Сёлета 9 Мая мы адзначым знакавую гістарычную дату – 80-ую гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. З кожным годам становіцца ўсё менш відавочцаў трагічных падзей. А гэта ж наша памяць, наша гісторыя, і важна захаваць гістарычную спадчыну для нашчадкаў. Феномен Вялікай Айчыннай вайны дагэтуль недастаткова вывучаны. Больш за тое, яе вынікі спрабуюць перагледзець, робяцца гучныя, часам абразлівыя заявы. У гісторыі гэтай найвялікшай падзеі застаецца шмат “белых плям”, і звязаны яны, перш за ўсё, з лёсамі тых салдат, партызан, падпольшчыкаў і звычайных людзей, якія былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Некаторыя зніклі без вестак, пахаваныя ў брацкіх магілах, а дакументы засакрэчаныя, камусьці пашчасціла вярнуцца дадому, пачаць сваё жыццё з чыстага ліста.
Менавіта гэты перыяд у гісторыі краіны знайшоў адлюстраванне ў лёсе аднаго з нашых землякоў, жыхара в. Вялікая Вобрына Ярэміцкага сельсавета Георгія Сяргеевіча Бразоўскага. Усё жыццё ён пражыў на ярэміцкай зямлі, але ў графе пра месца нараджэння ўказаны нямецкі горад Бадбрукеналь. Там, у лагеры для остарбайтараў, у 1945 годзе, за 12 дзён да вызвалення, ён з'явіўся на свет.
— У сям'і аб нямецкім палоне расказвалі мала і неахвотна, — пачынае свой аповед Георгій Сяргеевіч, — і сёння я перакананы, што гэта быў адзін з самых цяжкіх успамінаў. Я хоць і не адчуў на сабе ўсяго цяжару зняволення, бо толькі нарадзіўся, але добра ведаю гэтую трагічную старонку жыцця сям’і.
Мой бацька Сяргей Уладзіміравіч і маці Вера Іванаўна жылі ў Ярэмічах. У сям’і на той час было трое дзяцей, мае старэйшыя сёстры Ніна, Марыя і Галіна. Калі тэрыторыя в. Ярэмічы знаходзілася пад акупацыяй, родны брат бацькі, мой дзядзька, па заданні партызан прыслужваў паліцаям. Аднойчы, падчас выканання чарговага задання, паліцаі злавілі яго сувязную, а сам ён паспеў схавацца. Пасля гэтага фашысты прымусова адправілі ўсю нашу сям’ю ў Баранавічы. Адтуль у вагонах павезлі ў Германію. У вагоне не было ні прадуктаў, ні вады. Дзеці плакалі і прасілі есці і піць. Праз некалькі дзён такіх пакут памерла двухгадовая Галачка. Фашысты загадвалі пазбаўляцца ад трупаў на хаду. Але мая маці не змагла выкінуць дачку і пакінула яе падчас аднаго з прыпынкаў на пероне. Матчына сэрца разрывалася ад страты дзіцяці і ад таго, што не змагла пахаваць дачку па-чалавечы.
Калі палонных прывезлі ў Германію і размеркавалі па лагерах, прымусілі прышыць да вопраткі остарбайтараўскія нашыўкі. Потым пачаліся катаржныя работы. Рабіць трэба было шмат, а кармілі зусім дрэнна. Людзі не жылі, а проста выжывалі, хто быў мацнейшы. У лагеры, акрамя беларусаў, былі рускія, французы і палякі.
Праз некаторы час мясцовы фермер забраў сям'ю, і бацькі працавалі скотнікамі. Магчыма, гэта і выратавала ўсіх ад смерці на чужыне.
Мама была добрай швачкай, а бацька — шаўцом. Таму да іх сталі ставіцца лепш.
Я нарадзіўся 4 красавіка 45-га, а 16-га нас вызвалілі. Сястра Марыя расказвала, што ўсіх добра накармілі і агледзелі дактары. Вярнуліся ў Ярэмічы ў лістападзе 1945 года. Тут усё было спалена і разрабавана. Не засталося ні дома, ні гаспадаркі. Бацька пайшоў на працу ў калгас, пачаў будаваць дом. Сям’я да 1952 года жыла ў зямлянцы.
Ішоў час, жыццё аднаўлялася нанова. Пасля заканчэння школы Георгій Сяргеевіч пайшоў вучыцца. Спачатку скончыў Пляшчанскую школу будаўнікоў, потым атрымаў юрыдычную адукацыю ў Маскве. Вярнуўся на малую радзіму, бліжэй да сваіх. Тут і ажаніўся на прыгажуні Валянціне, якая нарадзіла яму дачку і сына, а яны падарылі дзядулі з бабуляй чацвёра ўнукаў. Сястра Марыя ўсё жыццё жыла ў Карэлічах, і толькі Ніна ў Вільні.
У 1967 годзе працаваў у архітэктурнай групе Карэліцкага райвыканкама. З 1978 па 2005 год быў старшынёй Ярэміцкага сельскага Савета.
Старшыня сельсавета — пасада асаблівая. Чалавек, які выбірае для сябе такую працу, як ніхто іншы ведае, што ў ім мясцовыя жыхары хочуць бачыць не толькі прадстаўніка органаў улады, але і сябра, паплечніка, таго, хто выслухае і заўсёды дапаможа.
Сам Георгій Сяргеевіч з нейкім замілаваннем у голасе пра сваю працу ў сельсавеце гаворыць:
— Сельскі Савет — гэта своеасаблівая маленькая дзяржава, якая займаецца праблемамі насельніцтва, не маючы часам вялікіх фінансавых магчымасцяў. Любое пытанне ад жыхароў для мяне як старшыні заўсёды было важнае. І праз гады магу з упэўненасцю сказаць, што там, дзе ёсць разуменне і цесны кантакт улады з насельніцтвам, праблему заўсёды вырашыць лягчэй. Я зўвесь час добра разумеў, што і ад мяне, як ад старшыні мясцовай выканаўчай улады і старшыні мясцовага Савета дэпутатаў, залежала многае. Таму стараўся працаваць на поўную моц і адказна, не лічачыся з асабістым часам, каб землякам жылося камфортней.
Я вельмі люблю сваю маленькую радзіму. Тут усё блізкае і роднае. І сёння кожнае нават нязначнае змяненне ў абліччы населеных пунктаў сельсавета прыносіць радасць і пачуццё задавальнення.
4 красавіка работнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна на чале з дырэктарам Інэсай Сямібратавай павіншавалі Георгія Сяргеевіча з днём нараджэння. Госці ўручылі 80-гадоваму юбіляру кветкі і падарунак, выказалі словы падзякі і пажаданні дабра і міру, моцнага здароўя, шчасця, добрага настрою і выказалі пажаданне ўбачыць яго бадзёрым і вясёлым на святкаванні 80-годдзя Дня Перамогі.
У сваю чаргу Георгій Сяргеевіч ад душы падзякаваў гасцям. Ён адзначыў, што такое віншаванне для яго – сапраўдны сюрпрыз, яму прыемна аказаная ўвага і павага.
Думаю, што кожны з нас, сучаснікаў, перакананы, што няма нічога страшней за тое, што людзі рабілі з людзьмі. Лёсы вязняў фашысцкіх канцлагераў вельмі павучальныя для нас і сёння. Яны вучаць мэтанакіраванасці, настойлівасці, працавітасці. Гэта пакаленне захапляе сваёй стойкасцю. А старонкі гісторыі падахвочваюць рабіць усё магчымае, каб людзі ніколі больш не адчулі ўсіх жахаў фашызму.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц