Батлеечны сезон намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце УА “Мірскі дзяржаўны каледж” Кантанцін Петрыман і яго акцёры-навучэнцы адкрылі 22 снежня ў Мінску ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а доўжыцца ён будзе да 15 лютага, пакуль услаўляецца Нараджэнне Хрыстова.
У гэтыя калядныя дні чароўная батлеечная “скрыня” нарасхват. Мірскія артысты ўжо выступілі з “калядным” дзействам у г.п. Мір, плануюцца выступленні ў Нясвіжы, Аюцавічах, Слоніме, горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. Напярэдадні аднаго з галоўных свят праваслаўнай канфесіі яны падарылі радасць Нараджэння Хрыстова ў Карэліцкім райвыканкаме.
Кіраўнік народнага тэатра лялек Канстанцін Петрыман ва ўступным слове расказаў прысутным аб гісторыі стварэння Мірскай батлейкі, яе рэпертуары і падзяліўся планамі на будучае. Ён адзначыў важнасць той справы, якой яны займаюцца:
– Аднаўляць і захоўваць традыцыі мілулага нашага народа – гэта наш абавязак. Мы можам дапамагчы захаваць, выратаваць, вярнуць з нябыту тое, што можа знікнуць назаўсёды.
Карыстаючыся момантам Канстанцін Леанардавіч павіншаваў усіх прысутных з Калядамі і пажадаў цікавага прагляду.
На суд гледачам была прадстаўлена дзея “Калядна”. Героі класічнай п’есы – цар Ірад, Анёл, Чорт, Воін, Смерць. Цікава было назіраць за выступленнем акцёраў, якія робяць усё магчымае і нават больш, каб глядач пранікся жыццём лялькі з чароўнай “скрыні”, адчуў усе адценні голасу, бо яны мяняюцца ў залежнасці ад эмоцый персанажа, якія адчуваюцца па меры развіцця сюжэту. Гэта нейкі незвычайны акцёрскі дар, і менавіта ён удыхае жыццё ў пазбаўленыя мімікі лялечныя твары.
Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан павіншаваў кіраўніка народнага тэатра лялек “Мірская батлейка” Канстанціна Петрымана з наданнем статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыі Мірскай батлейкі і ўручыў Ганаровую грамату Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі і асабісты ўклад у захаванне старажытных традыцый.
Са словамі ўдзячнасці за такую патрэбную справу далучылася начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Наталля Саматыя. Яна ўручыла калектыву артыстаў салодкія падарункі і пажадала творчага развіцця, крэатыўных ідэй. Наталля Юр’еўна ўпэўнена:
– Кожны чалавек непарыўна звязаны са сваёй Радзімай. Ён павінен ведаць яе гісторыю, цікавіцца культурай і літаратурай, усім, што засталося нам у спадчыну, што стваралася душой і працай народа. Нашу Мірскую батлейку ведаюць далёка за межамі рэспублікі, і невыпадкова, што апошнімі днямі снежня Беларуская рэспубліканская навукова-практычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры аднагалосна падтрымала прапанову аб наданні ёй статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Вельмі важна ведаць набыткі роднага раёна, а іх, як мы пераканаліся, вельмі багата. Прыемна адчуваць, што сярод жыхароў раёна ёсць неабыякавыя людзі, якія прыкладаюць намаганні данесці да кожнага набыткі далёкага мінулага. Несумненна, што сённяшняе выступленне пакінула добрае ўражанне і прыемны святочны настрой у кожнага з прысутных.