Главная / Новости / Новости района
27.11.2023

Коллектив Кореличского гортопа занял первое место в областном конкурсе по благоустройству

 Карэліцкі філіял КУП па забеспячэнні палівам “Гроднааблпаліва” сёлета заняў першае месца ў абласным аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні філіялаў і прылеглых да іх тэрыторый.

— Такія агляды па традыцыі праводзяцца штогод, — расказвае дырэктар філіяла Іван Будзейка. — Падчас калегіі па выніках работы за 9 месяцаў вызначаюцца лепшыя калектывы, якія клапоцяцца пра чысціню, парадак і эстэтычны выгляд сваіх прадпрыемстваў.

Кожны год ва ўстаноўлены дзень у філіял прызджае спецыяльная камісія з галаўнога апарату, якую ўзначальвае генеральны дырэктар КУП “Гроднааблпаліва” Іван Крахмальчык. Камісія праводзіць агляд прадпрыемства і прылеглых тэрыторый. Дзейнічаюць пэўныя крытэрыі, за якія выстаўляюцца балы.

Па словах Івана Будзейкі, калектыў карэліцкага філіяла заўжды імкнецца сваімі сіламі падтрымліваць парадак на тэрыторыі. Сёлета былі перафарбаваны фасад, агароджа, дах, зроблены малыя архітэктурныя формы. Над навесам для захоўвання брыкету з’явіўся новы дах. І, што важна, амаль усе работы выкананы рукамі работнікаў.

Ва ўнутраным дворыку філіяла створана экспазіцыя з дрэва. Над невялікім раўчуком, берагі якога ўпрыгожаны рагозам, пралягае вузенькі масток. Побач размясцілася клумба, пасаджаная прама ў ствале дрэва.

— Гэта была ідэя калектыву, — расказвае дырэктар. — Яе ажыццяўленнем займаліся наш рабочы Юрый Гаўрош і майстар Дзмітрый Каляда.

Узнагароджанне пераможцаў праходзіла ў будынку Лідскага райвыканкама падчас калегіі па падвядзенні вынікаў работы за дзевяць месяцаў.

— Хочацца падзякаваць калектыву за тое, што сур’ёзна аднесліся да справы і зрабілі свае працоўныя месцы больш камфортнымі і ўтульнымі, — дадае Іван Будзейка.