Геній-стартап




ЗАЦВЕРДЖАНА
Загад Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
14.06. 2016 № 99

ІНСТРУКЦЫЯ
аб парадку арганізацыі і правядзення
рэспубліканскага конкурсу праектаў і
ініцыятыў творчай моладзі “Геній-стартап”

1. Дадзеная Інструкцыя вызначае парадак арганізацыі і правядзення рэспубліканскага конкурсу праектаў і ініцыятыў творчай моладзі “Геній-стартап” (далей – конкурс).
2. Конкурс праводзіцца ў мэтах падтрымкі таленавітай моладзі Рэспублікі Беларусь, развіцця іх творчых здольнасцей, стымулявання іх творчай ініцыятывы, стварэння спрыяльных умоў для рэалізацыі культурных праектаў і ініцыятыў творчай моладзі, развіцця і падтрымкі новых для Рэспублікі Беларусь форм правядзення культурных мерапрыемстваў.
3. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (далей – Міністэрства культуры), Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам.
4. Для непасрэднага кіраўніцтва арганізацыяй і правядзеннем конкурсу ствараецца арганізацыйны камітэт, які фарміруецца з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў (са згоды іх кіраўнікоў) і зацікаўленых арганізацый.
Арганізацыйны камітэт конкурсу:
ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва падрыхтоўкай і правядзеннем конкурсу;
зацвярджае склад экспертнай камісіі і журы;
вырашае пытанні арганізацыйнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння падрыхтоўкі і правядзення конкурсу;
вырашае іншыя пытанні, якія ўзнікаюць у працэсе падрыхтоўкі і правядзення конкурсу.
5. У конкурсе могуць прымаць удзел арганізацыі Рэспублікі Беларусь (далей – удзельнікі конкурсу):
у якіх атрымліваюць адукацыю, працуюць на аснове працоўнага дагавора або членамі якіх з’яўляюцца грамадзяне ва ўзросце ад 18 да 31 года ўключна, якія займаюцца творчай дзейнасцю або падрыхтоўкай і правядзеннем культурных мерапрыемстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
у якіх колькасць работнікаў ва ўзросце ад 18 да 31 года ўключна складае не менш за 51% ад штатнай колькасці;
якія ажыццяўляюць культурную або адукацыйную дзейнасць не менш аднаго года і маюць вопыт рэалізацыі культурных праектаў.
Удзельнікі конкурсу прадстаўляюць на конкурс культурныя праекты творчай моладзі (далей – праекты).
6. Не разглядаюцца праекты, якія:
супярэчаць маральным каштоўнасцям беларускага грамадства, у тым ліку ўтрымліваюць прапаганду ці апраўданне ўжывання наркатычных (псіхатропных) сродкаў, спіртных напояў, табакакурэння, выкарыстання ненарматыўнай лексікі;
утрымліваюць элементы парнаграфіі, насілля, жорсткасці і (або) прыкмет праяўлення экстрэмізму;
утрымліваюць элементы запазычвання зместу іншых праектаў без указання крыніцы запазычвання.
7. Інфармацыя аб правядзенні конкурсу размяшчаецца да пачатку правядзення конкурсу ў газеце ”Культура“, на афіцыйным сайце Міністэрства культуры ў глабальнай камп’ютэрнай сетцы Інтэрнэт і павінна ўтрымліваць інфармацыю аб часе, месцы правядзення конкурсу, крытэрыі і парадак ацэнкі праектаў, парадак і тэрміны абвяшчэння вынікаў конкурсу, а таксама іншую неабходную інфармацыю.
8. Крытэрыямі ацэнкі праектаў з’яўляюцца:
ідэйна-мастацкі змест і арыгінальнасць аўтарскай задумы праекта;
сацыяльная значнасць і наватарскі характар праекта, яго накіраванасць на папулярызацыю беларускай нацыянальнай культуры, выкарыстанне пры яго рэалізацыі дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь;
удзел у рэалізацыі праекта прадстаўнікоў творчай моладзі Рэспублікі Беларусь (не менш чым 51% ад агульнай колькасці ўдзельнікаў праекта);
узровень прафесійных дасягненняў удзельнікаў праекта;
магчымасць рэалізацыі праекта на працягу года, у якім падведзены выніку конкурсу;
зацікаўленасць у выніках рэалізацыі праекта з боку дзяржаўных органаў, іншых арганізацый Рэспублікі Беларусь;
чакаемы сацыяльны і (або) эканамічны эфект ад рэалізацыі праекта.
9. Для ўдзелу ў конкурсе ў перыяд з 01.09.2016 па 01.12.2016 у Міністэрства культуры падаецца заяўка на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе праектаў і ініцыятыў творчай моладзі ”Геній-стартап“ па форме згодна з дадаткам да дадзенай Інструкцыі (далей – заяўка).
Да заяўкі прыкладаюцца не менш за дзве рэкамендацыі вядомых дзечаў культуры і мастацтва, творчых работнікаў, работнікаў культуры на папяровым носьбіце, якія павінны ўключаць ацэнку праекта і пацвярджэнне здольнасці рэалізаваць гэты праект.
9. Для папярэдняга разгляду паступіўшых заявак Міністэрства культуры стварае экспертную камісію. Персанальны склад экспертнай камісіі зацвярджаецца аргкамітэтам.
У склад экспертнай камісіі ўваходзяць вядомыя творчыя работнікі, работнікі ўстаноў адукацыі і арганізацый культуры, сродкаў масавай інфармацыі, прадзюсары, члены творчых саюзаў і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, а таксама прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У склад экспертнай камісіі не могуць уваходзіць асобы, якія звязаныя з удзельнікамі конкурсу працоўнымі або адукацыйнымі адносінамі.
10. Экспертная камісія ў перыяд з 02.12.2016 па 15.12.2016 разглядае заяўкі і прымае рашэнне аб адборы праектаў для разгляду журы.
Пры неабходнасці пасяджэнне экспертнай камісіі можа праходзіць у фармаце адкрытых абарон праектаў. Удзельнікі конкурсу могуць прымаць удзел у адкрытай абароне свайго праекта, але не маюць права прысутнічаць пры абмеркаванні і галасаванні па гэтаму праекту членаў экспертнай камісіі.
Пасяджэнне экспертнай камісіі лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае больш за палову яе членаў. Рашэнне экспертнай камісіі прымаецца адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў членаў камісіі, якія прысутнічалі на пасяджэнні, і афармляецца пратаколам, які падпісваюць старшыня і сакратар камісіі.
У выпадку роўнай колькасці галасоў, пададзеных за некалькіх удзельнікаў конкурсу, пераможцам лічыцца той, за каго прагаласаваў старшыня камісіі.
Члены экспертнай камісіі не маюць права паведамляць асобам, якія не ўваходзяць у яе склад, інфармацыю аб ходзе і выніках абмеркавання і галасавання.
11. Для падвядзення вынікаў і вызначэння пераможцаў конкурсу фарміруецца журы. Персанальны склад журы зацвярджаецца аргкамітэтам.
У склад журы ўваходзяць дзеячы культуры і мастацтва, вядомыя прадзюсары і кіраўнікі арганізацый культуры, устаноў адукацыі, работнікі сродкаў масавай інфармацыі, члены творчых саюзаў і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.
У склад журы не могуць уваходзіць асобы, звязаныя з удзельнікамі конкурсу працоўнымі або адукацыйнымі адносінамі.
12. Журы ў перыяд з 16.12.2016 па 15.01.2017 на падставе пратаколу экспертнай камісіі разглядае праекты, падводзіць вынікі конкурсу і вызначае пераможцаў.
Пасяджэнне журы лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае больш за палову членаў журы. Рашэнне журы прымаецца адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў. У выпадку роўнай колькасці галасоў, пададзеных за некалькіх удзельнікаў конкурсу, пераможцам лічыцца той, за каго прагаласаваў старшыня журы.
Рашэнне журы афармляецца пратаколам, які падпісваецца старшынёй журы і сакратаром, лічыцца канчатковым і перагляду не падлягае.
Члены журы не маюць права паведамляць асобам, якія не з’яўляюцца членамі журы, інфармацыю аб ходзе і выніках абмеркавання і галасавання.
13. Па выніках конкурсу журы вызначае дзесяць пераможцаў, якім устанаўліваецца грашовая прэмія ў памеры 20 базавых велічынь кожнаму.
Грашовая прэмія пералічваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь на банкаўскі рахунак удзельнікаў конкурсу, якія сталі пераможцамі, зыходзячы з памеру базавай велічыні на дату прыняцця рашэння.
Праекты ўдзельнікаў конкурсу, якія сталі пераможцамі, могуць быць рэалізаваны пры поўным ці частковым фінансаванні за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў.
14. Фінансаванне арганізацыі і правядзення конкурсу ажыццяўляецца ў межах сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў, а таксама за кошт іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.