Свята адзначылі па ўсіх канонах: традыцыйныя стравы, вырабы з саломы, танцы, гульні.
Яскравасці святу надавалі гандлёвыя рады, гульнёвыя пляцоўкі і мастацкія фотазоны.


Свята пачалося незвычайна. Вядучыя вучылі жадаючых, як у даўнія часы, маршыраваць пры дапамозе сена і саломы. Маршам госці мерапрыемства прайшлі праз святочную браму.
Са словамі віншавання да гледачоў звярнуўся старшыня Малюшыцкага сельвыканкама Віктар Дзірвук:

— Свята сена і саломы — сімвал сельскагаспадарчай працы, добра вядомай нам, вяскоўцам. Гэта нялёгкая справа. Сённяшняе мерапрыемства вяртае нас у маленства, дазваляе вярнуцца да сваіх каранёў, традыцый і тым самым захаваць іх і перадаць будучым пакаленням. Таму жадаю ўсім у час свята добра адпачыць, пасмакаваць стравы ад мясцовых гаспадынь і проста атрымаць задавальненне.
Сімвал гасціннасці — каравай як гаспадару Малюшыцкіх зямель уручылі Віктару Дзірвуку.

На спецыяльна падрыхтаванай пляцоўцы ў рад выстраіліся асілкі-касцы, каб вызначыць, хто лепшы ў сенакоснай справе. Вакол іх сабраліся аднавяскоўцы, якія гучна падтрымлівалі ўдзельнікаў спаборніцтва. Пераможцам стаў Уладзімір Лукошка, які другі год запар трымае тытул пераможцы.


— Навык нікуды не дзенеш. Усё жыццё прайшло ў працы. Таму гэты конкурс для мяне — гэта своеасаблівы майстар-клас для маладых хлопцаў.


У майстэрстве складання капны з сена на суседняй пляцоўцы спаборнічалі сямейныя пары: сям’я Алены і Дзмітрыя Коцік і сям’я Анастасіі і Аляксандра Філатавых. Мужчыны спрытна працавалі віламі, накладваючы слой за слоем на воз, дзе сена тапталі жанчыны. Увогуле перамагло сяброўства. Аляксандр і Анастасія дзеляцца сваімі ўражаннямі:
— Цікавы конкурс. Шмат пазітыўных эмоцый. Пасля дзённай працы з віламі спраўляцца было цяжкавата, але мы не здавалі пазіцый, — расказвае Аляксандр.
— Конкурс мне вельмі спадабаўся, — расказвае Анастасія. — Было цікава і нават адказна, бо ад мяне залежала, добра капа у воз ляжа ці не. Здорава.
Не толькі Анастасія і Аляксандр сталі аб’ектам увагі, але і іх васьмігадовая дачка Кацярына. На свяце яна выступіла з нумарам па спартыўнай гімнастыцы.


— Гімнастыкай я займаюся пяць гадоў. Сёння у маім выкананні быў гімнастычны танец. Выбрала гэты від спорту, таму што мне ён вельмі падабаецца. Крыху хвалявалася, але гледачы мяне здорава падтрымалі.
На свяце не абыйшлося без сюрпрызаў. Кожны змог паспрабаваць эксклюзіўны напітак «Саладуха», прыгатаваны па мясцовым рэцэпце. Зоя Зусько — тая самая жанчына, якая аднавіла спосаб прыгатавання смачнага напітка.



— Рэцэпт збірала з аповедаў старажыл вёскі. Гатуецца вельмі проста. Патрэбен солад, цукар і лімонная кіслата. Час гатавання вызначае час кіпячэння вады. У кіпячую ваду дабаўляем солад, чакаем, пакуль ён трохі астыне, тады дабаўляем цукру і лімоннай кіслаты. Усё перамешваем і даём астыць. Саладуха гатова.












Але што гэта за свята, калі на ім не гучыць музыка. Святочны настрой і вясёлыя песні гледачам дарылі творчы калектыў Ярэміцкага Дома культуры і вакальна-інструментальны ансамбль з г.п. Мір.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара