Главная / Новости / Новости района
28.10.2024

Дорожных дел мастера. Чем сегодня живет коллектив Кореличского ДРСУ-158

 Штогод Карэліцкае ДРБУ №-158 паспяхова шчыруе на ніве рамонту і аднаўлення вуліц і дарог раёна. Аб гэтым яскрава сведчаць лічбы: за 9 месяцаў бягучага года ў эксплуатацыю здадзена 17,623 км адрамантаваных бягучым рамонтам дарог, асвоена 7586,5 тысячы рублёў, у тым ліку па прамых дагаворах на аб’ектах добраўпарадкавання па Карэліцкім раёне — 585 тысяч рублёў. У кастрычніку дарожнікі плануюць здаць яшчэ 6,58 км.

— Паступова мы абнаўляем усе дарогі і вуліцы Карэліччыны, — кажа дырэктар упраўлення Мікалай Кадлубай. — Зараз працуем над асфальтаваннем дарог у агр. Турэц, да гэтага апранулі ў новы асфальт вуліцы ў агр. Лукі, хутка пачнецца работа ў Палужжы і Малюшычах. Да канца года плануецца пакласці новы асфальт на 13 вуліцах у чатырох аграгарадках.

Паступова пачнём заходзіць і ў іншыя аграгарадкі, выконваючы задачу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі звязаць аграгарадкі з райцэнтрамі якаснымі дарогамі. Акрамя гэтага, актыўна рамантуем дарогі ў дварах Карэліч, працавалі над добраўпарадкаваннем пад’язных шляхоў на стадыёне “Юнацтва”, на двары ДУ “Карэліцкі раённы ФСК”.

У ТЭМУ

Прэзідэнт          Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аўтамабільныя дарогі не абмяжоўваюцца важнымі міжнароднымі і рэспубліканскімі трасамі. Наступны этап — прывесці ў парадак дарогі ад абласных да раённых цэнтраў. Вядома, у такіх месцах неабавязкова арганізоўваць чатырохпалосны рух, але стан аўтамабільных дарог павінен быць на высокім узроўні, патрабуе Прэзідэнт.

Машыніст укладчыка асфальтабетона Рыгор Бусько, майстар Аляксандр Кадлубай, машыніст катка Алег Буцкевіч, асфальтабетоншчык Міхаіл Смолік

Прыязджаем у аграгарадок Турэц і сустракаемся з брыгадай дарожных рабочых, якія якраз завяршылі ўкладку новага асфальта на вуліцы 8 Сакавіка і збіраюцца пераязджаць на наступную кропку. Тут знаёмімся з асфальтабетоншчыкам ДРБУ №-158 Міхаілам Смолікам. Мужчына прыйшоў у дарожна-будаўнічае ўпраўленне амаль дзевятнаццаць гадоў таму. Расказвае, што нягледзячы на тое, што часам прыходзіцца працаваць у складаных умовах надвор’я, яго работа яму па душы:

— Мы заўжды стараемся працаваць на якасць, каб людзі, якія будуць праязджаць па дарозе, успаміналі нас добрым словам.

Асфальтабетоншчык Міхаіл Смолік

Мужчына менавіта таму і пайшоў у ДРБУ — хацелася працаваць на карысць людзей, рабіць іх жыццё лепшым.

Працалюбівы чалавек прыводзіць у парадак усё, да чаго даходзяць яго рукі, няважна, хатнія гэта клопаты ці праца. Пацверджаннем гэтаму з’яўляецца тое, што за шчырую добрасумленную працу мужчыну ўзнагародзілі Ганаровай граматай Карэліцкага райвыканкама. Але ўзнагародамі Міхаіл Міхайлавіч выхваляцца не прывык:

— Паглядзіце на нас, — усміхаецца мужчына і паказвае рукой на сваю брыгаду. — Кожны заслугоўвае таго, каб яго праца была адзначана. Мы каманда, заўжды працуем разам, не зважаючы на цяжкасці і надвор’е.

Звычайна з Днём аўтамабіліста і дарожніка прынята віншаваць тых, хто ў любое надвор’е шчыруе за “баранкай”, рамантуе дарогі, укладвае новы асфальт. Але ў любым прадпрыемстве ёсць тыя, хто застаецца ў тыле, але выконвае вельмі важную і неабходную працу. Сёння гутарым з начальнікам аддзела бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Карэліцкага ДРБУ №-158 Ірынай Кротавай.

Бухгалтар Алена Баярэка, начальнік аддзела бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Ірына Кротава, бухгалтар Яна Месніковіч

— 8 ліпеня бягучага года споўнілася 35 гадоў з таго моманту, калі я прыйшла працаваць у ДРБУ, — расказвае Ірына Іванаўна. — Тады я засталася адна з дзвюма дачушкамі, неабходна было працаваць, і ў мяне было два варыянты: гартоп і ДРБУ. Зрабіла выбар на карысць дарожнага ўпраўлення, і па сённяшні дзень шчырую тут.

Адным з галоўных правілаў па жыцці Ірына Іванаўна лічыць уменне не здраджваць сваім прынцыпам:

— Калі ты ведаеш, што праўда на тваім баку — адстойвай яе. Калі адчуваеш, што ў нечым не маеш рацыі — вучыся наводзіць масты з людзьмі, а галоўнае, навучыся прасіць прабачэння.

Як бы ў жыцці ні было складана, Ірына Іванаўна не апускала рукі. Ёй удалося выгадаваць дачушак, якія скончылі Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Старэйшая працуе ўрачом анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Яе муж — хірург. Малодшая — фармацэўт-правізар, замужам за выратавальнікам.

На ўсе пытанні Ірына Іванаўна адказвала з гумарам і цёплай усмешкай, а напрыканцы падвяла своеасаблівы вынік:

— Неабходна да ўсяго адносіцца з пазітывам. Няважна, сонца на вуліцы, альбо дождж, неабходна ўсміхацца жыццю.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара