Главная / Новости / Новости района
18.05.2024

18 мая — Международный день музеев. Чем Кореличский районный краеведческий музей притягивает посетителей в XXI веке?

 18 мая — Міжнародны дзень музеяў. Як адзначаюць гэтае свята на Карэліччыне, расказвае дырэктар раённага краязнаўчага музея Ларыса Уладзіміраўна КУЗЬМІЧ.

— Ларыса Уладзіміраўна, якія мерапрыемствы звычайна ладзіць да гэтай даты Карэліцкі раённы краязнаўчы музей?

— З нагоды Міжнароднага дня музеяў праводзім акцыю, на якую запрашаем актыўных наведвальнікаў. Гэта вучні школ раёна і грамадзяне пажылога ўзросту, якія вядуць актыўны лад жыцця. У гэтым годзе праведзена Міжнародная акцыя «Ноч музеяў», прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі, пад назвай «1418 крокаў Перамогі».

— Якія формы работы выкарыстоўваюць супрацоўнікі музея?

— Гэта квэсты, музейныя ўрокі і заняткі, віктарыны, аглядныя экскурсіі, акцыі, тэматычныя фотавыставы, дыялогавыя пляцоўкі. Усе формы работы накіраваны на папулярызацыю Карэліцкага раённага краязнаўчага музея.

— З якімі арганізацыямі, прадпрыемствамі, установамі раёна падтрымліваеце сувязі?

— Супрацоўнікі музея стараюцца наведвацца ва ўсе калектывы. Напрыклад, выставы па генацыдзе «І памятаць балюча, і забыць нельга», да Дня народнага адзінства «Цяжкі шлях уз’яднання», да 80-годдзя вызвалення Беларусі аформілі выставу «Вызваленне Беларусі: падзеі, людзі і подзвігі», з якой пазнаёмім жыхароў раёна.

— Ці ёсць на Карэліччыне прыхільнікі краязнаўчай справы?

— Гэты «залаты спіс» хачу пачаць з супрацоўніка Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Марыі Уладзіміраўны Беленавай, якая валодае энцыклапедычнымі ведамі не толькі па гісторыі роднага краю, але і ў цэлым. Велізарны ўклад у развіццё краязнаўчай справы ўносіла і ўносіць член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ветэран працы  Святлана Андрэеўна Кошур. Словы ўдзячнасці хачу адрасаваць Галіне Паўлаўне Калтуновай, Баляславу Карлавічу Навіцкаму, Валерыю Іванавічу Бранту, Віктару Янавічу Сакелю, Вользе Васільеўне Навіцкай, якія адкрываюць новыя невядомыя таямніцы гісторыі.

— Сёння ў полі зроку — патрыятычнае  выхаванне падрастаючага пакалення. Што робіць у гэтым накірунку раённы краязнаўчы музей?

— Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення — на першым месцы ў рабоце музея. У гэтым годзе праведзена Гадзіна памяці, прысвечаная Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту, «Каб памяталі». Прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы «Канстытуцыя — асноўны закон Рэспублікі Беларусь», дзе была прадстаўлена тэматычная выстава «Карэліччына: учора і сёння», а з прэзентацыяй на тэму «Беларусь — 30 гадоў па шляху развіцця» азнаёміў старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксей Караян. У сакавіку прайшло мерапрыемства пад назвай «Дарогамі спаленых вёсак», прысвечанае Дню памяці Хатынскай трагедыі, а да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі — інфармацыйная гадзіна «Дзве сястры — Беларусь і Расія». Гэта шырокамаштабныя мерапрыемствы.  Таксама на рахунку музея — урокі і заняткі: «У вайны не жаночы твар», «Помнікі Вялікай Айчыннай вайны», «Сімвалы нашай краіны», «Піянеры-героі» і іншыя.

— Як часта папаўняюцца фонды музея? І ці могуць жадаючыя здаць рэчы продкаў, якія б мелі каштоўнасць і былі цікавымі для наведвальнікаў?

— Кожны год фонды музея папаўняюцца экспанатамі. Вось, да прыкладу, і сёлета ўжо некалькі чалавек прынеслі асабістыя рэчы сваіх родных. Яны маюць каштоўнасць і выклікаюць цікавасць. Гэта ўзнагароды і прадметы часоў Вялікай Айчыннай вайны.

— Супрацоўнікаў музея часта можна сустрэць на раённых мерапрыемствах. Удзел у іх спрыяе вашай асноўнай рабоце?

— Мы сустракаемся і знаёмімся з новымі людзьмі і новымі фактамі. Прывяду прыклад: летась на  раённым фестывалі «Мір-Фэст» сям’я Бежкі Аляксандра Валер’евіча  з Фаніпаля Мінскай вобласці азнаёмілася з нашай выставай «Мы ганарымся вамі, землякі», а праз некаторы час  усёй сям’ёй наведалі наш музей.

— У Вас як кіраўніка музея ёсць пажаданні?

— Хачу запрасіць жыхароў раёна наведваць Карэліцкі раённы краязнаўчы музей, дзе сабраны звесткі пра гісторыю роднай Карэліччыны.