Главная / Новости / Новости района
11.11.2023

Многодетная семья Кузьмич из агрогородка Малюшичи вывела свою формулу счастливого родительства

 Кожны чалавек не раз задаваўся пытаннем, што такое шчасце. Для кагосьці яно ў любімай рабоце, хтосьці марыць стаць знакамітым, а шчасце шматдзетнай сям’і Дзяніса і Святланы Кузьміч  з  аграгарадка Малюшычы  заключаецца ў любімай сям’і, клопаце аднаго аб адным і цудоўных дзетках.

– Калі я  прыехала працаваць у ДП “Малюшычы“ бухгалтарам  пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа,  быў  2007 год. Тут сустрэла прыгожага юнака. Гэта было каханне з першага погляду,  – з хваляваннем успамінае пра знаёмства з мужам  маладая жанчына. – У 2008 годзе Дзяніс прапанаваў мне  стаць яго жонкай, а на наступны год мы ажаніліся.

Як прызнаецца Святлана, у будучым мужы  яна ўбачыла самае галоўнае – далікатнае і трапяткое стаўленне да жанчыны. Гэтым ён яе і “падкупіў”:  дзяўчына зразумела, што ён – той самы, з якім хочацца пражыць усё жыццё, ідучы побач. І Святлана не пралічылася – сёння ў іх  вялікая і дружная сям’я.

Калі ажаніліся, праўленне  гаспадаркі  выдзеліла   маладой сям’і дом, які  перайшоў ва  ўласнасць.  Гаспадары зрабілі  рамонт, а зараз займаюцца дызайнам  вялікага двара. Усё робяць па-сучаснаму і сваімі рукамі.

– Трэба,  каб і яблык можна было з’есці, і каб дзецям занятак быў, ды і нам тут жыць, таму неабходна зрабіць так,  каб было і прыгожа, і ўтульна,  – запэўніў  Дзяніс.

Хоць дзеці яшчэ невялікія, але,  зазіраючы на перспектыву,  не так даўно  маладыя бацькі  купілі ім кватэру ў г. Гродна, маўляў, пойдуць вучыцца, то не трэба будзе здымаць. Добрай дапамогай у набыцці нерухомасці стаў сямейны капітал, які шматдзетная сям’я аформіла пасля нараджэння трэцяй дачкі.

Дзяніс Аляксандравіч  працуе   начальнікам пажарнай часці г.п. Мір, Святлана – бухгалтарам  Карэліцкай ЦРБ. Першынцу сям’і Кузьміч – старэйшай дачцэ Дар’і,  ужо 14, сярэдняй Соф’і –  8 гадоў.  Дзяўчынкі  актыўныя і творчыя. Абедзве  вучацца  ў СШ № 2  г.п. Карэлічы. У вольны час ходзяць у Малюшыцкі Дом культуры  і вельмі любяць спяваць. Прымаюць удзел у   канцэртах, якія арганізоўваюцца і праводзяцца работнікамі культуры аграгарадка. Як і большасць  дзяцей, дзяўчынкі  шукаюць сябе. Не будзе лішнім сказаць, што Дар’я і Соф’я – незаменныя маміны памочніцы.  Трэцяй дачушцы Аляксандры тры  гады,  яна наведвае дзіцячы сад № 1 райцэнтра. Для дзіцяці гэта першыя крокі да сацыялізацыі, бацькі цалкам яе ў гэтым падтрымліваюць. Дзяўчынка  дапытлівая, актыўная і добрая. З задавальненнем гуляе са сваімі старэйшымі  сястрычкамі.

Мама  адзначае, што  ўсе  дзяўчаткі  клапатлівыя і ўважлівыя. Нават калі чымсьці вельмі занятыя, то адкладваюць усе свае справы і з радасцю дапамагаюць. Сястрычкі   паміж сабой  дружныя, а старэйшыя заўсёды дагаджаюць і песцяць малую.

Гледзячы на Святлану,  і не падумаеш, што гэтая пяшчотная і далікатная жанчына нарадзіла траіх дзяцей. Яе выдаюць толькі шчаслівыя вочы і ўсмешка на твары, калі яна расказвае пра перамогі і дасягненні сваіх  дзетак.

За магчымасць мець такую дружную, моцную, вялікую сям’ю і кожны дзень адчуваць радасць мацярынства Святлана ўдзячная свайму мужу Дзянісу. Захавальніца сямейнага ачага прызналася, што, калі б яна не адчувала  падтрымку, апору і моцнае мужчынскае плячо, магчыма, не адважылася б стаць шматдзетнай  маці.

– Муж – эліксір майго шчасця. У ім ёсць усе якасці, якія павінны быць у сапраўднага мужчыны, – дзеліцца Святлана. – Ён, нават,  калі вельмі стомлены, усё роўна імкнецца ўдзяліць увагу  дачушкам.

–  Дзяніс Аляксандравіч, Вы з жонкай марылі пра вялікую сям’ю ці працягнулі традыцыю пакаленняў?

– Сем’і, у якіх раслі мы,  не   шматдзетныя, а наша ячэйка грамадства,  хутчэй,  выключэнне ў нашым родавым дрэве. І гэта вялікае шчасце, да якога мы прыйшлі свядома. Так, вялікая сям’я – гэта нялёгка.  Гэта работа,  толькі з яе не адпросішся і не возьмеш адпачынак.  Гэта праца даўжынёю ў жыццё, але яна любімая, і ўцягнутасць у яе дае адчуць усю паўнату бацькоўства.

– Як праходзіць ваш выхадны дзень з сям’ёй?

– Па магчымасці стараемся быць актыўнай сям’ёй.  Лепшы час для нас – водпуск. Мы і на рыбалку ездзім, і ў грыбы, а можам  адправіцца ў падарожжа. У гэты год летам  ездзілі адпачываць усёй сям’ёй  на  возера Нарач. Гэта была цудоўная магчымасць пабыць усім разам, правесці час з карысцю і цудоўна адпачыць ад паўсядзённых будняў.  Сярод навучальнага года,  калі разлічана кожная  хвіліна,  усе разам збіраемся толькі вечарам,  і ў кожнага свае справы.

– Што для Вас быць бацькам? Гэта больш пра ласку або строгасць?

–        Гэта баланс. У дзяцей павінна быць дзяцінства, і запомніць яны павінны яго вясёлым, яркім і бесклапотным. Дзяцінства, дзе тата – сябар, памочнік, абаронца. Вядома, выхаваўчыя моманты могуць быць і з абмежаваннямі, але ў астатнім толькі ўсмешкі. Нельга забываць, што гэта ў першую чаргу дзеці і размаўляць з імі трэба на іх мове.

Безумоўна, бацькава ўвага для дзяўчынак –  самае каштоўнае. Для іх ён лепшы сябар і прыклад.

Дзяніс і Святлана  ганарацца сваёй сям’ёй, у якой пануюць любоў, мір і павага адзін да аднаго, чутны звонкі дзіцячы смех і тупат маленькіх ножак.

І сапраўды,  сям’я – гэта падарунак лёсу,  надзейны прытулак у вялікім свеце, дзе заўсёды пануюць  каханне, узаемапавага і дапамога.