Главная / Новости / Новости района
15.05.2023

Мечта стала реальностью: как многодетная семья Стащенюк из г.п. Кореличи благодаря господдержке переехала из общежития в свой дом

 Дапамога дзяржавы шматдзетным сем’ям у выглядзе льготнага крэдыту, магчымасць датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу – усё гэта звёны аднаго ланцужка, які працягвае паспяхова працаваць у Беларусі з 2015 года.

Таццяна і Сяргей Сташчанюк паказваюць свой падворак на вуліцы Сонечнай у г.п.Карэлічы. Гэта іх вялікі і ўтульны двухпавярховы дом: на першым паверсе – кухня, зала і санвузел, на другім  – тры вялікія пакоі. Вось тут, каля плоту,  яны пасадзілі лаванду,  далей – растуць ружы, а збоку ад дома –  агародзік: бульба, цыбуля і зеляніна, пазней  яшчэ пасадзяць  агуркі і  памідоры.

– Да працы на зямлі мы прывучаны з дзяцінства і даглядаць  расліны любім і ўмеем, трымаем гаспадарку. У нас ёсць і куры, і трусы, і свінні,  – дзеліцца маладая гаспадыня.

Цяпер яна ў гэтым бачыць асаблівы сэнс: у сям’і падрастаюць трое дзетак, для іх хочацца ўсё самае лепшае, натуральнае. Старэйшаму  Уладзіславу 16 гадоў, сярэдняй  Ксеніі – 11,  малодшай Анюце – 5.

Узвядзенне прасторнага гняздзечка для сям’і Таццяна і Сяргей задумалі шмат гадоў таму, а ўвасабляць пачалі пасля нараджэння траіх дзяцей.

Малады гаспадар расказвае:

–  Спачатку звярнуліся ў Карэліцкі  райвыканкам з заявай на выдзяленне ўчастка на пабудову дома.  Прапанавалі аж тры на  выбар, і мы вырашылі будавацца  ў райцэнтры на вуліцы Сонечнай. Спачатку ўзялі ў банку льготны крэдыт для мнагадзетных сем’яў на будаўніцтва, а  потым вырашылі выкарыстаць сямейны капітал.

У службе  “адно акно” Карэліцкага райвыканкама сям’і патлумачылі ўсе нюансы атрымання сямейнага капіталу, дапамаглі сабраць патрэбныя дакументы. І ўжо з гатовым рашэннем Таццяна з мужам адправіліся ў банк. З дэпазіту знялі ўсю суму, якая дазволіла завяршыць будаўніцтва дома.

–  Яшчэ некалькі гадоў таму, калі жылі ў інтэрнаце, цяжка было паверыць, што станем уладальнікамі такога шыкоўнага жылля плюс невялікага кавалачка зямлі.  Але вось ужо чацвёрты год мы паўнапраўныя гаспадары ўласнай сядзібы.  Безумоўна, сямейны капітал стаў надзейнай дапамогай,  самастойна набыць такія квадраты нам было  б няпроста. Гэта вельмі добра, што такія праграмы ў нас існуюць. Сямейны капітал для шматдзетных сем’яў – сур’ёзная дапамога і салідная падтрымка ад дзяржавы,  – заключаюць сужэнцы.