Главная / Новости / Новости района
09.03.2023

Дырэктар КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Наталля Дубкова стала лаўрэатам абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2022» у намінацыі «Гаспадыня сяла»

 Жанчына — няма мудрэй загадак… І разгадаць яе  часта нялёгка.   Проза будняў многіх прадстаўніц слабога полу нярэдка змушае быць  моцнымі. Асабліва, калі гаворка ідзе пра жанчын-кіраўнікоў. Нароўні з тыповымі жаночымі клопатамі  на іх плячах – цяжар пытанняў вытворчых, калі неабходна думаць аб паказчыках, шляхах вырашэння праблем, мікраклімаце ў калектыве і  шмат аб чым  іншым,  пры ўсім  гэтым  загружанасць не адмяняе ролі гаспадыні, мамы…

Наталля Дубкова стала лаўрэатам абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2022» у намінацыі «Гаспадыня сяла» за ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі

Дырэктар КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Наталля Дубкова  прыехала ў гаспадарку пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” у 2004 годзе.  Родам з Віцебскай вобласці, але, выйшаўшы замуж за мясцовага юнака, на ўсё жыццё параднілася з Карэліччынай. Тут нарадзіліся  тры дачушкі — тры аддушыны для любай матулі. Дзякуючы мэтанакіраванасці, адказнасці,  упартасці,  настойлівасці  і вытрымцы  маладая жанчына ўжо два гады  стаіць на чале адной з не  самых простых гаспадарак раёна.

Дзякуючы эфектыўнаму кіраванню ў 2022 годзе ў “Чарняхоўскім-Агра” падвоілі  вытворчыя паказчыкі, актыўна інвестуюць у будучае. Калектыў прадпрыемства складае 250 чалавек, але кадраў не хапае.  Вось і даводзіцца Наталлі быць і кіраўніком, і бухгалтарам, але,  дзякуючы  працы ў камандзе з работнікамі КУСП, калектыў  стараецца   спрацаваць на вынік.  Гэтага яна вельмі не афішуе, бо, напэўна, проста ў кожнай жанчыне-кіраўніку  закладзена прыродная сціпласць. Вядома, кіраваць — гэта вельмі цяжкая праца.  Трэба цэлы дзень праводзіць на рабоце, забыцца пра святы,  быць пастаянна навідавоку,  кантраляваць усе свае дзеянні, кожнае  слова.

— Часам даводзіцца быць жорсткай, а інакш нельга, патрэбнага выніку не даб’ешся. Гэта, вядома, складана, але  калі планы ажыццяўляюцца, можна атрымліваць ад працы сапраўднае задавальненне, – гаворыць  жанчына і дадае: — Усё створана  рукамі  чалавека.  Які кіраўнік  — такія і тыя, з кім  працуеш. Трэба заўсёды быць прыстойным і трымаць сябе ў тонусе. Каб быць паспяховым у жыцці і ў працы, неабходна проста любіць гэтае жыццё, шанаваць узаемадапамогу і любоў, праяўляць спачуванне і абавязкова  адчуваць кураж — тады ўсё будзе добра.  А яшчэ заўсёды, у любой сітуацыі  заставацца жанчынай. Не трэба спрабаваць ператварыцца ў мужчыну, не трэба калькаваць іх метады. Усмешка мацней суровага погляду.

Каб узначалены калектыў працаваў стабільна, кіраўніку нярэдка даводзіцца ахвяраваць сваім вольным часам. Наталля Іванаўна дзеліцца:

—  Перамогі “на перадавой” былі б немагчымыя без моцнага тылу: любімага мужа Андрэя і траіх дачушак, якімі я заўсёды ганаруся. Падтрымка сям’і вельмі шмат значыць для мяне. Ведаю, што заўсёды абдзяляю ўвагай родных і блізкіх мне людзей, рашэнне ўсіх сямейных пытанняў пакідаю на потым. Дзесьці ў глыбіні душы яны, можа быць, і крыўдзяцца, але ніколі не даюць мне гэта зразумець, а, наадварот, падтрымліваюць і дапамагаюць. Таму калі ёсць апора і падтрымка ў сям’і, паразуменне з падначаленымі, тады справы ладзяцца прасцей і хутчэй.

 Наталля Іванаўна, а ці ёсць у Вас хобі, якое служыць аддушынай сярод працоўных будняў?

— Безумоўна,   ёсць любімыя заняткі, але на іх не хапае часу. Вельмі  даспадобы кветкі, але належным чынам даглядаць  іх не паспяваю. Люблю гатаваць, атрымліваецца  добра і смачна, але не так часта, як хацелася б. А   калі выдаецца вольная хвіліна,  то з сям’ёй з вялікім задавальненнем адпраўляемся падарожнічаць па Беларусіі. У нас ёсць на што падзівіцца, хочацца паказаць прыгажосць дзецям.   Увогуле,  сумесны адпачынак — гэта дзіўная магчымасць усім  пабыць разам, лепш зразумець дзяцей, убачыць і пачуць, чым яны жывуць, зблізіцца.

 Кожны чалавек пра нешта марыць. А пра што марыць жанчына-кіраўнік?

 — Жанчына-кіраўнік у першую чаргу — жанчына-маці. Дзеці растуць, час няспынна імчыць наперад. Мне хочацца, каб дзеці  заўсёды былі  ўпэўненымі ў сабе, не баяліся цяжкасцяў і не спыняліся на дасягнутым, каб заўсёды ўмелі знаходзіць радасць у  жыцці ў любой сітуацыі, якой бы цяжкай яна ім не здавалася, каб  выраслі добрымі і шчырымі людзьмі.

– Дзе знаходзіцца самы дарагі для Вас куток на зямлі?

— Самы дарагі той куток,  дзе мая сям’я, дзе побач   родныя і блізкія людзі, якія  разумеюць, заўсёды падтрымаюць, дзе пануюць паразуменне, згода і любоў.

Вось так, у мітусні і клопатах праходзіць кожны  дзень Наталлі Іванаўны. І  нават не задумваецца жанчына, ці мог лёс скласціся інакш.  І здаецца, адкуль столькі сіл і  натхнення? Крыніца энергіі — гэта дзеці, іх перамогі і дасягненні, іх любоў і адкрытасць, гэта  любімы муж, які заўсёды і ва   ўсім падтрымка і апора. А  што яшчэ трэба для сапраўднага жаночага шчасця?..