Яна пражыла доўгае і насычанае жыццё. Выгадавала двух дзяцей, якія падарылі шчаслівай
бабулі чатырох унукаў, а яны — трох праўнукаў.
Нарадзілася Зоя Мікалаеўна ў вёсцы Краснае Красненскага сельскага Савета ў вялікай і дружнай сям’і, у якой выхоўвалася сямёра дзяцей. Бацька Мікалай Паўлавіч Барысенка быў шаўцом, а маці Аляксандра Васільеўна працавала на падсобнай гаспадарцы. Дзяцінства прыйшлося на час паслярэвалюцыйнай разрухі. Яна была сведкам таго, як паступова аднаўлялася народная гаспадарка, як зараджалася новае жыццё пасля аб’яднання Усходняй і Заходняй частак Беларусі, як адбудоўваліся гарады і вёскі, як у іх кіпела жыццё.
— Пры паляках скончыла сямігодку. У Вільню паехала, хацела паступаць у Віленскую гімназію, але падзеі 1939 года змянілі планы. Вярнулася на Радзіму. Яшчэ два гады вучылася ў школе. Як раз у сорак першым атрымлівала атэстат, — дзеліцца ўспамінамі жанчына.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла на акупіраванай тэрыторыі. Было цяжка, страшна, але ўсё роўна працягвала вучобу. Нават пад немцамі ў Навагрудку працавалі педагагічныя курсы, якія скончыла Зоя Мікалаеўна. Пасля працавала настаўнікам пачатковых класаў у Запольскай 8-гадовай школе Красненскага сельскага Савета. У 1952 годзе скончыла Навагрудскае педагагічнае вучылішча. А ў 1956-м уладкавалася на працу ў школу ў вёсцы Міратычы. Настаўнічала, аж пакуль на пенсію не выйшла. Тут сустрэла будучага мужа Канстанціна, з якім пражыла доўгае і шчаслівае жыццё. Любімая справа аб’яднала маладых.
— Мой Канстанцін Уладзіміравіч быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, дайшоў да Берліна. Пасля вайны працаваў настаўнікам, выкладаў працоўнае навучанне ў Валеўскай школе. Быў добрым чалавекам, майстрам на ўсе рукі. Хату сам паставіў, сталярская справа ішла спарней у яго працавітых руках, — з удзячнасцю ўспамінае мужа суразмоўца.
Зоя Мікалаеўна больш сарака гадоў прысвяціла педагагічнай дзейнасці. Да гэтага часу памятае школьную праграму. Яна, як “белы ветразь” М.Ю. Лермантава, насуперак лёсу пераадолела ўсе цяжкасці і пабудавала сваё шчасце. Узіраючыся ў прамяністыя вочы гэтай цудоўнай жанчыны, якія свецяцца цяплом і любоўю, разумееш, што чалавек — сам гаспадар свайго лёсу.
— У чым сакрэт Вашага даўгалецця? — пацікавілася на развітанне ў юбіляршы.
— Думаю, што яго сакрэт у добрым стаўленні да людзей, любові да справы, якой прысвячаеш сябе, да дзетак, якія ніколі не даюць сумаваць. Таксама энергіі для жыцця дадае і лад у сям’і, клопат блізкіх людзей. Не нарадуюся, калі за сталом збіраюцца дзеці, унукі, праўнукі. Хочацца ўсіх накарміць, абагрэць. У гэтым маё шчасце, — кажа Зоя Мікалаеўна.
Выпала на долю жанчыны нямала пазбаўленняў. Яна перажыла вайну, разруху, смерць блізкіх і многіх сваіх аднагодкаў, але нягоды аказаліся слабейшымі за яе любоў да жыцця і жаданне перадаць наступнаму пакаленню: вучням, унукам, праўнукам — сваё душэўнае багацце.