Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
22.08.2024

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Жук: "Тэма міру і бяспекі не раз на мінулым тыдні гучала ў Прэзідэнта Беларусі"

 Тэма міру і бяспекі не раз на мінулым тыдні гучала ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Нацыянальны лідар чарговы раз падкрэслівае: «Мы гатовыя, цалкам гатовыя, каб процідзейнічаць любым пагрозам, якія існуюць супраць Беларусі».


— Тэма нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь заўсёды была ў ліку прыярытэтных у рабочай павестцы нашага Прэзідэнта, — адзначае член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Жук. — Нездарма на сёмым Усебеларускім народным сходзе ўсім народам была падтрымана і адобрана Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Важнасць гэтага накірунку, перакананы, ні ў каго не выклікае сумненняў. Толькі ў бяспечным свеце мы можам развівацца, будаваць нашу краіну, ствараць камфортныя ўмовы для жыцця нашага насельніцтва. Прэзідэнт у сваіх выступленнях і інтэрв’ю неаднаразова звяртаецца да тэмы нацыянальнай бяспекі, асабліва цяпер, калі на паўднёвай мяжы неспакойна і ёсць элементы напружанасці. Разам з тым наш нацыянальны лідар заўсёды ўпэўнена заяўляе, што абароназдольнасць Рэспублікі Беларусь, нашых межаў знаходзіцца на вышэйшым узроўні. Бо ўсе гады прэзідэнцтва, усе гады будаўніцтва суверэннай і незалежнай Беларусі заўсёды надавалася першарадная ўвага развіццю нашых Узброеных Сіл, пабудове кампактнай, і ў той жа час магутнай і сучаснай арміі. Мы ведаем, што на гэта затрачваюцца значныя рэсурсы, але кожны жыхар нашай краіны выдатна разумее: каб жыць у міры, трэба мець моцную армію і ўмець даць адпор.

У сваім інтэрв’ю тэлеканалу «Расія» Прэзідэнт выразна адзначыў, што ніякіх папярэджанняў, так званых «чырвоных ліній» не будзе. Бо гэтая лінія ёсць — дзяржаўная граніца. У выпадку ўварвання на тэрыторыю Беларусі мы дадзім імгненны і дзейсны адпор, будзем абараняць сваю зямлю, Радзіму і прыярытэты, як гэта рабілі нашы дзяды ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Беларусь — гэта міралюбная дзяржава, мы ніколі нікому не стваралі ніякіх праблем, не нацэльваліся на чужыя тэрыторыі і землі. Мы заўсёды за мір, за мірнае суіснаванне з усімі суседзямі. А іх, як вядома, не выбіраюць. І калі нам наканавана жыць у асяроддзі тых краін, што знаходзяцца па перыметры вакол нас, мы гэта прымаем. І тое, што яны ўжываюць супраць нас недружалюбныя меры ў выглядзе забароны на ўезд і закрыцця межаў, не спыняе нас у імкненні жыць дружна, у міры і згодзе. Як пацвярджэнне таму — нядаўна Беларусь адкрыла бязвізавы ўезд для грамадзян яшчэ 35 краін. Падчас інтэрв’ю Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў нашу міратворчую пазіцыю: Расіі і Украіне неабходна сесці за стол перагавораў, бо простыя ўкраінцы не хочуць ваяваць, ім, як і ўсім на планеце, патрэбны мір. Але кіраўніцтва Украіны ў свой час праігнаравала Мінскія пагадненні, пайшло на паваду ў Захаду. Калектыўны Захад зацікаўлены ў развіцці канфлікту. Азірнемся на гісторыю Першай і Другой сусветных войнаў — ЗША заўсёды рашалі перш за ўсё свае эканамічныя праблемы. Войны былі далёка ад іх межаў, а эканоміка развівалася за кошт вытворчасці ўзбраення.

Абмяркоўваючы пытанні міру і вайны, Прэзідэнт заўсёды падкрэслівае: «Калі не хочам, як Украіна, ваяваць, давайце ў полі будзем працаваць». Эканоміка — вось пытанне нумар адзін. Нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск, беларуская эканоміка дэманструе станоўчыя тэндэнцыі: выраслі валавы ўнутраны прадукт і валавы рэгіянальны прадукт, рэальныя даходы насельніцтва, чысты прыбытак. Гэта дазваляе нам ісці далей, развіваць сацыяльную інфраструктуру, павышаць пенсіі і заработную плату, будаваць аб’екты адукацыі і аховы здароўя, укладваць сродкі ў будаўніцтва і рамонт дарог. Увогуле рабіць усё, каб нашым людзям жылося спакойна і камфортна.

Іна ЛЕЙКА