Главная / Новости / Новости района
26.01.2023

Малады інжынер па ахове працы КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Паліна Авяр’янава ведае, што ад яе работы залежыць здароўе людзей

 Інжынер па ахове працы — складаная і адказная справа. Чалавек, які працуе на гэтай пасадзе, адказвае за бяспеку ўсяго калектыва. У жніўні мінулага года інжынерам па ахове працы КУСП “Чарняхоўскі-Агра” стала малады спецыяліст Паліна Авяр’янава. Аб тым, як працуецца на першым месцы, мы і пагаварылі з дзяўчынай.

Паліна расказвае, што нарадзілася ў горадзе Жабінка, што на Брэстчыне, вучылася ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, дзе атрымлівала павышаную стыпендыю, і па размеркаванні прыйшла працаваць у Карэліцкі раён.

— На Карэліччыне падабаецца, — кажа дзяўчына. — Ёсць што паглядзець. Вельмі ўразіў Мірскі замак.

Нягледзячы на тое, што малады спецыяліст толькі пачала свой працоўны шлях, яна паспела многае зрабіць у гаспадарцы:

— Я працую з першага жніўня, але ўжо правяла дзве атэстацыі працоўных месцаў, расследаванне прыватнага невытворчага няшчаснага выпадку, праверку ведаў па тэхніцы бяспекі. Агульную мову з калектывам знайшла вельмі хутка. Людзі тут прыемныя.

Прадпрыемства выдзеліла для маладых спецыялістаў інтэрнат, у якім дзяўчына разам з суседкай зрабілі невялікі касметычны рамонт. Паліна кажа, што заўжды стараецца стварыць для сябе ўтульныя ўмовы:

— Спачатку мой кабінет быў на мехмайстэрнях, дзе мне вельмі падабалася, бо там немнагалюдна. Фактычна ў кабінеце я была адна. Першае, што я там зрабіла — пераставіла парты, перавесіла плакаты па тэхніцы бяспекі, стварыла чысціню і ўтульнасць.

Паліна прызнаецца, што яе праца вельмі адказная, але кажа, што менавіта на гэтай пасадзе яна атрымлівае самае каштоўнае — вопыт:

— Мае аднагрупнікі тэлефануюць мне, каб пракансультавацца па розных пытаннях, — з усмешкай прызнаецца дзяўчына. — Але ўсяго ведаць немагчыма. Больш вопытныя калегі з упраўлення сельскай гаспадаркі стараюцца дапамагаць, калі штосьці не разумею. Быў выпадак, калі мне патрэбна было даць пісьмовы адказ, але ў мяне не атрымлівалася правільна яго сфармуляваць. Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ламан вельмі дапамог.

Паліна толькі пачынае свой працоўны шлях, і хочаца верыць, што яна раскрые свой патэнцыял не толькі як спецыяліст. У раёне ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб маладыя людзі замацоўваліся на месцах і праяўлялі сябе як шматгранныя асобы. Застаецца пажадаць усім, хто толькі пачынае працаваць на карысць Карэліччыны, не пасаваць перад цяжкасцямі і заўжды імкнуцца да сваёй мэты.