Главная / Новости / Новости района
03.01.2024

1 января жительница Кореличского района отметила 100-летний юбилей

 1 студзеня адзначыла свой стагадовы юбілей Сафія Якаўлеўна Каспяровіч з  вёскі Лясок Красненскага сельскага Савета. Дасягненне гэтага саліднага ўзросту – вельмі значная падзея, таму што нямногім лёс дорыць такое даўгалецце. Годнае жыццё гэтага чалавека, як сцэнар кінафільма, захоплівае, здзіўляе і шмат чаму вучыць.

Нарадзілася Сафія Якаўлеўна ў 1924 годзе ў в. Лясок. У сям’і  была адна, бацька памёр,  калі яна была яшчэ малая. Гадавала  адна маці,  цяжка даводзілася жыць, многа трэба было працаваць. Калі дзяўчыне споўнілася васямнаццаць гадоў,  выйшла замуж за мясцовага юнака Аляксея.

– Хутка ў нас нарадзіўся старэйшы сын Мікалай. А калі  ў 1941 годзе пачалася  вайна, мой Аляксей пайшоў на фронт. Вельмі складаным было жыццё: жылі ў беднасці і страху, але нягледзячы на гэта,  усё роўна стараліся дапамагаць нашым салдатам – калі ежай, а калі  нават і начлег у хаце давалі. Не раз наведваліся ў хаты вяскоўцаў і немцы,  – успамінае жанчына.

Сафія Якаўлеўна і Аляксей Кірылавіч  выраслі побач, сябравалі з дзяцінства,  прайшлі выпрабаванне расстаннем і ў згодзе пражылі больш як сорак  гадоў. За гады сумеснага жыцця  пабудавалі дом, выхавалі дваіх дзяцей, а дзвюх дачушак пахавалі, калі тыя былі яшчэ маленькія. Сын Мікалай усё жыццё працаваў рабочым у розных арганізацыях  г. п. Карэлічы, а дачка Ірына была настаўнікам беларускай мовы і літаратуры адной з Мінскіх школ.  Сужэнцы заўсёды славіліся сваёй працавітасцю.

Сафія Якаўлена ў мясцовай гаспадарцы і жала, і касіла, і лён падымала, і арала, і нават людзей на падводзе вазіла, адтуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Да 92 гадоў пражыла ў в. Лясок. Жанчына садзіла агарод, трымала курэй і ёй цяжка было ўявіць, што некалі яна будзе жыць у гарадской кватэры. Вось ўжо пяць гадоў пра яе клапоціцца  ўнук Сяргей з жонкай Таццянай. Вялікая радасць для яе – трое ўнукаў, трое праўнукаў і чатыра прапраўнукі.

Спыталася ў юбіляршы, як атрымалася так добра выглядаць і адчуваць сябе, што да гэтага часу вочы гараць, энергія не згасае? Жанчына расцэньвае гэта як падарунак ад Бога. Яе сакрэт просты: рабіце толькі дабро і не жадайце нікому зла.

– Калі мяне хтосьці крыўдзіў, усім даравала, злосці ні на каго не трымала. Сама нікому ніколі не зрабіла нічога дрэннага. Вось такія простыя, але важныя прынцыпы, – з упэўненасцю сказала суразмоўца.

Урачыста павіншавалі юбіляра ганаровыя госці на чале з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Інай Богуш.

Звяртаючыся да імянінніцы, Іна Аляксандраўна адзначыла:

– Сто гадоў – гэта сур’ёзны ўзрост. Прыемна, што Вы пражылі годнае жыццё, Вамі ганарацца і сваякі, і землякі. Радуе, што да гэтай даты  падышлі ў добрым стане духу, захаваўшы і фізічную моц. Хочацца пажадаць Вам здароўя, каб кожны дзень прыносіў радасць, а блізкія людзі заўсёды былі побач.

Словы віншавання  прагучалі ад  дырэктара ЦСАН Карэліцкага раёна Інэсы Сямібратавай, намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК ”Маяк-Заполле” Вольгі Грыгаровіч і  піянераў СШ №2 г.п. Карэлічы.

Асабліва парадавалі стагадовую юбіляршу Дзед Мароз і Снягурачка,  а таксама музычны падарунак ад гасцей і супрацоўнікаў  ЦСАН Карэліцкага раёна.

Бабулька, якая перасягнула векавы юбілей, дрэнна чуе, але пажадаць дабра, міру і здароўя яна змагла ўсім, хто яе віншаваў.

Бываюць людзі, сустрэчы з якімі не проста акрыляюць і дораць зарад добрага настрою і энергіі. Яны не забываюцца нават праз гады, бо асобы гэтыя, нібы каштоўныя камяні, нясуць на сабе адбітак гістарычных вехаў  краіны.