Главная / Новости / Новости района
20.03.2024

Кореличский филиал ГП «Гроднооблтопливо» стал лучшим в Гродненской области по итогам работы за 2023 год

 Па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2023 год Карэліцкі філіял КУП па забеспячэнні палівам “Гроднааблпаліва” заняў першае месца ў вобласці.

Карэліцкі філіял прадпрыемства стаў лепшым у спаборніцтве паміж філіяламі Гродзенскай вобласці ў дасягненні высокіх паказчыкаў фінансава-эканамічнага развіцця.

Тут выконваюцца ўсе шэсць даведзеных паказчыкаў: рост выручкі, рэнтабельнасць продажаў, атрыманне прыбытку на аднаго працуючага, адсутнасць пратэрмінаванай запазычанасці перад торфабрыкетнымі заводамі, выкананне мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў і чысты прыбытак. Работнікі філіяла не проста спрацавалі ў плюс, але і змаглі  абысці канкурэнтаў.  Да прыкладу, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг за 2023 год  склала 949 тысяч рублёў, або 102,6% да ўзроўню 2022 года.

Якія напрамкі дзейнасці прыносяць найбольшы прыбытак прадпрыемству, расказаў дырэктар Іван Будзейка:

— З кожным годам колькасць жыхароў у сельскіх населеных пунктах памяншаецца, а значыць зніжаецца попыт і на дровы,  і  на брыкет. Цяпер на Карэліччыне насельніцтва  актыўна пераводзіць свае дамы на электраацяпленне. Аб зніжэнні цікавасці  да цвёрдага паліва гавораць і лічбы. Так, нашым філіялам за 2023 год рэалізавана 2535 тон брыкету, або 92% да аналагічнага перыяду мінулага года і 2512 метраў кубічных дроў, або 81%. Каб у цяперашні эканамічна складаны час заставацца на плыву, трэба пастаянна займацца пошукам новых відаў паслуг для арганізацый і насельніцтва, знаходзіць нестандартныя шляхі рашэнняў у той ці іншай сітуацыі.  І мы  рукі не апускаем, а шукаем новыя накірункі ў працы.

Напрыклад, у сезон даволі паспяхова на прадпрыемстве займаюцца вытворчасцю   і продажам тратуарнай пліткі і бардзюраў. Так, за 2023 год ад рэалізацыі гэтай прадукцыі атрымана 11 тыс. рублёў выручкі.

Працуе свая піларама, дзе вырабляецца абрэзная і неабрэзная дошкі. Вытворчасць безадходная: пакінутыя абрэзкі ідуць на дровы, апілкі прадаюцца на подсціл жывёлам. Яшчэ мы вырабляем драўляную шчапу, якую пастаўляем на кацельні Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў. Прадукцыя на складзе не залежваецца.   За мінулы год было рэалізавана піламатэрыялаў на суму 72 тыс. рублёў. Пакупнікі знаходзяцца  як на тэрыторыі нашага раёна, так і  суседняга Навагрудскага. Бывае прыязджаюць з  Мінска і Гродна.  Наша арганізацыя таксама можа  аказваць  паслугі насельніцтву і арганізацыям па распілоўцы драўніны. Выручка ад гэтага  за мінулы год склала 9 тысяч рублёў.

У нашым  складзе-магазіне багаты асартымент будаўнічых матэрыялаў. Тут можна купіць цэмент, сілікатныя блокі, цэглу і іншыя матэрыялы.  Па жаданні пакупніка можа быць аформлена дастаўка. На ўзбраенні  філіяла маюцца два МАЗы, маніпулятар і два пагрузчыкі. Жадаючым купіць паліва яго прывязуць да месца.

— Іван Вячаслававіч, вядома, добрыя вытворчыя паказчыкі забяспечваюць людзі. Каго хацелася б  адзначыць?

— У нашым калектыве працуе  пятнаццаць чалавек, і кожны імкнецца добра рабіць сваю справу.  Людзі разумеюць, што калі ёсць паказчыкі, будзе і прэмія, будзе магчымасць зарабіць больш, таму на любым участку работнікі працуюць бездакорна. На пагрузчыку  заняты выдатны прафесіянал Юрый Лазарэвіч. Добра спраўляюцца дрывасекі Міхаіл Макас і Юрый Гаўрош, на якіх ускладзена немалая нагрузка. Ва ўсе куткі раёна спраўна дастаўляе паліва Сяргей Фір’ян.  На выдатна са сваімі абавязкамі спраўляецца лесарубачная брыгада,  у якую ўваходзяць  Сяргей Каляда,  Валерый Каляда і трактарыст Васілій Богуш.  Нельга не адзначыць таксама сумленную працу  работніка піларамы Сяргея Барадзіна, майстра ўчастка Дзмітрыя Каляду.  Ды і ўвогуле, кожны з працаўнікоў філіяла добра ўсведамляе, што працаваць на вынік заўсёды прыемна. А калі ён суправаджаецца цяплом для іншых, то, напэўна, — і ўдвая.