Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
28.08.2024

Качанава: супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана павінна развівацца і ўмацоўвацца

 Супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана павінна развівацца і ўмацоўвацца, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час сустрэчы са старшынёй Сената Олій Мажліса Танзілай Нарбаевай, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Сапраўды, нашы краіны дружалюбныя. Мы ментальна вельмі падобныя. Нас шмат што звязвае. І наша супрацоўніцтва развіваецца абсалютна па ўсіх напрамках. І танальнасць нашым дружалюбным адносінам задаюць нашы прэзідэнты, - адзначыла Наталля Качанава. - Калі мы рыхтаваліся да гэтага візіту, мы пераканаліся чарговы раз, што дарожная карта супрацоўніцтва на 2024-2025 гады, якая была падпісана нашымі прэзідэнтамі, паспяхова рэалізуецца. Думаю, што з візітам прэм'ер-міністра Узбекістана ў нашу краіну яшчэ будуць новыя дамоўленасці", - адзначыла Наталля Качанава.

Паводле слоў спікера, супрацоўніцтва дзвюх краін узаемавыгаднае. "У эканоміцы - гэта стварэнне сумесных вытворчасцей, пастаўка тавараў, абмен новымі тэхналогіямі. І, вядома, у нас яшчэ вялікі патэнцыял у нашым супрацоўніцтве. У гэтым няма ніякага сумнення. Мы з вялікай радасцю канстатуем той факт, што самае галоўнае сёння, напэўна, у тым, што ў нас ёсць адзін у аднаго чаму павучыцца. Мы разумеем, што нашаму супрацоўніцтву быць і развівацца ў далейшым. А мы, парламентарыі, будзем рабіць усё для таго, каб гэтыя адносіны развіваліся і ўмацоўваліся", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

У сустрэчы таксама прынялі ўдзел члены парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь, члены групы дружбы Сената Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан.

Беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай з афіцыйным візітам знаходзіцца ва Узбекістане. Гэтымі днямі ў Ташкенце праходзіць II Узбекска-беларускі жаночы бізнес-форум. Ад беларускага боку ў ім прымаюць удзел каля 100 прадстаўнікоў бізнес-супольнасці і дзяржаўных органаў. Напярэдадні ў першы дзень форуму былі арганізаваны шэсць тэматычных секцый зыходзячы з асноўных напрамкаў супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана - машынабудаванне, лёгкая прамысловасць, сельская гаспадарка, хімія і дрэваапрацоўка, медыцынскія і адукацыйныя паслугі, турызм. Асноўная мэта секцыйных пасяджэнняў - прадэманстраваць эканамічны патэнцыял Беларусі, зацікавіць ва ўстанаўленні новых кантактаў.

Сёння запланавана правядзенне пленарнага пасяджэння. У рамках форуму плануецца падпісанне камерцыйных кантрактаў і дакументаў аб супрацоўніцтве. У Савеце Рэспублікі нагадалі аб выніках I Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму: падпісана 14 мемарандумаў і пагадненняў аб супрацоўніцтве, уключаючы пагадненне аб стварэнні сумеснай гарбарна-абутковай вытворчасці, заключана 15 кантрактаў на больш як Br90 млн, або 350 млрд узбекскіх сумаў.