Павіншаваць калектыў Цэнтра са святам прыйшло шмат гасцей: начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Кучко, намеснік старшыні раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Вольга Базар, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава, прадстаўнік РГА “Беларускі саюз жанчын” Лілія Арцюх.
Слова трымала дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Алена Ашманкевіч, якая расказала прысутным гісторыю ўтварэння і развіцця ўстановы. А таксама выказала словы ўдзячнасці усім нераўнадушным людзям, якія супрацоўнічаюць з установай, дапамагаюць умацоўваць яе матэрыяльна-тэхнічную базу, работнікам і бацькам.
Са словамі прывітання звярнулася да работнікаў Цэнтра Ірына Асташэвіч, якая адзначыла, што ў цэнтры працуе добры, зладжаны калектыў, які складаецца з высокапрафесійных педагогаў, добрых, цярплівых. Сёння работнікі цэнтра, іх выхаванцы, бацькі – адна сям’я, дзе ўсе праблемы, маленькія поспехі і перамогі агульныя, таму і пераадольваць цяжкасці лягчэй, бо яны дзеляцца напалову, а радасці – падвойваюцца.
Да свайго 20-гадовага юбілею супрацоўнікі прыйшлі з поспехамі, якія даказваюць, што асаблівыя дзеці – паўнапраўныя грамадзяне краіны, акружаныя ўвагай і клопатам, якія маюць правы і магчымасці нароўні з усімі.
Ірына Валер’еўна ўручыла Ганаровыя граматы Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта памочнікам выхавальнікаў Таццяне Капусцінай і Кацярыне Кухто.
Далучыўшыся да віншаванняў з нагоды юбілею, Вольга Базар зачытала Падзячны адрас за добрасумленную працу калектыву Цэнтра і ўручыла падарачны сертыфікат ад раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.
Словы падзякі за цесную сувязь і супрацоўніцва двух Цэнтраў прагучалі ад Інэсы Сямібратавай, якая сказала:
-Людзі, якія працуюць у гэтай установе, не проста спецыялісты, а педагогі з вялікім сэрцам, якое месціць усю любоў і магчымасць дарыць яе асаблівым дзецям і іх бацькам. Дзеці цэнтра вельмі адчувальныя і ўражлівыя, і педагогі штодня знаходзяць у сабе сілы іх чамусьці навучыць, сагрэць сваім цяплом і дапамагчы адчуць радасць жыцця. Ад вас дзеці прыходзяць да нас, дзе праходзяць далейшую сацыялізацыю.
Цёпла віншавалі калектыў цэнтра з юбілеем таксама прысутныя госці. Яны ўсе дзякавалі педагагічнаму калектыву за добрасумленную працу, прафесіяналізм, а галоўнае – за чулае стаўленне да дзяцей.
У зале прысутнічалі людзі, якія прысвяцілі шмат гадоў працы ва ўстанове. Віншаванні і шчырыя словы падзякі прагучалі ў іх адрас.
Павіншавала юбіляраў ад сябе асабіста і ад імя ўсіх бацькоў, чые дзеці навучаюцца ў гэтай установе, Таццяна Амельяновіч:
— Сённяшні юбілей – гэта свята цярплівых і разумеючых людзей, якія развіваюць здольнасці нашых дзяцей, імкнуцца іх чаму-небудзь навучыць, сагрэць сваім цяплом, дапамагчы адчуць радасць жыцця, адапціравацца да дарослага жыцця, дапамагаюць ім паверыць у сябе і свае сілы. Мы ўдзячны ўсім работнікам за іх працу і зычым усяго самага найлепшага.
Яркія нумары мастацкай самадзейнасці ў выкананні выхаванцаў Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, навучэнцаў і выпускніцы ЦКРНіР Аліны Моніч, а таксама педагогаў ўстаноў адукацыі раёна ўпрыгожылі праграму юбілейнай сустрэчы.
Даведачна
ДУА “Карэліцкі раённы Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі” пачаў працаваць у жніўні 2003 года з мэтай аказання комплекснай дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Узначаліла Цэнтр Алена Ашманкевіч.
У снежні 2009 года ён атрымаў статус дзяржаўнай установы адукацыі.
На сённяшні дзень на ўліку ў цэнтры 266 дзяцей з АПФР. У ЦКРНіР навучаецца і выхоўваецца 16 дзяцей, з іх 15 – дзеці-інваліды. Працуюць 3 спецыяльныя класы. Тут аказваецца карэкцыйна-педагагічная дапамога дзецям з моўнымі і іншымі парушэннямі. Акрамя гэтага дзеці навучаюцца па спецыяльных праграмах і атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу ў агульнаадукацыйных установах адукацыі: 61 дзіця ў групах (класах) інтэграванага навучання і выхавання і спецыяльных групах, 5 дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту навучаюцца на даму; 173 дзіцяці атрымліваюць дапамогу ў пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
ЦКРНіР з’яўляецца ўстановай адукацыі, дзе створана комплексная сістэма спецыяльнай, псіхалагічнай, сацыяльна-педагагічнай дапамогі дзецям і падлеткам, якія маюць асаблівасці развіцця, з мэтай сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі іх у грамадстве.
У цэнтры атрымліваюць дапамогу дзеці з моўнымі парушэннямі, з затрымкай псіхічнага развіцця, з дзіцячым цэрэбральным паралічом, з інтэлектуальнай недастатковасцю, з аўтыстычнымі і з цяжкімі парушэннямі развіцця. Тут знаходзяць падтрымку і бацькі ў пытаннях развіцця, навучання, выхавання і сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Педагагічныя работнікі дапамагаюць у мадэліраванні працэсу суправаджэння дзяцей з АПФР ва ўстановах адукацыі раёна і ў ажыццяўленні індывідуальнага падыходу ў працы з асаблівымі дзецьмі.