Главная / Новости / Новости района
03.01.2024

Новогоднее интервью с председателем Кореличского райисполкома Геннадием Шатуевым

Адыходзіць у мінулае няпросты 2023 год, які выпрабоўвае на ўстойлівасць і трываласць. Уладзе прыйшлося прыкласці неймаверныя намаганні, каб накіроўваць і падтрымліваць эканоміку, бюджэтную сферу, рабіць усё магчымае, каб раён жыў звычайным жыццём і развіваўся. Якім быў для нас гэты год і чаго чакаць ад новага 2024 года? Пра гэта наша інтэрв’ю са старшынёй Карэліцкага райвыканкама Генадзіем Шатуевым.

— Генадзій Мікалаевіч, чым быў адзначаны і цікавы 2023 год для Карэліцкага раёна?

— Адыходзячы 2023 г. праходзіў пад знакам міру і стварэння. Ключавой яго падзеяй стала ўрачыстая цырымонія перадачы капсулы міру на 25-гадовае захоўванне ў замкава-паркавы комплекс «Мір». Удзел ва ўрачыстасці прыняў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Гэтае пісьмо змогуць прачытаць прадстаўнікі наступнага пакалення. Тады Уладзімір Каранік адзначыў, што аднаўленне Мірскага замка, які шмат пацярпеў ад войнаў і нашэсцяў, сведчыць аб тым, што Беларусь імкнецца да будучыні, абапіраючыся на свае карані. Ён выказаў надзею, што наступная чвэрць стагоддзя пройдзе ў нашай краіне пад знакам міру і стварэння, а нашчадкі працягнуць гэтую справу і надалей.

Напярэдадні Дня Перамогі для зносін з моладдзю прыбыў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вальфовіч, які ўсклаў кветкі да мемарыяла «Зорка» і памятнага знака Герою Савецкага Саюза Яну Фогелю.

Навучэнка сярэдняй школы г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай стала лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу на лепшы пошукавы атрад у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем» у намінацыі «Пошук. Знаходка. Адкрыццё».

У аграгарадку Турэц адкрыты памятны знак воіну-інтэрнацыяналісту Георгію Татуру.

Разам з Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнамі мы працягнулі патрыятычныя аўтапрабегі «Мы разам — значыць мы моцныя» па месцах вайсковай славы і пахавання мірных грамадзян. У цэлым мы, беларусы, даказалі ўсяму свету, што сваю перамогу нікому не аддадзім, не дазволім перапісваць гісторыю і адстаім гістарычную праўду. Нашы імкненні адлюстраваны ў ходзе расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Я бачу, што мы сталі патрыятычней і з’ядналіся ў імя нашай краіны.

— Як ідуць справы ў цэлым у эканоміцы?

— 2023 год стаў адным з самых складаных і напружаных. Рэспубліка Беларусь працавала ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў, у сувязі з чым змянілася геаграфія паставак тавараў, лагістыка. Пры гэтым у няпростых умовах удалося вырашыць галоўныя задачы — захаваць бесперабойную працу прадпрыемстваў і працоўныя месцы. Усе прадпрыемствы раёна прадэманстравалі прыбытковую працу.

Больш падрабязна хачу спыніцца на сферы сельскай гаспадаркі, якая з’яўляецца асноўнай галіной раёна і дзе забяспечваецца атрыманне 74% выручкі. Нягледзячы на складаныя пагодна-кліматычныя ўмовы намалочана 140,5 тыс. тон зерневых і зернебабовых культур, рапсу, зерня кукурузы. Ураджайнасць атрымана ў памеры 59,8 ц/га, пры гэтым у ДП «Племзавод Карэлічы» — 100,6 ц/га, СВК «Маяк-Заполле» — 92 ц/га. Нарыхтавана 32,5 ц кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы, што дазваляе забяспечваць рост прадукцыі жывёлагадоўлі.

У наступным годзе ў раслінаводстве будзем выкарыстоўваць новую тэхналогію пасеву збожжавых культур і рапсу — Strip-Till, з дапамогай якой можна павысіць ураджайнасць раслін у сярэднім на 15-25%. Вопыт такой працы ўжо маюць СВК “Свіцязянка-2003” і “Жухавічы”.

Сур’ёзная работа праведзена як у бягучым, так і ў папярэднія гады ў галіне жывёлагадоўлі. Валавая вытворчасць малака за год складае 93 тысячы тон, што на 8,4% больш за ўзровень мінулага года. Надой на карову складае 7100 кг (упершыню ў гісторыі раёна мы перасягнулі гэтую мяжу), у СВК «Свіцязянка-2003» — 11 670 кг, СВК «Маяк-Заполле» — 9 350 кг, СВК «Жухавічы» — 8 950 кг. У 2024 годзе плануем атрымаць 100 тысяч т малака.

На мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці рэалізавана 17,2 тыс. тон буйной рагатай жывёлы і свіней, план выкананы на 109,4%.

Аб’ёмы прамысловай вытворчасці забяспечаны з ростам на 7% да ўзроўню 2022 года.

ААТ “Карэлічы-Лён” выканала дзяржаўны заказ па пастаўках доўгага і кароткага льновалакна. Амаль 40% кароткага льновалакна пастаўлена на экспарт у РФ і КНР.

Забяспечваюць выкананне паказчыкаў развіцця згодна з бізнес-планам УКП БАН і ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка».

Рознічны тавараабарот арганізацый гандлю вырас на 5,5%, пры гэтым у гандлёвай сетцы рэалізуецца 80% тавараў айчыннай вытворчасці.

У эканоміку раёна ў бягучым годзе інвесціравана больш за 70 млн рублёў, з якіх 83% накіравана ў вытворчую сферу.

Усё гэта дазволіла сфарміраваць сукупныя даходы бюджэту з прафіцытам. Больш за 50% падатковых паступленняў забяспечылі суб’екты малога і сярэдняга бізнесу, індывідуальныя прадпрымальнікі і самазанятыя грамадзяне.

Сярэднямесячная заработная плата вырасла на 11% і склала 1410 рублёў.

Сфера АПК папаўняецца кадрамі: 18 маладых спецыялістаў прыбыло на працу ў адыходзячым годзе.

Абнавіўся машынна-трактарны парк раёна. Набыта 13 трактароў, з іх 5 энерганасычаных, 6 збожжаўборачных камбайнаў, 4 пагрузчыка, 2 самаходных кормараздатчыка, 45 адзінак сельгастэхнікі і агрэгатаў на суму 15,1 млн рублёў.

— Якія меры прымаліся для больш камфортнага жыцця карэліччан?

— Па праграме “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” пабудавана станцыя абезжалезвання і новая артсвідравіна ў в. Радунь на суму 311,6 тыс. рублёў. Завершана будаўніцтва двух кароўнікаў на 610 месцаў і даільна-малочнага блока пры малочнатаварнай ферме ў в. Востухава з аб’ёмам інвестыцый 11,6 млн рублёў. Вядзецца рэканструкцыя кацельні па вул. Гагарына ў г.п. Карэлічы на суму 5,5 млн рублёў. Пасля рэканструкцыі пачалі працу кацельні ў агр. Райца (155,5 тыс. руб.) і ў СШ № 2 г. п. Карэлічы (166,4 тыс. руб.). На будаўніцтва артэзіянскай свідравіны ў агр. Краснае, якое пачнецца ў 2024 годзе, інвестыцыйнай праграмай Гродзенскай вобласці прадугледжана 105 тыс. рублёў.

Завершаны работы па будаўніцтве інжынерных сетак у квартале індывідуальнай забудовы “Зорны” ў г.п. Мір, дзе прадастаўляюцца зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў.

Забяспечваецца выкананне даручэння Кіраўніка дзяржавы па рэалізацыі ініцыятывы “Адзін раён – адзін праект”. ЗАТ “Вольна” правяло рэканструкцыю пустуючага будынка, дзе цяпер рамантуецца электраабсталяванне.

Карэліцкае РУП ЖКГ правяло капітальны рамонт трох жылых дамоў у г.п. Карэлічы агульнай плошчай 3,255 тыс. кв. м на 615 тыс. рублёў.

Адрамантавана 9,5 тыс. кв. метраў дахаў шматкватэрных жылых дамоў на суму 294,5 тыс. рублёў. Гэта 12 шматкватэрных жылых дамоў, уключаючы два інтэрнаты.

На рамонт вулічна-дарожнай сеткі выдзелена 309 тыс. рублёў. Карэліцкім ДРБУ №158 выкананы рамонт вуліц Кастрычніцкая, 8 Сакавіка і Чырвонаармейская ў г.п. Карэлічы. Усяго адрамантавана і здадзена ў эксплуатацыю 14,4 км дарог і вуліц сельскіх населеных пунктаў на суму 2,5 млн рублёў.

Планы па будаўніцтве жылля выкананы на 118,5%. У дадзены момант выконваецца праектна-каштарысная дакументацыя для рамонту інтэрната былога Карэліцкага будаўнічага ліцэя, дзе будзе размешчана арэнднае жыллё для маладых спецыялістаў і тых, хто знаходзіцца на чарзе на яго атрыманне.

Прыемна, што ў раёне назіраецца зніжэнне злачыннасці, колькасці пажараў і гібелі людзей ад іх. Не дапушчана ніводнага выпадку гібелі на вадзе. Для дасягнення гэтых вынікаў праведзена вялікая прафілактычная работа, выдзелены значныя фінансавыя сродкі на забеспячэнне пажарнай бяспекі ўразлівых катэгорый грамадзян. У будынку Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці праведзена мадэрнізацыя сістэмы пажарнай сігналізацыі і сістэмы апавяшчэння аб пажары на суму 57,3 тыс. рублёў.

Дэмаграфічная сітуацыя ў параўнанні з мінулым годам палепшылася: нараджальнасць не знізілася і засталася на ранейшым узроўні, а смяротнасць значна знізілася. Працягласць жыцця склала 75,1 года.

На рэканструкцыю памяшкання прыёмнага пакоя хуткай дапамогі Карэліцкай ЦРБ накіравана 289,9 тыс. рублёў. На рамонт будынкаў і збудаванняў устаноў аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу жыхарам сельскіх населеных пунктаў, выдаткавана 103 тыс. рублёў. На набыццё новага абсталявання для амбулаторый урача агульнай практыкі і фельчарска-акушэрскіх пунктаў выдаткавана 58 тыс. рублёў. У бягучым годзе пачата мадэрнізацыя рэнтгенаўскага кабінета Карэліцкай паліклінікі на суму 550 тыс. рублёў. На днях набылі дзве новыя машыны хуткай медыцынскай дапамогі.

Шмат увагі надаецца фарміраванню ў жыхароў раёна прыхільнасці да актыўнага ладу жыцця. Завершана добраўпарадкаванне возера Быкава, дзе з’явілася дарожка для прагулак і ўтульнае асвятленне. У г.п. Мір пабудавана сучасная міні-футбольная пляцоўка з сінтэтычным пакрыццём. У Карэлічах пачалі працаваць залы цяжкай атлетыкі і трэнажорны.

У парку г.п. Карэлічы пабудавана новая летняя эстрада, якая з надыходам цёплага сезона пачне сваю працу.

— Што б Вы хацелі пажадаць жыхарам Карэліччыны?

— Як кіраўнік раёна я перш за ўсё хачу падзякаваць усім за працу. Мы не дапусцілі зніжэння паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, ажыццявілі добры зачын на наступныя гады. Цёплых слоў заслугоўваюць работнікі сацыяльнай сферы: медыцыны, адукацыі, культуры.

Хачу, каб у надыходзячым годзе раён развіваўся ва ўсіх напрамках: у сферы сельскай гаспадаркі, прамысловай вытворчасці, будаўнічага комплексу. Каб установы сацыяльнай сферы   маглі рэалізаваць увесь патэнцыял маладога пакалення, каб нашы дзеці раслі ў дабрабыце, а нашы пажылыя людзі адчувалі падтрымку і ўвагу.

Вельмі хачу, каб жыхары раёна як мага менш хварэлі, каб былі мір і згода. Каб не толькі ў гэтыя пераднавагоднія дні, але і на працягу ўсяго наступнага года ўсіх атачалі шчасце, каханне, дабрабыт.

Яркіх поспехаў, высокіх дасягненняў, радасці і выканання ўсіх запаветных жаданняў! З Новым годам!