На працягу дваццаці пяці гадоў пасаду намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама займае Вольга Базар, з якой мы пагутарылі напярэдадні юбілейнай даты.
– Вольга Дзмітрыеўна, раскажыце аб структуры камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама.
– Камісіі створаны і працуюць пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, у абласных і раённых выканаўчых камітэтах. Старшынёй камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама з’яўляецца намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан. Сёння ў яе складзе 18 чалавек. Гэта спецыялісты розных профіляў, цалкам адданыя сваёй справе, неабыякавыя да лёсаў дзяцей. Усе яны займаюць актыўную пазіцыю, маюць вопыт работы. Дзякуючы ўмелай працы, прафесіяналізму і кампетэнтнасці вырашаецца шырокае кола пытанняў, накіраванае на папярэджанне правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі, падтрымку дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
У 2022 годзе злачынстваў непаўналетнімі не дапушчана. Колькасць сацыяльна небяспечных сем’яў у раёне з 2018 года зменшылася з 43 да 32. На працягу апошніх пяці гадоў значна менш такіх, у якіх бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Сумарна за апошнія пяць гадоў 15 бацькоў з васьмі сем’яў пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, пры тым, што ў 2017 годзе 17 бацькоў з адзінаццаці — былі пазбаўленыя гэтага права ў адносінах да дзевятнаццаці дзяцей.
– Якія пытанні часцей за ўсё разглядаюцца на пасяджэннях камісіі?
– Даводзіцца дасканала разбірацца ў сітуацыях, у якіх апынуліся падлеткі. Высвятляем прычыны, па якіх яны спатыкнуліся. Абавязкова стараемся знайсці магчымасці дапамагчы. Камісія, акрамя гэтага, разглядае яшчэ і агульныя пытанні: стан злачыннасці, занятасць падлеткаў у канікулярны час, пасля заканчэння школы, арганізацыю іх вольнага часу. Пад пастаянным кантролем пытанні бяспекі дзяцей, захавання іх жыцця і здароўя, умовы пражывання і выхавання. Сумесна з зацікаўленымі службамі выпрацоўваем рэкамендацыі, праграмы дзеянняў.
– На Ваш погляд, дзе знаходзяцца карані падлеткавай злачыннасці, хто ў першую чаргу вінаваты ў скалечаных дзіцячых лёсах?
– Думаю, ніхто не стане спрачацца, што карані падлеткавай злачыннасці трэба шукаць у сям’і. На жаль, і ў некаторых знешне шчаслівых сем’ях адчуваецца недахоп бацькоўскай увагі, бо дарослыя клапоцяцца галоўным чынам пра тое, каб апрануць і накарміць сваё дзіця, а яго ўнутраным светам, адносінамі з аднагодкамі, вучобай, захапленнямі цікавяцца мала. Вялікую ролю ў паводзінах, асабліва ў падлеткавым узросце, мае кампанія аднагодкаў, а ў апошні час назіраецца і негатыўны ўплыў на непаўналетніх інтэрнэт прасторы.
– У сілу сваіх службовых абавязкаў за становішчам спраў у сем’ях сочаць педагогі, медыкі, супрацоўнікі сацыяльных службаў, органы ўнутраных спраў, РАНС. А бывае, што аб сямейнай неблаганадзейнасці паведамляюць звычайныя грамадзяне, суседзі?
– Не вельмі часта, але такія выпадкі ёсць. За апошні час было пяць паведамленняў аб сямейнай неблаганадзейнасці ад неабыякавых грамадзян. Пры паступленні такіх сігналаў прымаюцца неадкладныя меры з выездам раённых служб на месца жыхарства сям’і. Пры выяўленіі пагрозы жыццю альбо здароўю дзяцей, непаўналетнія неадкладна забіраюцца з сям’і.
На працягу 2022 года было зарэгістравана 75 паведамленняў аб сямейнай неблаганадзейнасці, большасць з іх (38) – з аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. У 2022 годзе 46 дзяцей з 27 сем’яў прызнаныя знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы, 22 дзіцяці з 12 сем’яў адабраныя ў бацькоў маюць патрэбу ў дзяржабароне. Як ні цяжка гэта прызнаць, але адабранне дзяцей з такіх сем’яў – адзіная магчымасць зберагчы іх, надзея на тое, што бацькі правільна ацэняць сітуацыю, знойдуць у сабе сілы змяніць яе карэнным чынам і вярнуць дзяцей.
– Калі абагуліць усё вышэй сказанае, ці будзе правільным такое азначэнне: камісія па справах непаўналетніх — гэта раённы міжведамасны каардынуючы орган, усе намаганні якога накіраваныя на тое, каб дзеці, па-першае, жылі ў добрых умовах у благанадзейных сем’ях, а па-другое, не дапускалі парушэнняў закона?
– Магчыма, так. Вядома, хацелася б, каб многія бацькі лепш усведамлялі сваю ролю ў выхаванні дзяцей, бо займацца гэтым павінна не камісія, а яны самі. Да нашага ўмяшання справа даходзіць у крайніх выпадках. Пры гэтым і дзеці, і бацькі рэагуюць па-рознаму. Адны заўзята абараняюць сваё дзіця, нягледзячы на відавочнасць яго правіны, а дзеці ў такім выпадку адчуваюць сваю беспакаранасць і ўседазволенасць, разумеючы, што бацькі выцягнуць іх з любых абставінаў. А іншыя пачынаюць задумвацца над сваімі бацькоўскімі паводзінамі і нават дзякуюць. У такіх выпадках можна быць упэўненым, што далей яны будуць будаваць адносіны з дзіцём інакш, і ў сям’і ўсё наладзіцца. Гэта нас радуе, і менавіта такой канчатковай мэты сваёй працы мы заўсёды імкнёмся дасягнуць.
У дзень значнай падзеі хочацца ўспомніць і падзякаваць Алене Толмач, якая каля трыццаці гадоў працавала адказным сакратаром камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама і з гэтай пасады пайшла на заслужаны адпачынак, Віталію Шэўку, які доўгі час займаўся праблемамі непаўналетніх на пасадзе загадчыка аддзела адукацыі і два гады працаваў сакратаром камісіі.
Хочацца дадаць і тое, што ў складзе нашай камісіі ўжо больш за дзесяць гадоў з вялікай адказнасцю, увагай і прафесіяналізмам працуюць над рашэннем часам няпростых задач начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч, галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства Ала Галушка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Іна Богуш, начальнік дзяржаўнай службы занятасці Наталля Гоцка. Шчыра дзякую ўсім за працу і сумесныя намаганні, якія дазваляюць утрымаць многіх падлеткаў ад неабдуманых крокаў, зберагчы іх ад бяды, а многім бацькам — не страціць магчымасць звацца бацькам ці маці. Ад усёй душы жадаю сваім калегам невычэрпнай энергіі і поспехаў у складанай і адказнай працы па рашэнні сацыяльных праблем падрастаючага пакалення, а таксама міру, дабра і дабрабыту ім і іх блізкім.
Алена Мікалаеўна ТОЛМАЧ падзялілася сваімі ўспамінамі:
– Пачынаць работу было вельмі складана. Калі з’явілася Палажэнне, якое рэгламентавала работу камісіі, усё стала проста і зразумела. Перш-наперш неабходна было вызначыцца са складам камісіі, саставіць план работы, усё узгадніць са старшынёй. Асабліва цікавым было для мяне першае пасяджэнне, на якое былі запрошаны падлеткі і іх бацькі. Калі слухалі адных і другіх, то станавілася зразумелым, што ў супрацьпраўных дзеяннях падлеткаў перш за ўсё вінаватыя бацькі, якія не заўсёды дастаткова чулі сваіх дзяцей. Даводзілася шмат працаваць з сем’ямі, дзе бацькі мала ўвагі надавалі выхаванню і стварэнню належных умоў для жыцця дзецей. За час работы было мноства розных выпадкаў і здарэнняў, а некаторыя з іх нават псіхалагічна ўспамінаць вельмі цяжка. За такі працяглы перыяд работы было рознае, але прыемна тое, што некаторыя людзі, з якімі праводзілася работа, не ў крыўдзе, і сёння, праз час, яны выказваюць словы падзякі за ўсё тое, што ім дапамагло стаць на шлях выпраўлення. Гэта ўсё гаворыць аб тым, што праведзеная намі работа была недарэмнай.