Главная / Новости / Новости района
27.11.2023

Дома, дороги и дворы: что отремонтировали в Кореличском районе

 Многае ў нашым светаўспрыманні залежыць ад таго, наколькі ўтульны наш дом, добраўпарадкаваны двор, вуліца, вёска, наколькі яны камфортныя для пражывання, працы і адпачынку. Менавіта таму гэтыя пытанні займаюць важнае месца ў дзейнасці арганізацый і прадпрыемстваў раёна. 

Штогод у Карэліцкім раёне вядуцца работы па ўводзе жылля пасля капітальнага рамонту, выконваюцца мерапрыемствы па добраўпарадкаванні вуліц і дваровых тэрыторый.

                                                                    Усе адценні капрамонту

У 2023 годзе Карэліцкае РУП  ЖКГ правяло капітальны рамонт жылых дамоў у г.п. Карэлічы па вул. 1 Мая, 3  і   па вул. Гастэлы, 32. Падрадчыкам  выступіла ТАА “КрисЭнергоСтрой “ (г. Бабруйск).  На 22 лістапада бягучага года капітальны рамонт гэтых дамоў завяршыўся і аб’екты ўведзены ў эксплуатацыю.  Інжынер  Карэліцкага РУП ЖКГ Аляксандр Зайко расказаў, што былі выкананы наступныя работы: рамонт дахавага пакрыцця, замена трубаправодаў гарачага і халоднага водазабеспячэння, замена трубаправодаў газазабеспячэння, замена сетак электразабеспячэння ў месцах агульнага карыстання і размеркавальных прылад, замена дзвярэй і вокнаў у месцах агульнага карыстання, уцяпленне тарцовых сцен, рамонт фасадаў або тарцоў фасада і цокальнай часткі  (тынкоўка і афарбоўка),  уваходных груп і балконаў,  замена сетак цеплазабеспячэння, частковая замена сетак каналізацыі і іншае.  Аляксандр Андрэевіч адзначыў:

– На правядзенне капітальнага рамонту жылога дома № 3 па вул. 1 Мая ў г.п. Карэлічы зрасходавана  432,3 тыс. руб., у тым ліку бюджэтных сродкаў – 341,8 тыс. руб., адлічэнні наймальнікаў на капітальны рамонт жыллёвага фонду склалі 90,5 тыс. руб.

На  рамонт жылога дома  № 32 па вул. Гастэлы райцэнтра было асвоена  254,2 тыс. руб., з іх бюджэтных сродкаў – 200 тыс. руб., адлічэнняў наймальнікаў – 54,2 тыс. руб.

Намаганнямі камунальнікаў  сёлета адрамантавана  адзінаццаць дахаў агульнай плошчай 2586 квадратных метраў у г.п. Карэлічы і аграгарадках Жухавічы і Палужжа,  на што  было прыцягнута 292,8 тыс. рублёў.

Зараз  праводзіцца капітальны рамонт д. № 42 па вул. Гастэлы ў райцэнтры, а таксама працягваецца будаўніцтва     кацельні на вул. Гагарына ў г.п. Карэлічы. Узведзены сцены, зроблена адмостка, часткова  зманціравана абсталяванне, пачаўся мантаж  лёгкаскідваемага даху. На будаўніцтва дадзенага аб’екта  выдаткавана 5 млн 500 тыс. рублёў, з іх прафінансавана  3 млн 920 тыс. рублёў.

Сёлета   быў  праведзены немалы фронт работ па добраўпарадкаванні дарог, вуліц і дваровых тэрыторый раённага цэнтра.  Дарожнікі змянілі асфальтавае пакрыццё на вуліцы 8 Сакавіка, заасфальтавалі  685 кв. м вул. Чырвонаармейская. Выкананы работы па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый  вул. Гагарына, 25а, 26, 32 і Гастэлы, 23 (асвоена 6045,58 рубля). Вымашчана 383 кв. м тратуарнай пліткай, устаноўлена 633 пагонныя метры  тратуарнага борта і пакладзены асфальт. Абсталяваны пяць стаянак для аўтамабіляў.

Работнікамі Карэліцкага РУП  ЖКГ  таксама выкананы работы па добраўпарадкаванні пешаходнай дарожкі  каля царквы  райцэнтра: выкладзена  30 кв. м тратуарнай пліткі і ўстаноўлена 28 пагонных метраў тратуарнага борта.  На гэтыя работы  асвоена 3 265,9 рубля.

Акрамя гэтага, устаноўлены 16 новых асвятляльных ліхтароў у скверы каля возера Быкава і тры – каля Карэліцкай ЦРБ. Асвоена 21039,85 рубля.

Усе намечаныя планы па рамонце і ўтрыманні  дарог,  вуліц і дваровых тэрыторый  райцэнтра выконваюцца ў тэрмін.

– Для людзей вельмі важна перамяшчэнне па зручных, сучасных дарогах, – гаворыць  жыхарка вул. Чырвонаармейская  Алена  Яўсейчык. – Нам усім  заўсёды  хацелася, каб роўная асфальтаваная дарога была  побач з кожным домам. Шмат гадоў дарожнае пакрыццё на вул. Чырвонаармейская знаходзілася, скажам прама, у непрывабным стане. Мы  звярнуліся на прамую лінію ў Карэліцкі райвыканкам  з просьбай аб укладцы  асфальтавага пакрыцця.  І нас пачулі. Жыхары  ўдзячны кіраўніцтву райвыканкама, асабліва старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Шкадаву, за  разуменне праблем  людзей, за дапамогу ў рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця. Для нас гэта яскравы прыклад таго, як трэба клапаціцца пра насельніцтва  не на словах, а на справе.