Главная / Новости / Новости района
01.08.2024

Начальник производства ОАО «Кореличи-Лён» Лилия Чечётко: «Наш Президент пообещал спасти льняную отрасль в Беларуси и слово свое сдержал»

 Ільну ў Беларусі быць! Гэтыя словы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паўтараў не раз, наведваючы палі, ільнозаводы і Аршанскі льнокамбінат. Дзякуючы палітычнай волі Прэзідэнта, падтрымцы дзяржавы галіна выйшла на перадавыя пазіцыі.

«Ільну, які прысутнічае ў нацыянальнай сімволіцы Рэспублікі, у Беларусі надаецца павышаная ўвага не выпадкова: гэта традыцыйна вырошчваемая ў нашай краіне і адна з найбольш каштоўных культур, вытворчасць якой, у тым ліку і для экспарту, устойліва павышаецца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 жніўня 2004 года падчас наведвання СВК імя Чарняхоўскага Карэліцкага раёна. 20 верасня 2019 года Кіраўнік дзяржавы, наведваючы ААТ «Карэлічы-Лён», адзначыў: «Калі раней я думаў пра тое, што вось мы ўвязаліся ў гэтую вайну па выратаванні льнаводчай галіны, а, можа быць, на рынку будзе непрыдатная гэтая прадукцыя, я перажываў за гэта, таму што грошай уклалі нямала. Але сёння мы перакананыя, што зрабілі правільна. У Беларусі лёну быць!»
Паміж гэтымі падзеямі прайшло 15 гадоў. Менавіта яны сталі вырашальнымі для аднаўлення галіны, якая доўгі час была адстаючай.

Як у Карэлічах
сталі вырабляць ільновалакно

Вытворчасцю лёну Карэліцкі край славіўся заўсёды. Нездарма яго блакітныя кветкі прысутнічаюць на гербе раёна. За поспех у дасягненні высокіх ураджаяў даўгунцу ў Карэліцкім раёне вышэйшых дзяржаўных узнагарод удастоены звеннявыя па лёне Е. Р. Карачан, Н. С. Трускоўская, В. Л. Калоша, Я. І. Юшко, якім прысвоена ганаровае званне Герой Сацыялістычнай Працы. Важна заўважыць, што працоўных поспехаў яны дасягнулі ў маладым узросце і ў той перыяд, калі ў ільнаводстве пераважала ручная праца. Але час ішоў і галіну трэба было пераводзіць на прамысловую аснову. 27 снежня 1974 года быў уведзены ў строй новы прамысловы аб’ект — Карэліцкі льнозавод. Прадпрыемства не толькі нарошчвала аб’ёмы выпускаемай прадукцыі, але і пашырала яе асартымент, пастаянна абнаўляла тэхналагічнае абсталяванне і тэхналогію вытворчасці. Неўзабаве Карэліцкі льнозавод стаў базай перадавога вопыту для галіновых спецыялістаў былога СССР.

Што адбывалася на Карэліцкім ільнозаводзе ў 1990-я

Пасля развалу Савецкага Саюза ў Беларусі засталася велізарная колькасць прамысловых прадпрыемстваў. Але рынкаў збыту не было, а для ўласных патрэб столькі заводаў не патрабавалася. Але прадаць або закрыць прадпрыемствы, якія сталі народным здабыткам, у маладога Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі не паднялася рука. Так Беларусь змагла не толькі захаваць прамысловасць, але і вывесці яе на новы ўзровень. Краіна не страціла ніводнага буйнога прадпрыемства. У іх ліку і Аршанскі льнокамбінат, якому патрабавалася сыравіна.

Начальнік вытворчасці Карэліцкага льнозавода Лілія Чачотка прыйшла на прадпрыемства ў 1994 годзе:

Начальнік вытворчасці Лілія Чачотка

— Гэта цяпер вырошчваннем лёну, ад сяўбы да ўборкі, займаецца механізаваны атрад ільнозавода – сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія ведаюць усе тонкасці абыходжання з гэтай капрызнай культурай. Тады ж лён вырошчвалі сельгаспрадпрыемствы, у якіх, шчыра кажучы, не было вялікага жадання займацца паўночным шоўкам, ураджайнасць якога залежыць у асноўным ад надвор’я. У кожным калгасе было па 2-3 льнаводчых звяна, праца – пераважна ручная. На працягу ўсёй  вылежкі на полі лён трэба перавярнуць два разы. Людзі спецыяльнымі доўгімі палкамі пераварочвалі стужкі, затым падымалі і ставілі ў конусы для прасушкі. Потым зноў жа ўручную грузілі на машыны і везлі здаваць на завод. З-за нізкай хуткасці работ ільнотрасту часам даводзілася ўбіраць у канцы лістапада з-пад снегу. Выхад доўгага валакна быў нізкі (ад 150 да 700 кг за змену. Для параўнання цяпер — ад 700 да 1500 т). Зразумела, што чым больш доўгага валакна, тым вышэй заработная плата. Таму даводзілася ісці на выдумку. Бралі ў сваіх бабуль у вёсцы трапалкі і трапалі імі трасту ўручную, каб атрымаць доўгае валакно. Складана было і з заробкам, які часткова выдавалі то коўдрамі, то дыванамі. Потым, вядома, сітуацыя палепшылася, але трэба было развівацца, рухацца наперад.
Добра памятаю, як у 2004 годзе на льнозавод прыехаў наш Прэзідэнт. Ён уважліва вывучыў вытворчасць. У нас на той момант працавалі дзве расійскія лініі па вытворчасці льновалакна. Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што вытворчыя магутнасці завода трэба павялічваць, і для гэтага будзе аказана дзяржаўная падтрымка. Так завадчане атрымалі ўпэўненасць у сваёй будучыні.

Майстар змены Валянціна Сінкевіч прыйшла на завод у няпростым 1991-м:

Майстар змены Валянціна Сінкевіч

— У цахах было холадна, таму што кацельня была газавая, а значыць паліва дарагое. Гэта ўжо потым, у 2000-х, пабудавалі новую, на льнокастры. Цяпер працаваць камфортна, часам нават і горача бывае. Памятаю, што ў 90-х збыту прадукцыі не было. Усе склады заваленыя прадукцыяй, а валакно добрае, нават шкада глядзець было. Вядома, дзякуючы рашэнню Прэзідэнта, які накіраваў фінансы на развіццё льнаводства, справы пайшлі на лад.

Дапамога ад дзяржавы

У 2003 годзе Урад прыняў пастанову «Аб дадатковых мерах па развіцці льнаводства ў рэспубліцы на 2004-2006 гады». Прадугледжвалася выдзяленне з бюджэту грошай на закупку ўгнаенняў, сродкаў абароны раслін, тэхнікі, гаруча-змазачных матэрыялаў і іншых рэсурсаў. Менавіта гэтая дапамога дзяржавы стала пераломнай у развіцці галіны.

Што адбываецца
на «Карэлічы-Лён» сёння

З пачатку 2024 года на прадпрыемстве перапрацавалі 5,4 тысячы тон ільнотрасты. Выраблена 293 т доўгага і 1147 т кароткага льновалакна. За 6 месяцаў выкананы дзяржзаказ у памеры 312 тон, або 104,1% па пастаўцы доўгага льновалакна на Аршанскі льнокамбінат. Кароткае льновалакно адпраўляецца ў Оршу і на “Гранітэкс”. На абодва прадпрыемствы ўжо адгружана 742 тоны, або 112,5% да плана.

На экспарт пайшло 128 т кароткага валакна і 10 т доўгага. Выпушчана 105 т кастрабрыкета, 67 т ільнянога алею і 243 т жмыху на корм сельгасжывёлам.

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі складае 1,3%.

Паспяховая праца прадпрыемства дазваляе нарошчваць заработную плату, якая ў сярэднім па заводзе склала 1751 рубель.

Паспяховае функцыянаванне Карэліцкага льнозавода залежыць ад наяўнасці сыравіны для перапрацоўкі. Сёлета, па словах дырэктара завода Фёдара Жука, віды на ўраджай добрыя. Чакаецца 40 цэнтнераў ільнотрасты на круг. Аднак, як кажуць вопытныя льнаводы, ураджай лічаць не ў полі, а пад шахой. І толькі адно бясспрэчна: калектыў завода накіраваны на развіццё, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і асваенне новых рынкаў.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара і з архіва рэдакцыі