10.12.2021

У вёсцы Паланая жыве незвычайная птушка сям'я-лебедзь Гоша і гуска Глаша

 Незвычайная птушыная сям’я жыве ў вёсцы Паланая Красненскага сельсавета. Лебедзь Гоша і гуска Глаша — сапраўдныя ўлюбёнцы сям’і Багушэвіч.

— Гоша з’явіўся ў нас тры гады таму, — расказвае Аляксей Багушэвіч. — Справа была ў лістападзе, было холадна, марозна. Прыбеглі вясковыя дзеці і расказалі, што знайшлі ў полі гусака, маўляў, шыпіць, не падпускае. Я апрануўся і пайшоў паглядзець, што там за гусак такі. Аказалася, што гэта лебедзь, зусім малады, прыкладна трох месяцаў ад роду.

Аляксей забраў птушку дадому, агледзеў. Аказалася, што ў лебедзя зламаная левая лапа. Мабыць, у маладой птушкі не хапіла сіл, каб працягнуць шлях і яна каменем звалілася ўніз, так і пашкодзіла лапу. Аднак лячыць яго ў акрузе ніхто не ўзяўся, так і застаўся знайдыш у Багушэвічаў. Кармілі яго ўсю зіму пшаніцай, трымалі ў цёплым хляве. Увесну паспрабавалі выпусціць, аднак Гоша (так назвалі птушку ў сям’і), зрабіўшы пару кругоў над домам, апусціўся ўніз. Так і жыве ўжо чацвёрты год у сваіх выратавальнікаў.

— У гэтым годзе бацька вырашыў падсадзіць да яго сяброўку — гуску Глашу, — усміхаецца Аляксей. — Як вядома, лебедзі — птушкі, якія жывуць парамі і вельмі шануюць адзін аднаго.  Спачатку яны паставіліся адзін да аднаго насцярожана, шыпелі, а потым прывыклі і пасябравалі. Зараз усюды толькі разам: і ядуць, і плаваюць, і чысцяць адзін аднаго, і нават набегі на маміны кветнікі ўдваіх здзяйсняюць.

Сапраўды, птушкі трымаюцца адна каля адной, шпацыруюць па першым снезе, пільна сочаць, каб чужы блізка не падыходзіў.

Жыве ў сям’і Багушэвіч і яшчэ адзін знайдыш — кошку Бусю нядаўна знайшлі на сметніку, адагрэлі.

— Я думаю, Буся трапіла да нас невыпадкова: у нас нядаўна памерла кошачка, а тут на яе месца прыйшла Буся, замяніла яе, — кажа Аляксей. — Мы іх усіх вельмі любім: і Гошу, і Глашу, і Бусю — гэта члены нашай сям’і. А калі яшчэ камусьці  дапамога спатрэбіцца, вядома, прытулім, у нас дом вялікі, усім месца хопіць.