Главная / Новости / Новости района
11.08.2022

«Мы с вами из одного теста». Ребята из города-побратима Красногорска отдохнули в детском оздоровительном лагере «Вясёлка»

 Сяброўскія адносіны паміж Карэліччынай і Краснагорскам існуюць даўно. Неаднойчы гарады-пабрацімы абменьваліся дэлегацыямі, сустракалася і моладзь. Дзяўчаты і юнакі адпачывалі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах сяброўскай краіны. Зараз краснагорцы праводзяць цёплыя жнівеньскія дзянькі ў ДАЛ «Вясёлка». 

«Добры дзень, дарагія госці!»

Пад такой назвай ладзілася свята ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка». Тут адпачываюць 79 дзяўчынак і хлопчыкаў і 10 краснагорскіх рабят. На летняй эстрадзе пад адкрытым небам яны абменьваліся  талентамі, іх твары свяціліся ўсмешкамі.

Завіталі на свята і прадстаўнікі мясцовай улады. Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан сказаў, што на  гэты раз прывёз у лагер добрае надвор’е, дзяўчынкі і хлопчыкі змогуць пабываць на возеры Свіцязь, наталіцца навакольнымі краявідамі. Яўген Мікалаевіч пажадаў ім добрага адпачынку, цікавых мерапрыемстваў, прыехаць у лагер у наступным годзе.

У сваёй прамове начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч адзначыла, што сяброўства паміж  Карэліччынай і Краснагорскам існуе даўно, у тым ліку ў пытанні   аздараўлення дзяцей, пажадала адпачываючым масу станоўчых эмоцый. А паколькі брэндам Карэліцкага раёна з’яўляецца лён, уручыла краснагорцам сувеніры з лёну.

«Мы рады быць гасцямі, — гаварылі яны ў адказ. — Нам расказвалі, што ў Беларусі вельмі здорава, і гэта сапраўды так. Спадзяёмся, што ў будучым будзем абменьвацца дэлегацыямі.  Галоўнае, каб сябравалі не толькі дзяржавы, але і дзеці».

Краснагорцы ўручылі лагеру «Вясёлка» і атрадам падарункі. Затым кожны з атрадаў прадэманстраваў сваё майстэрства. Выступленні дзяўчынак і хлопчыкаў суправаджаліся апладысментамі. Не магло пакінуць раўнадушным і выступленне краснагорскіх рабят. «Краснагорскі раён: край мары і дабра, гэта агульны наш дом», — гучалі радкі з песні гасцей.

На свята прыехаў настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Турэц Андрэй Абрамовіч, які расказаў прысутным пра свята прарока Божага Іллі.

«Мы быццам з аднаго цеста»

Журналіст раённай газеты «Полымя» папрасіла падзяліцца ўражаннямі  кіраўнікоў маладзёжнай дэлегацыі з г. Краснагорска  Марыю Андрэеўну Рэмпель і Таццяну Гаўрылаўну Палякову.

— Хто сёлета прыехаў у «Вясёлку» з Краснагорска?

— 10 дзяцей і два кіраўнікі групы. Моладзь з ліку лепшых важатых гарадскога лагера «Сказочный» г. Краснагорск, якіх дэлегавалі ў гэтую паездку. Узрост — 14-17 гадоў, 8 дзяўчат і двое юнакоў.

— Чым спадабалася Беларусь і менавіта «Вясёлка»?

— Беларусь — гэта добразычлівыя  і гасцінныя людзі. Прырода шыкоўная, чыстае паветра, спіцца добра. Лагер «Вясёлка» спадабаўся: тут усё  абсталявана і прадумана для адпачынку дзяцей. Футбольнае і валейбольнае палі, добрыя альтанкі, архітэктура корпусаў.

— Дзе пабывалі і што асабліва захапіла?

— На  ААТ «Карэлічы-Лён», у Мірскім замку, на ферме «Малюшычы» і ў іншых мясцінах. Асаблівае ўражанне атрымалі ў Малюшычах, бо ўбачыць наяве жывёлу  было сюрпрызам. У захапленні засталіся і ад наведвання прыватнага музея ў Міры, экскурсію праводзілі вучні мясцовай школы.

— Што асабліва прываблівае ў беларусах?

— Гасціннасць і добразычлівасць. Наша адзінства, і, відавочна, што мы, рускія і беларусы, з аднаго цеста.

— Што змаглі прадэманстраваць?

— Мы ўдзельнічалі ў конкурсах: «Міс лагера», «Спяваем разам», на свяце выступілі з візітнай карткай аб Краснагорску.

— Якія стравы асабліва падабаюцца ў сталовай лагера?

— Прыгатаваныя з натуральных прадуктаў, яны нагадваюць смак дзяцінства. Катлета як ад бабулі і пах ягаднага кампоту.

Марына УРБАНОВІЧ,

дырэктар лагера «Вясёлка»:

— На трэцяй змене адпачываюць 79 юных карэліччан і 10 прадстаўнікоў маладзёжнай дэлегацыі з г. Краснагорска. Акрамя таго, на тэрыторыі стацыянарнага лагера размяшчаліся чатыры неперасовачныя палатачныя лагеры: ДАЛ «Следопыт» ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы», ДАЛ «Звёздный» ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы», ДАЛ «Туристы» ДУА «Лукская сярэдняя школа» і ДАЛ «Олимпиец» ДУ «Дзіцячая юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна». На рахунку адпачываючых — шмат цікавых спраў і мерапрыемстваў: эстафеты, экскурсіі, конкурсы, сустрэчы. Рабяты забралі з сабою добрыя ўспаміны і станоўчыя эмоцыі.