Главная / Новости / Новости района
30.12.2024

Благотворительная елка в Кореличах собрала детей со всего района

 Раённая дабрачынная ёлка, якая штогод праходзіць у рамках навагодняй рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, — гэта доўгачаканае свята для многіх юных жыхароў нашага раёна: дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама навучэнцаў, якія сталі пераможцамі алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, лідараў дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, рабят з інваліднасцю. Традыцыйнае святочнае мерапрыемства адбылося 30 снежня на базе  Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Мерапрыемства прайшло ва ўтульнай атмасферы, напоўненай радасцю і чараўніцтвам.  Упрыгожаная зала  — быццам зімовая казка: зіхатлівыя гірлянды і, вядома ж, галоўная гераіня свята – навагодняя ёлка з яркімі цацкамі і агеньчыкамі.

Павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак са святам прыйшоў старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей. У сваім звароце да рабят ён адзначыў, што Новы год – гэта час цудаў і выканання самых запаветных жаданняў.  Наша дзяржава памятае і клапоціцца аб усіх дзецях, забяспечваючы кожнаму  абарону і спакой, магчымасць рэалізаваць сябе.  Пажадаў рабятам,  каб усё тое, што яны загадалі, абавязкова збылося.

–  Радуйце бацькоў сваімі поспехамі і дасягненнямі. Для вас сёння створаны ўсе ўмовы для вучобы і развіцця. Карыстайцеся тымі выгодамі, якія для вас ствараюць дарослыя. Жадаю ўсім міру, дабра, цяпла. Хай навагодняе чараўніцтва паселіцца ў кожным сэрцы,  – заключыў старшыня райвыканкама.

Андрэй Валер’евіч уручыў падарункавыя сертыфікаты на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі дырэктару ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І.  Сташэўскай” Таццяне Шаплыка і дырэктару ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Вікенцію Браніцкаму.

Са словамі віншавання выступіла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама  Ірына Асташэвіч:

— Мы ўсе з вамі верым у чараўніцтва, хочам казкі і марым аб выкананні запаветных жаданняў. Няхай у новым годзе ўсе яны ўвасобяцца ў жыццё. Моцнага вам усім здароўя, новых дасягненняў.

Андрэй Валер’евіч і Ірына Валер’еўна  ўручылі ўзнагароды  навучэнцам:

Якору Пугачу і Філіпу Ганчару (СШ № 1 г.п. Карэлічы), Аляксандры Бусько, Сафіі Варэнік і Мілане Яўсей (СШ № 2 г.п. Карэлічы), Мікіце Белановічу, Івану Кавалёву, Марыі Русецкай  “СШ г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай), Арцёму Вінаградаву і Рагнедзе Анцух (Лукская СШ), Ліане Маскалік (Ярэміцкая БШ імя У.А. Калесніка), Валерыі Саўко і Дар’і Волк (Райцаўская СШ імя У.А. Галавача), Уладзіславе Дубчонак і Алёне Чубрык (Карасненская СШ), Арыне Гульбіцкай (Цырынская СШ),  Маргарыце Грыц (Турэцкая СШ).

Таксама Ірына Асташэвіч уручыла падарункі ад Карэліцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” загадчыкам ДУА “Малюшыцкі дзіцячы сад” Але Уласевіч і  ДУА “Палужскі дзіцячы сад” Таццяне Грыбок.

З прывітальным словам да рабят звярнуўся дэпутат палаты  прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін:

– Новы год – цудоўнае свята. Мы яго заўсёды чакаем, і гэта чаканне, часцей, куды лепш, чым само свята. Верце ў цуды, казкі, дабро!  З надыходзячым Новым годам!

Добрыя словы і найлепшыя пажаданні  напярэдадні свят прагучалі і з вуснаў старшыні РА РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Вольгі Кулякі, якая ў сваім звароце адзначыла, што няма нічога лепшага, чым бачыць шчаслівыя ўсмешкі дзяцей.

Свята  прадоўжылася спектаклем-казкай “Прыгоды ў Прастаквашына”. Казачныя героі Шарык,  Матроскін і паштальён Печкін захапілі маленькіх гледачоў, а дарослыя змаглі зноў акунуцца ў дзяцінства і падзяліць радасць з дзецьмі. Разам з Дзедам Марозам і Снягурачкай, якія ўзначалілі казачную світу, усе весяліліся, гулялі ў рухомыя гульні. Многія дзеці парадавалі галоўнага навагодняга чараўніка вершамі і песнямі.

Усе рабяты, якія атрымалі запрашэнне на святочнае дабрачыннае мерапрыемства, атрымалі салодкія падарункі ад раённага выканаўчага камітэта, а раённае аддзяленне рэспубліканскага грамадскагааб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” арганізавала салодкі стол для рабят. Але самае галоўнае  — усе дзеці атрымалі масу станоўчых эмоцый і зарад добрага настрою.

Кацярына КУКАНАВА

Фота Іны ЛЕЙКІ