Школа – свет дзяцінства і юнацтва, ведаў і новых адкрыццяў, мастацтва і дакладных навук, гэта вялікі дом, дзе побач суіснуюць радасць і слёзы, сустрэчы і растанні. Людзі, якія аднойчы прыйшлі сюды па закліку сэрца, ніколі не пакінуць гэты вечна кіпячы запалам дом. Адна з галоўных задач кожнага настаўніка, незалежна ад сферы дзейнасці і выкладаемага прадмета, – выхаваць як мага больш упэўненых у сабе вучняў. Такая рыса робіць чалавека шчаслівым. Гэта падстаць удзельнікам конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Удзел у такіх мерапрыемствах – гэта важная веха ў жыцці педагогаў, гэта новы імпульс, бясконцы пошук шляхоў удасканалення навучання дзяцей, падрыхтоўка іх да ўспрымання разнастайнага свету, складаных чалавечых адносін. Гэта яшчэ і магчымасць паказаць, што прафесіяналізм павінен быць запатрабаваны і з’яўляецца самым каштоўным здабыткам цывілізаванага грамадства.
Як карцінкі ў калейдаскопе, змяняліся падзеі конкурсных дзён для ўдзельнікаў. Канкурсанты далі адкрытыя ўрокі, падрыхтавалі і правялі майстар-класы, падзяліліся вопытам сваёй працы.
А ўдзельнікамі фіналу сталі настаўнік геаграфіі ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. п. Карэлічы” Вольга Ваўчок, выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Турэцкая сярэдняя школа” Святлана Грэмяка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Цырынская сярэдняя школа” Таццяна Казлова, настаўнік фізікі ДУА ”Жухавіцкая сярэдняя школа” Іван Мароз, выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Дзіцячы сад г.п. Мір” Ларыса Нарбутовіч, настаўнік англійскай мовы ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” Надзея Урбановіч, настаўнік матэматыкі ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай” Іна Хіневіч.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч.
– Конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” мае сваю гісторыю і традыцыі. Праводзіцца ў Беларусі з 1991 года. Сёлета на раённы этап было заяўлена чатырнаццаць канкурсантаў у шасці намінацыях з трынаццаці ўстаноў адукацыі раёна. У сённяшнім этапе прымуць удзел сем педагогаў. Безумоўна, кожнага з фіналістаў можна назваць падзвіжнікам у педагогіцы. Пры гэтым у арсенале ў іх і свой навучальны кантэнт, і свой выхаваўчы інструментар. Вы ўжо лепшыя, таму што вы тут. Высакакласныя спецыялісты, сапраўдныя прафесіяналы, людзі, якія гараць сваёй справай.
Ірына Валер’еўна пажадала ўсім поспеху ў фінальным выступленні.
Ярка праявілі сябе канкурсанты ў заключным выпрабаванні. Кожны пераканаўча данёс сваю думку на важную для педагога тэму “Выхаваць чалавека…”. Выступленні выклікалі апладысменты, глыбокую павагу і, вядома, пачуццё гонару за вялікую педагагічную сям’ю Карэліччыны, выхоўвае сапраўдных патрыётаў і ў іх бачыць будучыню.
Уразіла атмасфера ў зале. Фіналістаў падтрымлівалі апладысментамі не толькі калегі, але і кіраўнікі ўстаноў адукацыі: кожны з іх з букетам кветак выходзіў на сцэну і ўшаноўваў сваіх паспяховых калег. Падтрымлівалі настаўнікаў і іх вучні. Што датычыцца вынікаў конкурсу і галасавання журы, то яно было максімальна празрыстым: па выніках кожнага выпрабавання выстаўляліся балы – шляхам іх падсумоўвання і былі вызначаны пераможцы.
Пераможцамі раённага этапу конкурсу “Настаўнік года-2023” сталі настаўнік матэматыкі ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай” Іна Хіневіч, настаўнік геаграфіі ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Вольга Ваўчок, настаўнік фізікі ДУА ”Жухавіцкая сярэдняя школа” Іван Мароз. Фінальным акордам стала ўзнагароджанне дыпломамі ўпраўлення адукацыі райвыканкама, грашовымі сертыфікатамі.
У завяршэнні конкурснай праграмы былі выказаны словы падзякі спонсарам мерапрыемства: старшыні Карэліцкай раённай арганізацыі прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ларысе Трафімчык і старшыні Карэліцкай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нэлі Маісеенка.
Не ўсе сталі пераможцамі сёння, але, несумненна, кожны з удзельнікаў — сапраўдны педагог. Менавіта ў такіх настаўнікаў, эрудзіраваных, творчых, вучні дасягаюць высокіх вынікаў. Няхай кожнаму з вас паспяхова пакараюцца новыя прыступкі прафесійнага майстэрства!