Главная / Новости / Новости района
08.05.2025

Красную звезду Героя установили на могиле ветерана Великой Отечественной войны Григория Васильевича Сагирашвили

 7 мая ў рамках  рэалізацыі  ўнікальнага праекта – “Чырвоная зорка Героя” прайшоў мітынг-рэквіем каля пахавання ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Георгія Васільевіча Сагірашвілі ў г.п. Карэлічы,  падчас якога  да помніка была прымацавана крыштальная чырвоная зорка,  вырабленая майстрамі ААТ “Шклозавод Нёман". 


Ва ўрачыстасці  па замацаванні зоркі да помніка Георгія Васільевіча  прынялі ўдзел  галоўны рэдактар  установы “Рэдакцыя газеты “Полымя”, старшыня раённай  грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Іна Лейка, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч, сын ветэрана Рыгор  Сагірашвілі, настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла г. п. Карэлічы, іерэй Ігар Пірог,  вучнёўскі і педагагічны калектыў сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы.


Георгій Васільевіч Сагірашвілі нарадзіўся 17 кастрычніка 1916 года ў Грузіі. У пачатку вайны быў камандзірам узвода сувязі, быў паранены і трапіў у палон. Уцёк з палону, трапіў у партызанскі атрад брыгады імя Сталіна. Партызаніў у Налібоцкай пушчы ў раёне Рубяжэвічаў, Узды, Стоўбцаў. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “Партызану Айчыннай вайны 1-ай ступені”. 
Пасля вайны працаваў у г.п.  Івянец намеснікам старшыні па гандлі, затым працаваў старшынёй сельпо ў в. Турэц. У 1951 годзе прыехаў у г.п. Карэлічы,   дзе быў дырэктарам арцелі “Бальшавік”, а потым галоўным інжынерам Карэліцкага раённага  камбіната бытавога абслугоўвання, адкуль і пайшоў на пенсію.
 Ганаровае права замацаваць Чырвоную зорку  на магіле ветэрана  было прадастаўлена Іне Лейка і Ірыне Асташэвіч. 


– З кожным годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё менш і менш. Аднак памяць пра кожнага з іх працягвае жыць у сэрцах удзячных нашчадкаў. Для захавання гістарычнай памяці пра герояў вайны рэалізуюцца розныя праекты. Адзін з іх –  “Чырвоная Зорка Героя”. Зорка  – гэта не  проста  знак –  гэта даніна павагі да гісторыі, гэта падзяка за жыццё і мірнае неба над галавой,  – гэта бачны напамін пра важнасць захавання гістарычнай памяці, – звярнулася да навучэнцаў і да ўсіх прысутных Ірына Валер’еўна.

– "Белая Русь" дала старт патрэбнай акцыі, бо памятаць і шанаваць памяць пра тых людзей, якія падарылі нам мір, – наш абавязак, бо памяць пра герояў-пераможцаў павінна жыць,– дадала Іна Лейка. 
Сын ветэрана Рыгор Георгіевіч  Сагірашвілі выказаў словы падзякі за памяць пра бацьку. 
–    Яго ўспаміны, погляд на тыя гістарычныя падзеі ў маёй душы выклікалі трапятанне і хваляванне. Не забуду, як ён расказваў пра цяжкае жыццё у партынанскім атрадзе,  Вялікую Перамогу, пра радасць і шчасце савецкіх салдат у той момант. Такія эмоцыі яму цяжка было перадаваць  словамі. 
Іерэй Ігар Пірог здзейсніў малебен па нябожчыку, пасля чаго ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць ветэрана хвілінай маўчання. Усклаўшы кветкі, прысутныя выказалі даніну павагі герою-земляку, які ўнёс важкі ўклад у агульную справу Перамогі.


Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара