Удзельнікаў мерапрыемства на цэнтральнай плошчы г. п. Мір сустрэла дырэктар Карэліцкага раённага турінфацэнтра Караліна Анісенка і прапанавала правесці экскурсію па мірскай зямлі. Пачатак быў узяты з былой рыначнай плошчы. Мір у мінулым доўгі час лічыўся цэнтрам гандлю і рамёстваў. Яна паведала пра гісторыю старажытнага пасёлка, зазначыўшы пры гэтым, што мірская зямля талерантная: прымала людзей розных нацыянальнасцей. Дзяўчаты і юнакі прайшліся яе вуліцамі.
Сядзіба-музей «Мірскі пасад» размяшчаецца ў невялікім будынку, але тут сабрана шмат экспанатаў: фотаздымкі, шафа, стол, посуд, ложак, сякера, прасы, гадзіннікі, лапці — гэтыя і іншыя рэчы мінулых гадоў. Больш таго, гаспадар сядзібы Віктар Сакель добра ведае гісторыю кожнай рэчы і цікава аб гэтым апавядае. А яшчэ тут ёсць падшыўкі газет, пласцінкі і патэфон.
Удзельнікі мерапрыемства «Ведай сваю Радзіму» накіроўваюцца ў турінфацэнтр г.п. Мір. Спецыяліст па турызме Валерыя Крываль нагадвае аб тым, што юнакі і дзяўчаты змогуць наведваць славутыя мясціны краіны самастойна. Яна прапаноўвае ім памяткі з рознымі маршрутамі. Цэнтр працуе з 8.30 да 20.00 штодзённа — і яны могуць прыходзіць за інфармацыяй.
— Я вітаю вас з Богам, — звяртаецца прыхаджанка Мікалаеўскага касцёла г. п. Мір Марына Язерская.
Прамоўца вядзе гутарку эмацыянальна і шчыра, і яе з захапленнем слухаюць прысутныя. У прамоўцы ёсць свайго роду і парады-наказы маладым: «Шчасце, калі знойдзем адносіны з Богам», «Калі ёсць вера, у нас няма перашкод», «Іісус вучыць дараваць і любіць, злосць пераможная дабром і любоўю» і іншыя. Марына Язерская адзначыла, што дзверы касцёла адкрытыя для жадаючых, і кожны чалавек атрымлівае благаслаўленне.
Завяршылася экскурсія па старажытным пасёлку наведваннем установы «Музей «Замкавы комплекс «Мір», дзе юнакі і дзяўчаты даведаліся шмат цікавых гістарычных звестак. Каля яго сцен яны сфатаграфаваліся на памяць.
Слова — удзельнікам
Кацярына ЖАМОЙДА,
культарганізатар філіяла «Жухавіцкі ДК» ДУ «Карэліцкі РЦКіНТ»,
член Карэліцкага раённага Савета працуючай моладзі,
член Маладзёжнага парламента пры Карэліцкім раённым Савеце дэпутатаў:
— Мерапрыемства «Ведай сваю Радзіму» для мяне з’яўляецца вельмі цікавым і пазнавальным. Паколькі жыву недалёка ад Міра, можна сказаць, што амаль з’яўляюся жыхаром пасёлка. Для мяне яно адкрыла шмат новага, аб чым да гэтага моманту нават не здагадвалася. Безумоўна, пра асноўныя славутасці Міра і гістарычныя факты ведала, але дзякуючы экскурсіі па такіх мясцінах, як «Замкавы комплекс «Мір», музей «Мірскі Пасад» і Мікалаеўскі касцёл, атрымала больш глыбокія веды аб багатай гісторыі сваёй зямлі.
Замкавы комплекс «Мір» наведвала неаднаразова, але кожны раз ён захапляе мяне сваёй прыгажосцю і веліччу, атмасферай, якая пануе ў замку. Знаходзячыся там, адчуваеш сябе па-асабліваму, быццам акунаешся ў мінулае.
Міма Мікалаеўскага касцёла праязджаю амаль кожны дзень і была ў ім аднойчы зусім нядоўга. Але дзякуючы дадзенаму мерапрыемству, даведалася пра яго таямніцы, якую культурную і архітэктурную спадчыну нясе ў сабе. Знаходзячыся ўнутры касцёла, адчуваеш у сабе лёгкасць і душэўны спакой.
Музей «Мірскі Пасад» наведала ўпершыню. Чула пра багатую і незвычайную калекцыю экспанатаў і сёння пераканалася ў гэтым асабіста. Разнастайнасць экспазіцый стала для мяне сапраўдным адкрыццём і заваражыла да глыбіны душы.
Лічу, што такія мерапрыемствы, як экскурсія «Ведай сваю Радзіму» маюць месца быць для таго, каб мы ведалі больш аб сваёй зямлі, цанілі і захоўвалі гісторыю роднага краю і стараліся прымножыць усе тыя веды, што ў нас ёсць.
Аляксандр ДУБАНОСАЎ,
інжынер-механік па экслуатацыі машынна-трактарнага парка
СВК «Маяк-Заполле»,
малады спецыяліст 2024 года:
— Я закончыў Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Сам з горада Мікашэвічы Брэсцкай вобласці. Працую са жніўня гэтага года інжынерам-механікам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка СВК «Маяк-Заполле». На сельскагаспадарчай вытворчасці мяне сустрэлі дружалюбна. Пастаянна аказваюць падтрымку Міхаіл Міхайлавіч Драздоў і Валерый Мікалаевіч Рытус. Яны дапамагаюць уцягнуцца ў рабочы працэс.
Сённяшняя экскурсія аказала на мяне вялікае ўражанне, асабліва Мікалаеўскі касцёл у Міры, які крануў да глыбіні душы. Такія паездкі па родным краі вельмі патрэбныя. Мы павінны знаёміцца з Радзімай і яе славутасцямі, падчас сустрэч акунацца ў яе гістарычнае мінулае. Разам з тым у нас, маладых спецыялістаў, ёсць выдатная магчымасць завесці новыя знаёмствы і сустрэцца з новымі сябрамі. Хацелася, каб такіх сустрэч у далейшым было больш.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Святланы МАЛАХВЕЙ