Главная / Новости / Новости района
21.06.2024

Члены информационно-пропагандистской группы №1 встретились с коллективом Кореличского РУП ЖКХ

 Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы №1 пад кіраўніцтвам старшыні Карэліцкага райвыканкама Андрэя Гардзея ў рамках правядзення адзінага дня інфармавання сустрэліся з калектывам Карэліцкага РУП ЖКГ. Удзел у сустрэчы прынялі кандыдат гістарычных навук, дацэнт, намеснік дэкана гістарычнага факультэта УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы” Андрэй Гецэвіч і начальнік аддзялення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі УУС Гродзенскага аблвыканкама Антон Харук.

Па першым пытанні “Беларусь — ад вызвалення да незалежнасці” выступіў Андрэй Гецэвіч, які адзначыў, што ў нашай краіне нездарма надаюць шмат увагі падзеям ХХ стагоддзя. На іх, па словах гісторыка, базіруецца наша дзяржава.

— Ні адна дзяржава Заходняй Еўропы не адмовілася ад святкавання дня вызвалення, — заўважыў Андрэй Казіміравіч. — Усе заяўляюць аб тым, што менавіта іх краіна ўнесла значны ўклад у перамогу. Кожная краіна-пераможца заяўляе аб тым, што менавіта яе ўдзел у вайне быў вызначальным. Што тычыцца тэрыторыі Беларусі, то з той вайны не вярнуўся кожны трэці.

Андрэй Гецэвіч расказаў, што да вайны насельніцтва БССР складала амаль 10 мільёнаў чалавек. Для таго, каб аднавіць гэту колькасць, беларусам спатрэбілася больш за тры дзесяцігоддзі. Тэрыторыі краіны была нанесена каласальная шкода. Былі разбураны сотні гарадоў і вёсак. Аднавіць страчанае ў пажары вайны змаглі толькі гераічнымі намаганнямі простых людзей.

— Мы не павінны саромецца сваёй гісторыі, — заклікаў Андрэй Гецэвіч. — Некаторыя нашы дзеці вераць у тое, што перамагу атрымаў не савецкі салдат, а нехта іншы. Яны чытаюць пра гэта ў кнігах, глядзяць у кіно, гэта паказваюць у тых відэагульнях, якія ім падабаюцца. Таму наша задача — захаваць гістарычную памяць, не даць гэту памяць каму-небудзь перакруціць. Мы павінны данесці наступным пакаленням, што людзі, якія загінулі дзеля таго, каб мы маглі жыць, — героі. На жаль, з кожным годам іх становіцца меней.

— Вы бачыце, як нам хочуць навязаць чужыя, далёкія для нас каштоўнасці, разбурыць нашы традыцыі шляхам укіду лжывай інфармацыі, — адзначыў Андрэй Гардзей. — Праз масавую культуру хочуць разбурыць інстытут сям’і, пераканаць нас у тым, што ненармальнае з’яўляецца нармальным. Варта навучыцца самім і, галоўнае, навучыць сваіх дзяцей адрозніваць праўду ад маны.

 

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш расказала аб пытанні вытворчага траўматызму. Яна паведаміла, што адным з накірункаў работы па прафілактыцы вытворчага траўматызму павінна стаць павышэнне адказнасці саміх работнікаў за захаванне аховы працы і ўласную бяспеку і асабістае здароўе шляхам павышэння ўзроўню іх дасведчанасці і ўвядзення мераў стымулюючага характару.

Аб мерах супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў і адказнасці за ўжыванне і незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчаў расказаў начальнік аддзялення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі УУС Гродзенскага аблвыканкама Антон Харук.

— У студзені-маі 2024 г. па лініі наркакантролю выяўлена 157 злачынстваў, з каторых 78 звязаны са збытам наркотыкаў, — прывёў лічбы праваахоўнік. — Спынена дзейнасць двух інтэрнэт-крам, якія займаліся продажам наркотыкаў.

Асаблівую небяспеку ўяўляе той факт, што магчымасць ананімнага набыцця наркотыкаў з выкарыстаннем інтэрнэта даступна шырокім масам насельніцтва, таму Антон Юр’евіч заклікаў звяртаць увагу на актыўнасць непаўналетніх у сеціве. Сачыць, з кім яны перапісваюцца, што шукаюць з дапамогай пошукавых сістэм. Гэта можна рабіць з дапамогай праграм бацькоўскага кантролю.

Старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Карэліцкага РАНС Андрэй Мурычэнкоў расказаў аб правілах бяспечнага адпачынку на прыродзе:

— Статыстыка паказвае, што ў большасці лясных пажараў віноўнікам з’яўляецца чалавек. Таму будзьце пільнымі пры наведванні лясоў: не пакідайце вогнішча без нагляду, не выкідвайце недакуркі і смецце — агонь можа разгарэцца нават ад невялікага кавалачка шкла.