыўся мітынг, прымеркаваны да гадавіны трагедыі ў Хатыні (+відэа)

 

22 сакавіка, у дзень 80-годдзя хатынскай трагедыі, у вёсцы Новае Сяло Ярэміцкага сельскага Савета адбыўся мітынг-рэквіем “Забыць такое немагчыма, бо забыць нельга” па трагічна загінулых мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вялікая Айчынная вайна пакінула беларускаму народу цяжкую спадчыну-памяць аб страшных трагедыях людзей, якія сталі сведкамі і ахвярамі жахлівых злачынстваў фашызму. Сёння мы аддаём даніну памяці жыхарам Хатыні, спаленай нацыстамі. Успамінаючы трагічныя падзеі, мы ўспамінаем тысячы па-зверску знішчаных вёсак. Аплакваючы ахвяр гэтых жудасных падзей, аплакваем кожнага трэцяга жыхара Беларусі, які загінуў падчас Другой сусветнай вайны.

 

У гады Вялікай Айчыннай вайны страшэнная гісторыя хатынскай трагедыі як у лютэрку адбілася і на вёсках Карэліччыны. 12 вёсак у нашага раёна былі знішчаны фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У сакавіку 1943 года больш за трыста жыхароў вёскі Новае Сяло былі жыўцом спалены. Сёння магіла ахвяр фашызму стала ўвасабленнем памяці і смутку аб сотнях расстраляных жыхароў населенага пункта.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі Карэліцкага райвыканкама на чале старшыні Генадзія Шатуева, органы мясцовай улады, сельскіх выканкамаў раёна, педагогі і вучні ДУА “Ярэміцкая базавая школа імя Уладзіміра Калесніка”.

З прамовай да прысутных звярнуўся старшыня Ярэміцкага сельвыканкама Пётр Навумовіч.

– Нам ніколі не забыць страшныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мы ніколі не даруем жорсткасць, нялюдскасць і бясчынствы ворага на нашай зямлі.
Тэрыторыя Ярэміцкага сельскага Савета моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут знаходзіцца 10 памятных месцаў, дзе пахаваны мірныя жыхары і воіны Чырвонай Арміі. Пакуль мы прыходзім да помнікаў і святыняў – мы людзі. Значыць, мы будзем жыць і будзе існаваць наша краіна. Як толькі мы забудзем гэтыя сцежкі, гэтыя дарогі да святых месцаў, мы загінем як народ і як нацыя.

Слова трымала вучаніца шостага класа ДУА “Ярэміцкая базавая школа імя Уладзіміра Калесніка” Анастасія Сініца. Дзяўчынка адзначыла, што занадта дарагой цаной дасталася свабода роднай зямлі нашаму народу.

– Гістарычную памяць аб тых страшных гадах мы беражліва захаваем і перададзім наступным пакаленням, як імунітэт супраць любой ваеннай агрэсіі і нацыянальнай варожасці. Мы, юнае пакаленне беларусаў, нашчадкі Перамогі, носьбіты геннай памяці нечалавечых пакут, якія давялося перажыць нашаму народу, гаворым усім: “Няхай журботны звон званоў Хатыні гучыць і перасцерагае ад паўтарэння страшнай трагедыі. Няхай іх металічны плач данясецца да тых куткоў Зямлі, дзе сёння забыліся пра тое, што жыццё – гэта дарунак звыш, што мір – самая вялікая каштоўнасць.

Памяць – гэта адзінае, што застаецца з намі, і чым мы можам аддзячыць тым, хто не вярнуўся з вайны і загінуў у гады ваеннага ліхалецця? Яны загінулі дзеля нас, сёння яны вартыя вечнай славы, вечнай памяці. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі загінулых ад зверстваў фашызму.

Пасля мітынгу адбылося ўскладанне кветак да мемарыяла.

Завяршылася ўрачыстасць аўтапрабегам па спаленых вёсках Карэліцкага раёна па маршруце в. Новае Сяло – в. Лядкі – в. Пагарэлка – в. Сіняўская Слабада – агр. Ярэмічы – агр. Турэц, падчас якога ўдзельнікамі былі ўскладзены кветкі на месцах ушанавання загінулых.