Главная / Новости / Новости района
17.07.2023

12 ліпеня на тэрыторыі царквы святых апосталаў Пятра і Паўла ў аграгарадку Вялікія Жухавічы адбыўся Петрапаўлаўскі фэст

 12 ліпеня на тэрыторыі царквы святых апосталаў Пятра і Паўла ў аграгарадку Вялікія Жухавічы адбыўся Петрапаўлаўскі фэст, які сабраў святароў раёна, прыхаджан, вяскоўцаў, гасцей. Ад старога да малога прыйшлі ў святое месца і ў светлы дзень, каб душой дакрануцца да святыні і адчуць радасць, і ім гэта ўдалося зрабіць. Свята атрымалася па-добраму лагодным і прыемным, бо ўсе аб’ядналіся разам і імі кіравала вера ў Бога і любоў да бліжняга. Нават прырода падтрымлівала іх жаданне ладзіць свята: яркае ліпеньскае сонца адорвала сваімі промнямі, і на душы было спакойна і радасна.

САМАЕ ГАЛОЎНАЕ — ЛЮБОЎ ДА БОГА

З раніцы ў царкве святых апосталаў Пятра і Паўла адбылася святочная служба. А дванаццатай гадзіне прысутныя прынялі ўдзел у хросным ходзе.

Настаяцель царквы святых апосталаў Пятра і Паўла айцец Уладзімір Каляда адзначыў, што ў гэтым годзе вырашылі зрабіць сапраўднае свята, каб гэтым ушанаваць памяць апосталаў, у гонар якіх названа святыня. Па словах святара, «яны гарэлі верай, у іх было сяброўства з Богам і жаданне яму служыць».

Свае віншаванні з нагоды свята выказала выконваючая абавязкі старшыні Жухавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Тамара Гасціла. Прадстаўнік мясцовай улады пажадала Боскай абароны і светлай веры, пастаянных малітваў і зямных даброт, шчасця і радасці.

Мне давялося пагутарыць з прыхаджанкай царквы, жыхаркай аграгарадка Вялікія Жухавічы Ганнай Мамончык. «У мяне пачуццё і гонару, і радасці ад таго, што жыву на святой зямлі сваіх прапрашчураў, — гаворыць Ганна Ільінічна. — Менавіта тут наша радавое гняздо. Мне давялося ўстанавіць дзесяць пакаленняў па бацькоўскай лініі, і ўсе яны веруючыя ў Бога людзі. Каштоўным для іх усіх былі вера, спагада, дабрыня, чуласць і самае галоўнае — любоў да Бога.»

Разам з тым суразмоўца паведала пра тое, што захаваліся звесткі пра гісторыю драўлянай царквы яшчэ сярэдзіны ХVІІ стагоддзя, і ў тую сівую даўніну 28 жніўня адзначаўся фэст.

Ганна Ільінічна адзначае: «Для мяне, як прыхаджанкі, гэта святыня духоўнага жыцця, дзе разам з аднавяскоўцамі і святаром Уладзімірам глыбей пазнаём ісціны жыцця, стараемся жыць па Боскіх запаведзях, молімся аб міры на зямлі.

Царква аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту, якія імкнуцца знайсці падтрымку і адказы на пытанні, якія іх хвалююць. Чалавек ужо інакш глядзіць на жыццё, ацэньвае свае ўчынкі, умее адрозніваць дабрыню ад злосці, справядлівасць ад хлусні. Фэст — гэта вялікае свята ў дзень апосталаў Пятра і Паўла, які яднае людзей, і на душы становіцца радасна.»

КУЛІНАРНАЯ ПЛЯЦОЎКА

Вельмі багатым на разнастайныя стравы аказаўся святочны стол, які прыгатавалі прыхаджане царквы. У размове з матушкай Ксеніяй Калядой давялося даведацца пра іх асартымент: рыбныя катлеты, фаршыраваныя шампіньёны, закусачныя напалеоны з рыбнай начынкай, слаёныя тарты, крэкель з кальмаравай намазкай, а таксама дынька, бутэрброды з чырвонай рыбай, лавашы з крабавым мясам, смажаныя рыба і кабачкі, розныя салаты. Суразмоўца адзначыла, што свята выпала на сераду, калі не рэкамендуецца есці мяса, таму прыгатавалі посныя стравы. «Раней існавалі сустрэчы старадаўніх сялян «агапы», што ў перакладзе азначае «любоў». Кожны прыхаджанін царквы прынёс страву і прыгатаваў яе з любоўю для ўдзельнікаў свята», — расказала Ксенія Каляда.

Гасціннымі аказаліся і гаспадыні другога стала Таццяна Бычук, Алена Шахава, Ірына Жамойда. «Мы рыхтавалі посныя стравы, бо сёння апоші дзень паста: піражкі з капустай і бульбай, пірагі і кулябяка з рыбай, рыбныя катлеты, бутэрброды ў асартыменце. Сярод гарачых страў — пярловая каша і юшка, тушаная капуста з грыбамі, а таксама агародніна, садавіна, напоі і сімвал свята — традыцыйныя цукровыя пеўнікі», — расказалі жухаўчанкі.

СВЯТА Ў РАДАСЦЬ

Хто найлепш можа паведаць пра свята, як не арганізатары і ўдзельнікі, якія глыбока да сэрца прынялі яго правядзенне і хваляваліся з гэтай нагоды, не хаваючы сваіх эмоцый? Загадчык аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі Дом культуры» Святлана Абламейка паведала пра тое, што гэты фэст святкуецца першы раз з удзелам царквы і клубных работнікаў, і арганізатары сваёй мэтай ставілі аб’яднаць яго ўдзельнікаў, паказаць духоўную і праваслаўную культуру. Работнікі культуры аформілі выставы, задзейнічалі Жухавіцкі Дом-інтэрнат, Жухавіцкую дзіцячую школу мастацтваў, аднавяскоўцаў. З сяброўскім візітам завіталі на свята і выканаўцы Шашкоўскага Дома культуры Стаўбцоўскага раёна. У вячэрняй праграме — канцэрты Мірскага і Цырынскага Дамоў культуры. Каля Жухавіцкага Дома культуры — атракцыёны і дыскатэка. Адным словам, увесь дзень на жухавіцкай зямлі адзначалі свята, і яно было ў радасць.

«Падабаюцца народныя святы, заўсёды ў іх удзельнічаю, каб душой дакрануцца да мінулага і ўспомніць продкаў. Сёння сапраўдны фэст, які праводзіцца з мясцовай царквой, і гэта яшчэ больш узвышае душу», — гаворыць бібліятэкар Жухавіцкай сельскай бібліятэкі, жыхарка вёскі Малыя Жухавічы Марына Пясецкая.

Аліна Багушэвіч і Дар’я Баўковіч з Мінска прызналіся, што прыехалі да бабуль на канікулы. Прыйшлі на свята, бо любяць удзельнічаць у розных мерапрыемствах. Сплялі вянкі, каб быць прыгожымі, і гэтым падтрымаць народныя традыцыі. Дзяўчатам тут вельмі падабаецца, на жухавіцкай зямлі прайшло іх дзяцінства, з бабулямі хадзілі ў царкву, а сёння імкнуцца раздзяліць радасць з гасцямі фэста.

АБРАДЫ, КАРАГОДЫ, ТАНЦЫ

Каля сцен царквы работнікі культуры ладзілі тэатралізаванае прадстаўленне «Як на Пятра і Паўла сонейка грала», у якім нагадалі пра народныя традыцыі, вадзілі карагоды. Яго ўдзельнікі — Кум і Кума, Вясна і Лета, памочніцы. «Людзі добрыя! Сустракайце маю сястрыцу — Лета Чырвонае — як належыць! Свята сёння асаблівае — свяшчэннае. І я прапаноўваю вам усім правесці развітальны веснавы карагод, які называецца «Кумаванне», — заклікала Вясна. Кума паведала аб тым, што пакуміцца могуць і дзяўчаты з дзяўчатамі, хлопцы з хлопцамі, а таксама дзяўчаты і хлопцы паміж сабою. Пакуміцца маглі і суседзі, і сваякі. Сяброўская вернасць і ўзаемавыручка шанаваліся мацней кроўных сямейных вузаў. Вясна дадала, што да будучага года заключаўся абрадавы саюз. У сваю чаргу Кума сказала: «Давайце і мы аддамо даніну традыцыям і пакумуемся, праводзім Вясну, каб сяброўства было моцным, непарушным, вечным. Усе становяцца дружна ў карагод вакол «Саламянай вясны».

… Лета папрасіла, каб вакол яго павадзілі карагод асаблівы, рознакаляровы, вясёлкавы і ўнеслі любімую кветку — вялікі сланечнік. Яно патлумачыла, што сланечнік — гэта знак сонца, а сёння Пятроў дзень, і трэба станавіцца ў цэнтры і пачынаць карагод…

Па старадаўняму звычаю ў Пятроў дзень мыліся з трох крыніц Пятроўскаю вадзіцаю. Дзяўчаты падыходзяць да лаўкі, на якой стаяць тры вядзёркі з вадой. «Датыкайцеся да вады, падыходзьце, не саромейцеся. Тры вянкі на вадзе — тры Адзінствы: Розум — Прыгажосць — Здароўе! Хто жадае памыцца Пятроўскай вадзіцай?» — пытаецца Лета. Адбываецца абрад «Умыванне».

Прапаноўваецца пагуляць у гульню «Ручаёк» і выканаць танец «Топ-нага».

Яшчэ доўга гучаў смех на тэатралізаванай пляцоўцы — вяскоўцы радаваліся добраму і светламу дню.

Свята прадоўжылася каля мясцовай установы культуры вечарам. Яно ўдалося на славу.