19 студзеня. 18 гадзін. На возеры ў аграгарадку Краснае Красненскага сельсавета ажыўлена. Тут сабраліся тыя, хто вырашыў акунуцца ў ледзяную купель. Каб мерапрыемства было праведзена на належным узроўні, аб яго бяспецы тут праяўляюць клопат супрацоўнікі Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацых, работнікі вадалазна-выратавальнай службы. Абуладкаваны месцы для пераапранання. Прысутных частуюць гарачай гарбатай і кашай з салам. Узнімаць настрой дапамагаюць добрыя мелодыі.


Благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, іерэй Ігар Пірог пачынае служыць святочную літургію. Затым праводзіць асвячэнне купелі. Святар нагадвае аб тым, што вадохрышчанская вада прыносіць у дамы мір і ў душы спакой. Ігар Пірог жадае прысутным моцнага здароўя, бадзёрасці духу, міласэрнасці, дабрыні. І каб Боская ласка ніколі не пакідала іх і па жыцці крочылі з верай у Бога.


У гэты ж дзень, 19 студзеня, сваё прафесійнае свята адзначаюць і выратавальнікі раёна. На вадаёме яны не толькі праводзілі дзяжурства, але і акуналіся ў ледзяную ваду возера.

— Няхай вада сцюдзёная, але на душы цёпла ад пачуццяў. Ты яднаешся з радзімай, небам, зямлёй — і адбываецца абнаўленне і ачышчэнне ў душы, становіццв надзвычай лёгка. Белае покрыва асацыіруецца з белым лістом, на якім пішам новыя задачы на новы год, і сённяшні студзеньскі вечар стане адрыўным лістком у календары 2026-га, — гаварылі выратавальнікі.





Галіна СМАЛЯНКА
Фота Андрэя ДЗЯНІСКА